Дыскусіі пра надпіс на пячатцы з Лаўрышаўскага манастыра не сьціхаюць у інтэрнэце. Свабода перадае меркаваньні прыхільнікаў абедзьвюх вэрсіяў: пра грэцка-кірылічны надпіс і пра надпіс на габрайскай мове.
Пры раскопках у Наваградзкім раёне быў знойдзены невялікі прадмет, ідэнтыфікаваны прафэсарам Сяргеем Рассадзіным як матрыца-пячатка, вырабленая са сланцавага каменю. Надпіс на пячатцы спэцыялістка ў галіне эпіграфікі Іна Калечыц расшыфравала як «Сьвятая пустынь», прычым «сьвятая» запісана грэцкай абрэвіятурай, а «пустынь» — кірыліцай. Гісторыкі датуюць пячатку XIII стагодзьдзем. Супрацоўнік Радыё Свабода Сяргей Шупа зьвярнуў увагу на тое, што надпіс можна лёгка ідэнтыфікаваць як יצחק אייזיק — імя Іцхак-Айзік, напісанае габрэйскім квадратным шрыфтам, адно што з-за пашкоджаньня матрыцы не чытаецца апошняя літара.
Відавочнасьць такога прачытаньня адназначна пацьвердзілі і некалькі навукоўцаў з Ізраілю, да якіх мы зьвярнуліся — філёлягі, гісторыкі, спэцыялісты іншых дысцыплінаў.
Рассадзін: Несур’ёзныя рэчы не бяруся камэнтаваць
Прафэсар Рассадзін распавёў Свабодзе, што ня ставіцца сур’ёзна да аналізу надпісу па фота і «габрэйскай вэрсіі» чытаньня надпісу:
«Мала што там нехта піша, што гэты надпіс па-этруску ці яшчэ як чытаецца! Гэта звычайная справа, дылетанты і славянскую графіку на Фэсцкім дыску бачаць. Разумееце, спэцыялісты з фатаздымкамі ніколі не працуюць, асабліва з фатаздымкамі ня першай якасьці. Прэзэнтацыя пячаткі будзе 1 лістапада, 6-га ў Акадэміі навук будзе канфэрэнцыя па Вялікім княстве, зь Інай Леанідаўнай Калечыц (аўтаркай грэцка-кірылічнай расшыфроўкі надпісу. — РС) будзем рабіць даклад па гэтай пячатцы, ёсьць дамоўленасьць, што публікацыя будзе ў «Беларускім гістарычным часопісе». То бок нармальная навуковая прэзэнтацыя адбудзецца, абнародуем саму знаходку, якасную выяву і прачытаньне.
Але калі нехта па здымку зьнешняга выгляду знаходкі ўсё прачытаў — віншую такіх чытцоў зь веданьнем іўрыту. Але ж вы разумееце, я маю навуковую рэпутацыю сур’ёзную, несур’ёзныя рэчы не бяруся камэнтаваць. Ёсьць спэцыялісты-эпіграфісты менавіта па старажытнарускай графіцы, акрамя Іны Леанідаўны Калечыц нашай, ёсьць маскоўскія спэцыялісты сусьветнага клясу, знаёмыя з гэтай вэрсіяй. Але я рады, задаволены, што ўзьнікла гэтая габрэйская тэма, бо дзякуючы гэтаму кур’ёзу пра нашу знаходку даведаюцца і ў Ізраілі, і ў ЗША, дзе ёсьць габрэйскія абшчыны. Рады, што пячатка становіцца гераіняй дэтэктыву. Але рэакцыі габрэйскіх спэцыялістаў не было, што характэрна, і наўрад ці будзе, бо там людзі сур’ёзныя. Я, напрыклад, знаёмы з францускім прафэсарам Канстатынам Цукэрманам, ён у курсе, пасылаў у тым ліку яму інфармацыю пра знаходку, відэасюжэт.
