Маскоўскі раённы аддзел менскага Сьледчага камітэту вядзе справу аб жорсткім абыходжаньні з жывёлай, якое прывяло да гібелі жывёлы, паведаміла прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.
Як выявілі сьледчыя, 20 кастрычніка жыхар Менску 1988 году нараджэньня ў стане алькагольнага ап’яненьня наўмысна нанёс некалькі ўдараў у галаву і іншыя часткі цела сабакі, затым выкінуў таго зь пятага паверху жылога дома на вуліцы Ясеніна. Мёртвага сабаку каля дому знайшлі мінакі, якія паведамілі пра гэта ў міліцыю.
Справу завялі паводле ч.1 арт. 339-1 КК. Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць паводле Адміністрацыйнага кодэксу за хуліганства. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі ў 2015 годзе. Але паводле яго можна караць у выпадках, калі дзеяньне «ўчынена з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў або ў прысутнасьці заведама малалетняга» і калі яно «пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва жывёлы».
Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты. Актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.