Паводле самога аўтара, кніга «Высьпятак ад Скарыны» — гэта ягоны ўнёсак у асаблівы для ўсіх беларусаў юбілей — 500-годзьдзе кнігадрукаваньня ў Беларусі. У кнізе 42 тэксты: 21 эсэ Міхася Скоблы і 21 ягонае інтэрвію з рознымі людзьмі. Да кожнага тэксту аўтар падабраў эпіграф ад Францішка Скарыны.
Героі кнігі вельмі розныя: гісторык Юры Туронак, які ў свой час напісаў «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»; прафэсар Іван Лепешаў, які працаваў ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы і складаў фразэалягічныя слоўнікі беларускай мовы; гісторык Алесь Краўцэвіч; расейская дысыдэнтка Валерыя Навадворская, якая чытала на памяць «Пагоню» Максіма Багдановіча і лічыла, што ў гэтым вершы нацыянальная праграма беларусаў; пісьменьнік Леанід Дайнэка, які напісаў найбольш гістарычных раманаў у Беларусі; археоляг Сяргей Тарасаў, які дакладна і аргумэнтавана апісаў, дзе знаходзіцца крыж Эўфрасіньні Полацкай; паэт Уладзімер Някляеў; кнігазнаўца Мікалай Мікалаеў; адзіны ў Беларусі доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая; Аляксандар Фядута, які апублікаваў дзёньнік Мураўёва-вешальніка; паэт Ігар Шклярэўскі, які родам зь Беларусі, але жыве ў Маскве і лічыць сябе расейскім паэтам...
Сьпіс герояў доўжыцца, і Міхась Скобла імкнуўся пра кожнага сказаць хоць некалькі слоў.
Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, прамаўляючы падчас прэзэнтацыі, заўважыў, што Міхась Скобла ня толькі таленавіты паэт і публіцыст, але і таленавіты крытык:
«Я гэтую кнігу прачытаў і бачу, што тут ёсьць, акрамя цікавай інфармацыі, і крытыка, але крытыка істотная і бяз лаянкі. Гэтую кніжку варта чытаць, бо яна напісана шчыра. Аўтара ў першую чаргу хвалюе беларушчына: беларуская дзяржаўнасьць, беларуская культура і беларуская мова. А гэта вельмі істотна».