Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды паляціць «танкалёт»? Boeing убралі ў ліўрэю World of Tanks


29 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» прызямліўся незвычайны Boeing 737-300 авіякампаніі «Белавія» — у ліўрэі гульні World of Tanks.

Арыгінальны борт пафарбаваны ў асноўным у чорны колер, па фюзэляжы — аранжавы арнамэнт, а на хвасьце — белы васілёк. На ліўрэі напісана: «Гульня зь Беларусі, якую ведае ўвесь сьвет».

Дызайн расфарбоўкі распрацоўваў Wargaming, зацьвердзілі толькі трэці варыянт. Фарбавалі самалёт у чэскай Астраве. Дзеля гэтага 13 адмыслоўцам спатрэбілася 300 літраў фарбы і 450 квадратных мэтраў трафарэтаў.​

Спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю СТАА «Геймстрым», распрацоўшчык гульні World of Tanks Іван Жывіца ў эксклюзіўным інтэрвію распавёў Радыё Свабода, чаму кампанія абрала самалёт, а ня танкі.

— У вас ёсьць гульня ня толькі World of Tanks, але і World of Warplanes — пра самалёты, і нават пра караблі — World of Warships. Чаму на самалёт нанесьлі лягатып гульні пра танкі, а не пра самалёты?

— Мабыць, World of Tanks — наша самая першая і самая пасьпяховая і вядомая гульня.

У нас ёсьць вялікае жаданьне прасоўваць дзякуючы нашаму партнэрству з авіякампаніяй «Белавія» брэнд Беларусі па-за межамі Беларусі.

Ні для кога не сакрэт, што наша гульня вельмі папулярная ва ўсім сьвеце, ня толькі ў Беларусі. І часьцяком нашых супрацоўнікаў, якія ходзяць у майках Wargaming ці World of Tanks, пазнаюць і выказваюць знакі павагі, прызнаньня, просяць, каб мы разьвівалі гульню.

Так што гульня папулярная ва ўсім сьвеце — у нас 110 мільёнаў рэгістрацыяў. А «Белавія» лятае ў 28 краінаў сьвету. Адпаведна, мы вырашылі аб’яднаць высілкі і зрабіць прыемны сюрпрыз для нашых гульцоў — ім будзе цікава палятаць на такім цікавым і прыгожым самалёце з такім незвычайным брэндаваньнем, — і ў цэлым папулярызаваць брэнд Беларусі за межамі краіны.

Беларусі ж ёсьць чым ганарыцца, у тым ліку і ІТ-тэхналёгіямі. У нас ёсьць Парк высокіх тэхналёгіяў, у нас ёсьць MSQRD, куплены Фэйсбукам, у нас ёсьць гульня World of Tanks, вядомая за мяжой. І мы вырашылі абвясьціць на ўвесь сьвет, што гэта ўсё Беларусь.

Там ёсьць і беларускі арнамэнт, і сымбаль краіны — васілёк. Нават на сёньняшнім мерапрыемстве прысутнічалі карэспандэнты замежных СМІ, у тым ліку з ВВС, Reuters. То бок мы тут маем некалькі мэтаў, ёсьць і маркетынг, і PR. Але мы вельмі хочам вывесьці брэнд Беларусі на больш высокі ўзровень.

— А куды б вы хацелі, каб гэты брэндавы самалёт лятаў?

— Гэта ўжо не ад нас залежыць, а ад «Белавія». Але самалёт будзе лятаць ва ўсе 28 краінаў, куды выконвае авіярэйсы наш авіяперавозьнік. Думаю, найчасьцей ён будзе лятаць у эўрапейскія краіны, у блізкае замежжа — Маскву, Пецярбург, Кіеў.

Я спадзяюся, што ва ўсіх краінах пабачаць наш незвычайны самалёт, і ён прыцягне ўвагу як турыстаў, якія проста вандруюць, так і спотэраў, то бок тых людзей, якія цікавяцца незвычайнымі самалётамі, фатаграфуюць іх, распаўсюджваюць інфармацыю. Мне падаецца, усім гэта будзе цікава.

Сёньня на імпрэзе прысутнічала каля 90 журналістаў, многія ўжо напісалі, што гэта вельмі круты, незвычайны самалёт, які прыцягвае ўвагу да сябе.

— А вы зьбіраецеся фарбаваць караблі, цягнікі, тралейбусы, трамваі?

— Пакуль не зьбіраемся. Гэта для нас першы досьвед — вельмі цікавы, эксклюзіўны. Трэба паглядзець на рэакцыю людзей, зрабіць высновы і пасьля гэтага прыдумляць новыя фішкі».

Першы рэйс накіруецца ў Маскву 30 ліпеня. Самалёт будзе лятаць да 8 жніўня, а потым завітае ў Вільню, дзе яму абновяць салён — каб і сярэдзіна адпавядала новаму абліччу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG