Апазыцыйныя партыі не прайшлі ў абласныя і Менскі гарадзкі саветы
ЦВК апублікаваў папярэднія «афіцыйныя» вынікі галасаваньня, прыводзяцца сьпісы пераможцаў у абласных саветах і Менскім гарадзкім. Сярод іх — ніводнага прадстаўніка апазыцыйных партыяў.
У Менскі гарадзкі савет па выніках выбараў будуць прызначаныя 57 дэпутатаў. Згодна папярэдніх вынікаў, там будзе абсалютная большасьць беспартыйных дэпутатаў, 6 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 4 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, 3 — Сацыяльна-спартыўнай партыі, па адным — Лібэральна-дэмакратычнай, Аграрнай і Патрыятычнай партыяў.
У абласныя саветы маюць прызначыць 352 дэпутатаў. Папярэднія вынікі падобныя: большасьць беспартыйных, 9 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 5 — партыі Працы і справядлівасьці, 1 — Лібэральна-дэмакратычнай, 2 — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды.
Вынікі выбараў у гарадзкія, пасялковыя і сельскія саветы пакуль не апублікаваныя.
Вольга Чайчыц — жонка затрыманага ўчора Андруся Козела — зранку паехала ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Апэратар «Белсату» Козел быў даверанай асобай кандыдата Мікалая Казлова.
Пра мужа ёй не паведамілі новых падрабязнасьцей, яна наняла адваката. Козела, як паведамлялася раней, зьбілі на ўчастку чацьвёра міліцыянтаў, даставілі спачатку ў РУУС, затым у ЦІП на Акрэсьціна, дзе ён правёў ноч.
Козела могуць абвінаваціць ці то ў «непадпарадкаваньні міліцыі», ці то ў «нападзе на міліцыянта».
Апазыцыянэр Білібуха пераабраны ў сельсавет у Бярозаўскім раёне
У Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны, паводле папярэдніх дадзеных, паўторна выбралі ў Першамайскі сельсавет кандыдата ад незарэгістраванай Партыі БХД Валера Білібуху.
Валер Білібуха быў адзіным апазыцыйным дэпутатам у Беларусі ў сельскіх саветах мінулага скліканьня. На гэтых выбарах супраць яго ў сельсавет быў выстаўлены вэтэрынарны ўрач, аднак, як перадалі назіральнікі, Валер Білібуха перамог «са значным адрывам». У камісіі на ўчастку Білібухі быў прадстаўнік ад Партыі БНФ.
«Таму і не сфальсыфікавалі, бо мае людзі і ў камісіі былі, і ў назіраньні. А калі ў роўных умовах — вы ж ведаеце, тут у вёсках большасьць людзей за мяне», — заявіў Валер Білібуха.
У Берасьці сябра ўчастковай камісіі ад БНФ падала скаргу на дзеяньні старшыні камісіі
18 лютага ў Берасьці сябра выбарчай камісіі ўчастка № 15 ад Партыі БНФ Юлія Валынчук падала ў пракуратуру і ў гарадзкую камісію скаргу на дзеяньні старшыні гэтай камісіі Ганны Валынец.
Падставай для скаргі сталі дзеяньні старшыні ўчастковай камісіі ва ўтойваньні сьпісаў выбарнікаў: насуперак патрабаваньням часткі 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу, тая не дала Валынчук магчымасьці азнаёміцца са спісамі выбарнікаў.
«Дзеяньні старшыні камісіі Валынец Ганны Пятроўны груба парушаюць Выбарчы кодэкс, парушаюць мае правы як сябра выбарчай камісіі, гарантаваныя часткай 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, перашкаджаюць мне выконваць мае абавязкі» — гаворыцца ў скарзе.
Арытмэтыка і альгебра яўкі на мясцовых выбарах
Юры Дракахруст аназізуе папярэднія вынікі мясцовых выбараў:
«…Прыход на галасаваньне 18 лютага да пэўнай ступені было вынікам свабоднага волевыяўленьня выбаршчыкаў, удзел у датэрміновым галасаваньні быў абумоўлены ў значнай ступені адміністрацыйным ціскам і прымусам. Дзе прымус (сьціпла названы сп-няй Ярмошынай стымуляцыяй) быў мацней, быў больш жорсткім, там і яўка на датэрміновае галасаваньне была вышэй. Ступень гэтай жорсткасьці вызначалася зусім не настроямі насельніцтва адпаведнага рэгіёну, а настроямі тамтэйшага начальства…».
