Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэтнікам зьменяць сыстэму аплаты працы. Як — эканаміст тлумачыць анэкдотам пра куратнік


Ірына Касьцевіч, архіўнае фота
Ірына Касьцевіч, архіўнае фота

Міністарка працы Беларусі Ірына Касьцевіч заявіла ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1», што да 1 студзеня 2019 году будзе ўдасканаленая сыстэма аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацыяў Беларусі, піша БЕЛТА.

Паводле Касьцевіч, будзе перагледжаная структура фармаваньня заробкаў бюджэтнікаў, «большы акцэнт зробяць на ролю наймальніка ў стымуляваньні працаўніка на добры вынік і адпаведна іншы ўзровень працы».

А прынцыповым момантам рэформаў стане «сыход ад тарыфнай стаўкі першага разраду да базавай стаўкі, якую прыраўняюць да бюджэту пражытачнага мінімуму».

Тарыфную стаўку першага разраду вызначае Савет міністраў (на момант публікацыі гэтая стаўка роўная 33 рублям, апошні раз падвышалася летась 1 верасьня), а бюджэт пражытачнага мінімуму прызначае Міністэрства працы (197,81 рубля, апошні раз падвышаўся 1 лістапада).

Відавочна, заробкі проста прывяжуць да іншай велічыні, але бюджэтнікам не дадуць замест 100 тарыфных ставак першага разраду 100 бюджэтаў пражытачнага мінімуму — розьніца ў 5,5 раза.

Сасноў: «Нічога прынцыпова гэта не мяняе»

Аляксандар Сасноў, архіўнае фота
Аляксандар Сасноў, архіўнае фота

Былы міністар працы Беларусі, эканаміст Аляксандар Сасноў у камэнтары Свабодзе перадусім згадвае анэкдот:

У Гарбачова пытаюць: «Куры дохнуць па ўсёй краіне, што рабіць?». Ён адказвае: «Трэба з фанэры выпілаваць квадрацікі і над кожным куратнікам павесіць». Праз пэўны час яму кажуць: «Не дапамагло, куры ўсё роўна дохнуць». Ён адказвае: «Тады трэба ў кожным квадраціку намаляваць жоўты кружочак». Яшчэ празь нейкі час яму кажуць: «Не дапамагло, усе куры здохлі». Гарбачоў, расчаравана: «Шкада, а ў мяне яшчэ столькі ідэяў было».

Калісьці раней, згадвае Сасноў, для падобных разьлікаў выкарыстоўваўся толькі мінімальны заробак (у Расеі ён выкарыстоўваецца і цяпер, завецца МРОТ — мінімальны памер аплаты працы), але пазьней прыдумалі базавую велічыню, бо лічбы мінімальнага заробку (абсалютнае значэньне) былі нязручныя для нейкіх падлікаў.

Як кажа Сасноў, прынцыповай розьніцы між гэтымі паказьнікамі няма, ёсьць толькі розьніца ў іх прызначэньні: базавая велічыня — такі фінансавы нарматыў, зь якога, напрыклад, вызначаюць памер штрафаў, а тарыфныя стаўкі выкарыстоўваюцца для падліку заробкаў.

Сасноў мяркуе, што ў бліжэйшы час сыстэма налічэньня заробкаў бюджэтнікам ня зьменіцца, а заробкі большасьці бюджэтнікаў, як то настаўнікаў і дактароў, толькі працягнуць зьмяншацца, а ў сілавікоў павялічацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG