Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт тэлеканалу «1+1»: «Замежныя журналісты — непажаданыя госьці ў Беларусі»


Украінскі журналіст Яўген Плінскі
Украінскі журналіст Яўген Плінскі

Украінскі журналіст Яўген Плінскі, здымачную групу якога затрымалі на мяжы і абшукалі беларускія мытнікі, лічыць, што гэта была спроба паказаць замежным карэспандэнтам, што яны непажаданыя госьці ў Беларусі.

Такім чынам беларускія ўлады спрабуюць наагул адбіць у замежных журналістаў жаданьне наведваць Беларусь. Каб не псавалі імідж Беларусі ў сьвеце.

Здымачную групу ўкраінскага канала «1+1», якая рыхтавала матэрыял для праграмы «Ўкраінскія сэнсацыі», некалькі гадзін абшуквалі беларускія мытнікі ў Новай Гуце, нягледзячы на тое, што група была афіцыйна акрэдытаваная ў Беларусі. Аўтамабіль загналі ў бокс, разабралі, людзей прымусілі разьдзецца да бялізны. Мытнікі таксама спрабавалі канфіскаваць адзьнятыя відэаматэрыялы. Урэшце без тлумачэньняў адпусьцілі. Яўген Плінскі ўжо ў Кіеве. Ён даў інтэрвію Радыё Свабода.

— Яўген, ці ўдалося захаваць вам самае дарагое для журналіста — адзьнятыя відэаматэрыялы?

— Так. Усе відэаматэрыялы засталіся ў нас. Іх спрабавалі канфіскаваць, так бы мовіць, добраахвотным шляхам. То бок не гвалтоўным мэтадам, што маглі зрабіць без праблем, а дамагаліся, каб мы самі добраахвотна іх аддалі. Але паколькі мы адмовіліся аддаць карткі, якія былі вынятыя з апаратуры, нам учынілі асабісты агляд і распранулі да майткоў. Карткі давялося выняць з кішэняў, але мы не аддалі. Мытнікі ціснулі на тое, каб мы паказалі, што адзьнялі, але мы адмовіліся. Не далі магчымасьці патэлефанаваць наагул, ні ў нашу рэдакцыю, ні ў МУС, МЗС — ні ў беларускі, ні ва ўкраінскі, ні ў Дзяржаўны мытны камітэт. Але адбіраць не адважыліся, карткі засталіся ў нас.

— На вашу думку, чаму да вас была такая пільная ўвага? Можа, вы нешта парушылі?

— Тэма нашага праекту «Ўкраінскія сэнсацыі» была гэтым разам — 30-я гадавіна трагедыі ў Чарнобылі. Мы наведвалі Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У нас была акрэдытацыя беларускага МЗС, допуск Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі на тэрыторыю запаведніка, дазвол Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на наведваньне памежнай зоны. З намі пастаянна быў і суправаджаючы — прадстаўнік прэс-службы памежнага камітэту з Гомеля. То бок усё было па законе, і праводзіць падобныя працэдуры ў дачыненьні да нас у мытнікаў, што да гэтай паездкі, не было.

Мы мяркуем, што прычынай стала рэакцыя сілавых структур на нашу працу ў Беларусі падчас папярэдняй паездкі, якая адбылася ў сакавіку. Тады наша рэдакцыя падрыхтавала некалькі матэрыялаў пра жыцьцё ў Беларусі, распавяла пра адносіны Расеі, Украіны і Беларусі пасьля пачатку ваеннага канфлікту, распавялі пра жыцьцё беларускіх чыноўнікаў, пра рэзыдэнцыі Лукашэнкі, пра бізнэс ягонай сям’і. Магчыма, гэта была рэакцыя на нашы рэпартажы. Наш праект «Украінскія сэнсацыі» заўсёды стараецца паказаць ня толькі прыгожую вітрыну падзеяў, але і адваротны бок, і не заўсёды гэта прыемныя рэчы для чыноўнікаў. Я думаю, гэта было нам папярэджаньне, каб паставіць нас перад выбарам: працаваць далей у Беларусі, спрабаваць здымаць — альбо спыніцца.

Я мяркую, гэта была спроба паказаць нам, што мы непажаданыя госьці ў Беларусі з падобнымі матэрыяламі, і такім чынам спрабуюць наагул адбіць жаданьне ў замежных журналістаў наведваць Беларусь. Каб не псавалі імідж Беларусі ў сьвеце.

— Бываючы ў Беларусі, вы гледзіце беларускія тэлеканалы?

— Канечне, і нават ведаем анэкдот: самі беларусы хочуць жыць у той краіне, якую паказваюць па Беларускім тэлебачаньні. Мы ведаем, што тэлебачаньне манапалізаванае дзяржавай, што ўсе навіны пачынаюцца з прыгожых словаў прэзыдэнта і рэпартажаў пра чарговыя паляпшэньні ў краіне. Калі ты праводзіш у Беларусі дзень-два, магчыма, з гэтым і можаш пагадзіцца. Але калі ты праводзіш некалькі тыдняў і паглыбляесься ў працэсы, якія тут адбываюцца, ты пачынаеш разумець, што гэта ўмела створаная ілюзія, прыгожая карцінка дабрабыту і парадку ў краіне. Беларуская ўлада ганарыцца чысьцінёй на вуліцах, якая прыводзіць у замілаваньне замежнікаў. І дакладна гэтак жа ўлада спрабуе дамагчыся чысьціні ў галовах. Але гэта не свабода, а спроба стварыць стэрыльнасьць у галовах, каб ніводнай бактэрыі, ніводнага нязгоднага не было. Таму асноўны ўдар робіцца па СМІ: вашых журналістаў не акрэдытуюць, а з замежнікамі паступаюць так, як вось зараз з намі.

— Што вы зьбіраецеся рабіць далей? Ці будзеце скардзіцца, патрабаваць тлумачэньняў?

— Абавязкова! У межах закону мы зьбіраемся дзейнічаць. Цяпер рыхтуем запыты і лісты ў МЗС Беларусі, у Дзяржаўны мытны камітэт. Украінскі МЗС ужо аказвае нам падтрымку і дапамагае. Які будзе вынік, пакуль складана казаць. Але мы будзем выкарыстоўваць усе інструмэнты, каб дамагчыся тлумачэньняў. Зразумела, нас на мяжы чакалі, нашы прозьвішчы былі ў нейкіх сьпісах. Але чыё было распараджэньне — выказаць украінскім СМІ сваё «фэ» — наўрад ці мы даведаемся.

— А ці зьбіраецеся яшчэ ў Беларусь? Ці «гасьціннасьць» беларускіх мытнікаў адбіла такое жаданьне надоўга?

— Спачатку мы хочам разабрацца з інцыдэнтам, ну, а потым зноў атрымаць акрэдытацыю (калі нам яе дадуць). Калі дадуць — з задавальненьнем прыедзем, нам Беларусь вельмі цікавая. Па водгуках беларускіх журналістаў, нашы ранейшыя матэрыялы добра праглядаюцца ў Беларусі ў інтэрнэце, нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўкраінскія тэлеканалы не прадстаўленыя ў эфірнай сетцы. Таму мы будзем працягваць працаваць ня толькі для ўкраінскага гледача, але і для вашага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG