Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэальная пагроза ў рэгіёне з разьмяшчэньнем базы ўзрасьце — і Захад ня будзе на гэта абыякава глядзець»


Чаму ў 2015 годзе тэма магчымага разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі стала адной з прынцыповых для палітычнага жыцьця краіны? Ці мае гэтае пытаньне толькі геапалітычнае — альбо таксама і ваенна-стратэгічнае значэньне? Як Захад рэагуе на магчымае зьяўленьне гэтай базы?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды. Вынікі году» адказваюць старшыня БНФ Аляксей Янукевіч і незалежны ваенны экспэрт Аляксандар Алесін.

Цыганкоў: Адной з галоўных тэмаў беларускай палітыкі ў 2015 годзе стала магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Чаму гэтак адбылося, у чым надзвычайная важнасьць гэтай праблемы для беларускага ўнутрыпалітычнага і замежнапалітычнага жыцьця?

«А для Беларусі гэтая база цалкам не патрэбная, бо яе разьмяшчэньне можа сапсаваць цяперашнія геапалітычныя расклады».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Янукевіч: Я б у першую чаргу казаў пра геапалітычную пэрспэктыву. Пасьля таго як Расея разьвязала канфлікт ва Ўкраіне, яна ў нашым рэгіёне відавочна разглядаецца як агрэсар і чыньнік нестабільнасьці. Беларусь у гэтым кантэксьце заняла дастаткова нэўтральную пазыцыю, што дапамагло Менску нармалізаваць стасункі з Захадам у пэўнай ступені.

Разьмяшчэньне базы патрэбнае Расеі, каб даказаць Захаду, што яна ўсё яшчэ моцная краіна, полюс сілы ў сьвеце, мае прэтэнзіі на нейкае лідэрства. А для Беларусі гэтая база цалкам не патрэбная, бо яе разьмяшчэньне можа сапсаваць цяперашнія геапалітычныя расклады.

Цыганкоў: Шмат размоваў ідзе менавіта пра ваенна-стратэгічны аспэкт. Ці сапраўды база мае нейкае ваенна-стратэгічнае значэньне, ці тут пераважна толькі палітыка і ідэалёгія?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Алесін: Першапачаткова база меркавалася як сродак процідзеяньня аб’ектам супрацьпаветранай абароны НАТО, якія павінны зьявіцца на тэрыторыі Польшчы і Румыніі. Яны ўключаюць радыёлякатары, сыстэмы навядзеньня і пускавыя шахты супраць ракетаў. Пуцін надзвычайна нэгатыўна ставіцца да магчымасьці зьяўленьня сродкаў СПА, якія могуць зьбіваць расейскія стратэгічныя ракеты на стартавым этапе траекторыі. Беларускія экспэрты і дзейныя вайскоўцы лічылі, што гэтая база будзе служыць сродкам нэўтралізацыі НАТАўскіх аб’ектаў, асабліва ў Польшчы.

Але сытуацыя яшчэ ўзмацнілася пасьля падзеяў ва Ўкраіне, калі зьявіліся дадатковыя кантынгенты НАТО ў краінах Балтыі, загаварылі пра разгортваньне базаў для сілаў хуткага рэагаваньня. На гэтым фоне база ў Беларусі будзе канкрэтна процідзейнічаць гэтым аб’ектам НАТО. І яшчэ адна група экспэртаў выказала меркаваньне, што авіяцыйныя сродкі з гэтай базы могуць сваёй прысутнасьцю ўплываць і на падзеі ва Ўкраіне.

Цыганкоў: Даволі значная частка беларусаў выступае, паводле сацыялёгіі, супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы. Ці будзе абапірацца на такія настроі Аляксандар Лукашэнка ў сваіх перамовах з Масквой?

Янукевіч: Я перакананы, што ён спасылаецца на меркаваньні беларусаў падчас перамоваў з Крамлём. Я думаю, што для Лукашэнкі лічбы сацыялёгіі — гэта сур’ёзная падстава, каб адмаўляцца ад разьмяшчэньня базы. Мы, сябры партыі БНФ, ладзілі пікеты, была супольная акцыя на Плошчы Свабоды, раздавалі нядаўна ўлёткі ў Бабруйску — і па настроях людзей выразна адчуваецца, што пераважная большасьць супраць авіябазы.

Я перакананы, што настроі людзей уплываюць на рашэньне Лукашэнкі — не зьяўляюцца адзіным ці галоўным чыньнікам, але ўплываюць.

Цыганкоў: Заходнія палітыкі выказваліся ў тым сэнсе, што патэнцыйнае разьмяшчэньне гэтай базы ў Беларусі ня вельмі хвалюе заходнія краіны. Магчыма, акрамя суседзяў — Польшчы, Літвы, Латвіі. Ці не пакідае гэта Лукашэнку сам-насам з Масквой, і рэальнай падтрымкі Захаду ён тут не атрымае?

Янукевіч: На маю думку, такія заявы ставяць на мэце не ствараць нейкага дадатковага ажыятажу, не ўздымаць штучна важнасьць гэтага пытаньня для Крамля. Бо калі зрабіць гэтую тэму публічна чыньнікам процістаяньня паміж Захадам і Крамлём — тады стаўкі для Пуціна ўздымуцца неймаверна.

Таму дастаткова разумна з Захаду гучаць выказваньні ў стылі «гэта ўнутраная справа нашых калегаў, няхай самі яны і вырашаюць». Хоць я перакананы, што і ўскосна, і падчас прамых кантактаў гучаць цалкам выразныя пасланьні, што разьмяшчэньне базы будзе расцэнена адпаведным чынам і не дазволіць працягнуцца прагрэсу ў дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Захадам, які назіраўся ў 2015 годзе.

Цыганкоў: Аляксандар, а наколькі заходнія ваенныя экспэрты занепакоеныя пэрспэктывай зьяўленьня гэтай базы?

Алесін: Усё залежыць ад таго тыпу самалётаў, які будзе тут разьмешчаны. Калі гэта будуць шматфункцыянальныя ўдарныя самалёты, здольныя несьці ракеты клясу «паветра-зямля» дальнасьцю 300 км і больш — тады значная частка тэрыторыі Польшчы і іншых суседзяў Беларусі апынаецца ў зоне дзеяньня гэтых самалётаў.

Як кажуць некаторыя ваенныя экспэрты, патэнцыйна самалёты «Су-30» могуць выступаць як носьбіт ракетаў «Калібар», дальнасьць якіх вымяраецца тысячамі кілямэтраў. Таму ня ўсё так проста, рэальная пагроза ў рэгіёне з разьмяшчэньнем гэтай базы ўзрасьце. І Захад ня будзе на гэта абыякава глядзець.

«Сытуацыя не спрыяе Расеі для ўзмацненьня ціску на Беларусь»

Цыганкоў: Якога разьвіцьця гэтай тэмы вы чакаеце ў 2016 годзе?

Алесін: Сытуацыя не спрыяе Расеі для ўзмацненьня ціску на Беларусь. Яе зьвязанасьць у Сырыі, канфлікт з Турэччынай, напружанасьць з НАТО. Ніхто ў Крамлі цяпер ня хоча пераўтвараць аднаго зь нямногіх саюзьнікаў у непрыяцеля.

Таму наўрад ці мы ўбачым рэзкае ўзмацненьне ціску Масквы на Беларусь. Думаю, пытаньне зацягнецца, асабліва пасьля таго, як Расея пакуль ня здолела прапанаваць Лукашэнку пернік у выглядзе нейкіх крэдытаў.

Янукевіч: Я пагаджуся зь меркаваньнем, што сытуацыя, у якую Расея сама сябе завяла, дае дадатковыя магчымасьці афіцыйнаму Менску адбівацца ад базы. Да таго ж я ня бачу нейкіх патэнцыйна праблемных кропак, якія маглі б пагоршыць гэтую дынаміку разьвіцьця стасункаў з Захадам. І гэта будзе таксама ствараць для Лукашэнкі дадатковыя магчымасьці для балянсаваньня сваёй палітыкі.

Я зноў зьвярну ўвагу на чыньнік рэакцыі грамадзтва. Калі будзе працягвацца і пашырацца кампанія супраць расейскай базы, інсьпіраваная партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, — гэта будзе ўплываць на ўладу. Настроі грамадзтва маніторацца ўладай, таму шанцы ў нас добрыя, галоўнае — не спыняць працу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG