На пачатку ліпеня расейскія мас-мэдыі расказалі пра посьпех двух беларускіх праграмістаў Генадзя Караткевіча і Адама Бардашэвіча, студэнтаў Унівэрсытэту ІТМО, якія выйгралі 16 000 даляраў у фінале чэмпіянату па праграмаваньні VK Cup 2016. Гэты чэмпіянат лічыцца найбуйнейшым у расейскамоўным сьвеце спаборніцтвам праграмістаў.
Караткевіч родам з Гомелю, і закахаўся ў праграмаваньне яшчэ ў сваім родным горадзе, дзе ён зрабіў першыя крокі ў кампутарнай навуцы. У заходніх мэдыях яго ўжо называюць «легендай», хоць яму ўсяго 21 год. «Адзіны чалавек, які зарабляе на жыцьцё праграмавальным спортам», ён заваяваў усе магчымыя тытулы: Facebook Hacker Cup, Google Code Jam, Чэмпіянаты сьвету па праграмаваньні і шэсьць залатых мэдалёў запар у Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы.
Аднак, Караткевіч тут не выключэньне.
Калі паглядзець на зводны рэйтынг Міжнародных алімпіядаў па інфарматыцы, штогадовых спаборніцтваў для вучняў сярэдніх школ, якія праводзяцца ад 1989 году, мы пабачым Беларусь сярод 15 найлепшых у сьвеце (6-ае месца ў Эўропе).
У рэйтынгу Міжнародных алімпіядаў па інфарматыцы Беларусь - сярод 15 найлепшых у сьвеце (6-ае месца ў Эўропе).
Моцныя традыцыі навукова-тэхнічнай адукацыі ў Беларусі сягаюць каранямі ў савецкія часы. Тым часам як гуманітарныя навукі дагэтуль стрымваюцца абмежаваньнямі праз слабасьць дэмакратычных свабодаў і традыцый, свабодная ад ідэалягічных бар’ераў тэхнічная адукацыя ў Беларусі квітнее. У выніку больш за 3 500 маладых беларусаў штогод атрымліваюць дыплёмы праграмістаў і спэцыялістаў інфармацыйных тэхналёгіяў у 14 унівэрсытэтах краіны.
Запас мясцовых тэхнічных талентаў і дзяржаўная палітыка падтрымкі распрацоўнікаў праграмнага забесьпячэньня былі дзьвюма галоўнымі прычынамі таго, што Беларусь стала адным з найважнейшых у Эўропе рэгіёнаў ІТ-аўтсорсінгу. «Беларусь — новая Крэмніевая даліна?» пытаецца агенцтва Ройтэрз.
Усё пачалося з EPAM Systems, кампаніі вырабу замоўнага праграмнага забесьпячэньня, заснаванай у Беларусі і ЗША двума колішнімі менскімі аднаклясьнікамі. Сёньня гэта глябальны гігант распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня з капіталізацыяй больш чым 3 мільярды даляраў, офісамі ў 23 краінах і 18 тысячамі супрацоўнікаў. Галоўны навукова-дасьледны цэнтар кампаніі дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі, дзе ва ўсіх рэгіянальных аддзяленьнях працуюць больш за 7 000 чалавек.
Усяго ў Беларусі, паводле маніторынгу рэсурсу dev.by, працуе каля 1000 тэхнічных фірмаў, зь якіх у 50 вядучых занята ад 100 да 7000 супрацоўнікаў у кожнай. На сёньняшні дзень у Беларускім парку высокіх тэхналёгіяў (БПВТ) разьмешчана 159 мясцовых фірмаў, у якіх працуюць 25 000 прафэсіяналаў. Парк быў заснаваны ў 2005 годзе ўказам Лукашэнкі і гарантуе яго рэзыдэнтам спрыяльны падаткавы рэжым, што істотна зьніжае апэрацыйныя выдаткі.
Каб забясьпечыць патрэбу ў кваліфікаваных спэцыялістах, усё больш тэхналягічных кампаніяў укладае сродкі ў беларускую сыстэму адукацыі. З гэтай мэтай ва ўнівэрсытэтах краіны адрыта 65 навукова-дасьледных лябараторыяў пад кіраўніцтвам рэзыдэнтаў БПВТ.
На фоне паглыбленьня крызісу ў традыцыйных сэктарах беларускай эканомікі, у краіне назіраецца высокатэхналягічнай індустрыі.
На фоне паглыбленьня крызісу ў традыцыйных сэктарах беларускай эканомікі, у краіне назіраецца рост высокатэхналягічнай індустрыі. Улічваючы, што сярэдні заробак у сфэры тэхналёгіі ў Беларусі ($1,600) у 2015 годзе перавысіў сярэдні заробак у іншых галінах прамысловасьці ($420) у чатыры разы, працоўны рынак у сфэры ІТ адзначыўся рэкорднай колькасьцю заяваў на адкрытыя працоўныя вакансіі ад кандыдатаў з самых розных сфэраў. Колькасьць розных курсаў і сэмінараў па праграмаваньні для дарослых і дзяцей таксама дасягнула найвышэйшага за апошнія гады ўзроўню.
Посьпехі беларускіх прадуктовых кампаніяў (Wargaming, Apalon, Masquerade), а таксама ўваход на беларускі рынак сусьветных ІТ-лідэраў, стымулявалі разьвіцьцё экасыстэмы мясцовых стартапаў. Галоўнай праблемай тут застаецца поўная адсутнасьць мясцовых вэнчурных капіталістаў і супольнасьці прыватных інвэстараў.
Сьвет напэўна яшчэ пачуе імёны новых таленавітых праграмістаў зь Беларусі, накшталт Генадзя Караткевіча. Калі толькі беларускія ўлады ня зьменяць правілаў гульні ў ІТ-сэктары, як гэта ня раз здаралася ў іншых галінах прамысловасьці.