Была праваслаўная Русь там, а не язычніцкая Літва, вось пачатак нашай Беларусі
Ёсьць яшчэ такі момант, што «Іцхак-Айзік»... Разумееце, пячатка са старажытнарускага сланцу, датуецца яна, відаць, менавіта другой паловай XIII стагодзьдзя, а першае ўзгадваньне габрэяў на тэрыторыі Беларусі адносіцца да XV стагодзьдзя. Пячатка ёсьць, а габрэяў няма? Мо ў нас не царква Ўсьпенская, а сынагога там стаіць, а мы не зразумелі гэтага?
Тут, зразумела, жаданьне — „забіць“ Рассадзіна, закрыць манастыр як адкрыты археалягічны помнік. Манастыр жа знаходзіцца ў межах гэтай ліпавай „Літвы“, язычніцкай Літвы паводле Ермаловіча (гісторык Мікола Ермаловіч лічыў, што старажытная Літва знаходзілася прыкладна на сутыку сучасных Берасьцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласьцей, ахопліваючы і тое месца, дзе стаіць Лаўрышаўскі манастыр. — РС), але ніводнага літоўскага помніка там няма, ні XIII, ні XIV, ні XV стагодзьдзяў, а старажытнарускі манастыр праваслаўны ёсьць у гэтай Літве. Была праваслаўная Русь там, а не язычніцкая Літва, вось пачатак нашай Беларусі».
Габрэйскія спэцыялісты: На пячатцы імя - Іцхак-Айзік
З просьбай выказаць сваё меркаваньне наконт тэксту на пячатцы мы зьвярнуліся да доктара Лары Лемперт зь Віленскага ўнівэрсытэту — выкладчыцы іўрыту, гісторыка культуры габрэяў Эўропы, якая атрымала адукацыю ў Ерусаліме, Оксфардзе і Нью Ёрку:
«На пячатцы чытаецца запісанае іўрыцкімі літарамі імя Іцхак-Айзік — тыповае для габрэяў-ашкеназаў (г. зн. габрэяў Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы) падвойнае мужчынскае імя, першы элемэнт якога складае імя, узятае зь Бібліі, а другі — яго адпаведнік на ідышы».
Такое самае меркаваньне Свабодзе выказалі некалькі рабінаў, добра знаёмых з іўрытам і ідышам. Падрабязна пра надпіс на пячатцы распавёў Свабодзе рабін гораду Віцебску Шымшон Даніэль Ізаксон, які ў якасьці хобі калекцыянуе старажытныя габрэйскія пячаткі.
Я бачыў фота гэтай пячаткі, там напісана на іўрыце „Іцхак-Айзік“, іншых варыянтаў ням
«Я бачыў фота гэтай пячаткі, там напісана на іўрыце „Іцхак-Айзік“, іншых варыянтаў няма. Хіба там у слове „Айзік“ адламалася апошняя літара. Але гэта іўрыт ці ідыш — і тое, і другое пісалася аднолькавымі літарамі, імёны і там, і там пішуцца прыкладна аднолькава.
Пячаткі, што я калекцыяную, больш новыя, XV–XVI стст., там ёсьць падобныя надпісы. Калі гэтая пячатка атрыбутаваная XIII стагодзьдзем, то, вядома, ёсьць пытаньні. Беларускія пячаткі, што я бачыў у іншых калекцыянэраў і ў продажы, усе маладзейшыя. Самыя раньнія, што я бачыў зь беларускіх, яны XV стагодзьдзя. Але вунь у Ізралілі дзіцё нядаўна капалася ў сьмецьці каля Храмавай гары, знайшло пячатку III стагодзьдзя да нашай эры. Традыцыя такіх пячатак вельмі даўняя.
Габрэі тут жывуць шырока, як я ведаю, 400–500 гадоў — мо гэта быў які купец? Тады ў габрэяў, напэўна, не было зямлі, абшчыны з рабінам таксама, хутчэй за ўсё, не было. Я так думаю, што з улікам ганеньняў і пагромаў у Эўропе габрэй мог там апынуцца ў той час — купец, напрыклад. Цікавы момант, што на пячатках XVII–XVIII стагодзьдзя ёсьць дзясятак абрэвіятур, якія могуць сьведчыць пра статус рабіна, але на пячатках больш даўніх іх хіба адзінкі. Таму вызначыць, рабін ці не рабін гэта, па адсутнасьці абрэвіятуры побач зь імем нельга».