Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: У барацьбе з п’янствам нельга пераціснуць


Аляксандр Лукашэнка абяцае новыя захады ў барацьбе з пʼянствам, але ўпэўнены, што толькі забаронамі праблему не вырашыць. Пра гэта ён заявіў 8 сьнежня, размаўляючы ў Менску з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «Камволь».

«Цяпер, гляджу, у СМІ разгарнуліся дэбаты: забараніць, не прадаваць, пакараць. Ну, калі вы хочаце жулікаў разьвесьці, якія будуць з-пад крыса, — таксісты і іншыя, — прадаваць ноччу і позна ўвечары алькаголь і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць. Забароны, як паказвае гісторыя, вынікаў яшчэ не давалі», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзыдэнта.

Ён упэўнены, што трэба больш увагі надаваць здароваму і актыўнага ладу жыцьця на ўсіх узроўнях — ад сямʼі да дзяржавы. «Для гэтага мы стварылі ідэальныя ўмовы. У цяжкай сытуацыі пабудавалі столькі абʼектаў. Сёньня выдзяляем добрыя грошы для трэнэраў, — сказаў Лукашэнка. — Але гэта працяглы пэрыяд часу. Не думайце, што мы закрылі дзесьці пункт, перасталі прадаваць і дамагліся выніку.

Замест гэтага пункта два будуць адкрыты ў іншым месцы. Створым дэфіцыт — падгонім цану і будзем потым лавіць гэта жульлё. Таму ў мяне шмат на стале прапаноў. Я даручыў прапрацаваць іх. Сапраўды, з гэтай праблемай трэба нешта рабіць».

Сапраўды, акцызы на алькаголь і тытунь — гэта вялікія падаткі.

«Маю пазыцыю ў гэтым пляне вы ведаеце. Я чалавек, які амаль не пʼе. Можна сказаць, мала пʼе. Але гэта мая пазыцыя, мая думка. Людзі ж жывуць паводле законаў вызначаных і ўласных уяўленьняў пра жыцьцё, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ну вось мы сабраліся тут... У нас што, непітушчыя тут усе. Ну давайце перастанем піць столькі і будзем па сьвятах выпіваць або з нагоды адкрыцьця новай вытворчасьці, і ўсё будзе нармальна. Гэта вельмі цяжкая, складаная праблема».

Як зьвярнуў увагу Лукашэнка, некаторыя заяўляюць аб тым, што праблема курэньня і пʼянства зьвязана з тым, што дзяржава хоча папоўніць бюджэт. «Гэта апошнія нягоднікі і ворагі беларускай дзяржавы. Сапраўды, акцызы на алькаголь і тытунь — гэта вялікія падаткі (вы чулі, нядаўна праводзіў нараду), ад тытуню мы атрымаем у гэтым годзе 0,5 млрд долараў у бюджэт. Гэта пяць вашых такіх прадпрыемстваў. Калі мы толькі цяпер гэты акцыз зьнізім або алькаголю пагнем менш вырабляць, да нас прывязуць барматуху з Расеі, Украіны, з Захаду. Толькі адкрый — усё сюды хлыне. І акцызаў не атрымаем, і піць менш не станем. Таму гэта такія размовы, як я кажу па-народнаму, „плявузганьне“. Любая дзяржава ўводзіць акцызы і атрымлівае ад гэтага падаткі», — падкрэсьліў ён.

Міністэрства ўнутраных спраў прапаноўвае ўвесьці строгія меры ў сфэры абароту алькаголю. У ведамстве прапаноўваюць не прадаваць алькаголь з 23.00 да 9.00 раніцы, а ў крамах з плошчай гандлёвай залі 1.000 кв. м і больш абсталяваць для алькаголю асобную залю. Акрамя таго, сярод прапаноў — павялічыць узрост, калі можна купіць алькаголь, з 18 гадоў да 21 года, абмежаваць продажу алькаголю на аўтазапраўках.

Паводле інфармацыі МУС, кожнае чацьвёртае злачынства ў краіне ўчыняецца ў стане алькагольнага апʼяненьня. Сярод цяжкіх злачынстваў (забойства, разбоі, рабаваньні) гэта лічба складае 70–80%.

Паводле дадзеных СААЗ, у разьліку на душу насельніцтва Беларусь займае другое месца ў сьвеце па вытворчасьці і ўжываньні алькаголю (15 л на чалавека), саступаючы толькі Літве (16 л), абагнаўшы Латвію (13 л), Расею і Польшчу (па 12 л).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG