У прыватнасьці ахвярамі нападу сталі працы беларускага фатографа Аляксандра Васюковіча і карэспандэнта Los Angeles Times Сяргея Лойкі. Аўтарскія фотаздымкі былі прысьвечаныя вайне ва Ўкраіне і не спадабаліся мясцовым прыхільнікам «русского мира».
На выявах Аляксандра Васюковіча — групавыя здымкі ўкраінскіх удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Многія салдаты перакрэсьленыя чырвонымі крыжамі — іх ужо няма сярод жывых.
Супрацоўнікі Сахараўскага цэнтру ў парадку выключэньня дазволілі журналісту Радыё Свабода ацаніць наступствы несанкцыянаванай атакі: пустыя сьцены, дзе віселі працы Васюковіча і Лойкі, раскіданыя аркушы паперы з надпісам, што гледачы не змаглі пабачыць з-за непрадказальнага форс-мажору.
28 верасьня расейскі актывіст Антон Белікаў заліў фарбай выстаўленыя на выставе фотаздымкі. На наступны дзень група невядомых асобаў зноў завітала ў цэнтар і парвала экспанаты, якія ім «не спадабаліся». Адметна, што пагромшчыкаў суправаджаў дэпутат Дзьмітры Захараў, які трымаў слоік чырвонай фарбы з надпісам «Кроў дзяцей Данбасу, забітых украінскім войскам».
А напярэдадні «змагары» наведаліся зноў і канчаткова расправіліся з творамі — садралі са сьцяны лісты паперы з інфармацыяй пра тое, якія здымкі былі на гэтым месцы. Супрацоўнікі цэнтру ня сталі прыбіраць сьляды злачынства і зьвярнуліся ў праваахоўныя органы.
Якраз у часе знаходжаньня карэспандэнта Свабоды ў памяшканьні сюды прыйшоў супрацоўнік паліцыі, які пацікавіўся, ці ня ёсьць мэтай візыту чарговая «правакацыя». Пераканаўшыся, што такіх плянаў ніхто ня мае, сказаў, што паводле факту вандалізму будзе пачатае разьбіральніцтва.
Адпачатку меркавалася, што выстава працягне працу да 19 кастрычніка.