Топ-10 самых багатых менскіх дэпутатаў
Партал Tut.by прааналізаваў зьвесткі аб даходах кандыдатаў, названых у папярэдніх выніках ЦВК верагоднымі пераможцамі выбараў у Менскі гарадзкі савет. Найбольш заможнымі выявіліся:
- Ігар Русакевіч — чалец назіральнай рады ЗАТ «Завод Прамбудіндустрыя» — 640 000 рублёў даходу на 2016 год паводле зьвестак ЦВК;
- Павал Бачарнікаў — генэральны дырэктар і заснавальнік ТАА «Віпоінт» — 510 тысяч;
- Аляксей Грышын — спартовец-фрыстайліст, алімпійскі чэмпіён — 320 тысяч;
- Уладзімер Хейфец — уладальнік Galleria Minsk і шэрагу іншых бізнэсаў — 280 тысяч;
- Дзьмітры Мелікян — гендырэктар Нацыянальнага аэрапорту «Менск» — 85,7 тысячы;
- Сяргей Казлоў — гендырэктар спарткомплексу «Алімпійскі» — 84,1 тысячы;
- Вячаслаў Кузняцоў — намесьнік гендырэктара па ідэалёгіі заводу імя Вавілава (холдынг БелОМА) — 69 тысяч;
- Яўген Вайцаховіч — дырэктар Менскага заводу грамадзянскай авіяцыі №407 — 64,1 тысячы;
- Аляксандр Набздоров — дырэктар ААТ «Галянтэя» — 55 тысяч;
- Яўген Касьцюкоў — намесьнік дырэктара «Кераміну» па вытворчасьці і маркетынгу — 50,7 тысячы.
Шэсьць зь іх беспартыйныя. Русакевіч і Казлоў належаць да Сацыяльна-спартовай партыі, Вайцаховіч і Кузьняцоў — да партыі Працы і справядлівасьці.
«Назіральнік са стажам» Вінцук Вячорка зьвярнуў увагу на тое, што на ўчастку, дзе спрацаваў «сакрэтны код 000-179», выбарчая камісія складалася з настаўніц і супрацоўніц школы, старшынёй камісіі была дырэктарка гэтай школы. Міжнародныя арганізацыі не рэкамэндуюць так рабіць.
Чытайце таксама: Чаму выбары ў Беларусі фальсыфікуюць жанчыны
«Памры, але прагаласуй» (і ня твіць)
1%
У Менскі гарадзкі савет балятаваўся сярод іншых Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганны Канапацкай. Паводле афіцыйных зьвестак, яму дастаўся 1% галасоў. Канапацкая пытае пра давер уладам (у асобе памочніка дэпутата), Ціханенка адзначае дзіўнае супадзеньне лічбаў датэрміновага галасаваньня.
На мясцовых выбарах сярод партый лідзіруюць камуністы
Сярод новаабраных дэпутатаў абласных і менскага гарадзкога саветаў — 35 чальцоў розных палітычных партыяў. Гэта найвышэйшы ўзровень на мясцовых выбарах. Канкрэтнае іх прадстаўніцтва выглядае так:
- Камуністычная партыя Беларусі — 16.
- Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 11.
- Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 3.
- Лібэральна-дэмакратычная партыя — 2.
- Сацыял-дэмакратычная партыя («Народная згода») — 1.
- Беларуская аграрная партыя — 1.
- Беларуская патрыятычная партыя — 1.
У рэгіёнах партыйнае прадстаўніцтва выглядае так:
- Менск — 19.
- Гомельская вобласьць — 6.
- Берасьцейская — 4.
- Віцебская — 2.
- Менская — 2.
- Горадзенская — 1.
- Менская — 1.
Палітоляг Чавусаў: «Гэта доказ прызначальнага фармату так званых выбараў»
Зьверка сьпісаў. У бабруйскіх рабочых выпытваюць, ці хадзілі яны галасаваць
У Бабруйску на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў апытваюць работнікаў, ці хадзілі тыя на выбары. З чым зьвязаны такі інтарэс, казаць адмаўляюцца. Начальства гаворыць, што такі загад нібыта прыйшоў «зьверху».
Пра апытаньне паведаміў работнік прадпрыемства, які назваўся Мікалаем. Паводле яго, старшыя майстры са складзенымі сьпісамі абыходзяць кожнага чальца працоўнага калектыву.
Мясцовыя выбары — трэніроўка перад прэзыдэнцкімі,— апазыцыя пра вынікі галасаваньня
Вынікі ўчорашніх выбараў у мясцовыя саветы камэнтуюць лідэры БНФ, БХД і руху «За свабоду».
«Яшчэ больш парушэньняў», — кампанія «За справядлівыя выбары»
Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка заявіў, што ў Беларусі яшчэ не было «больш бруднай» выбарчай кампаніі за тую, што была на мінулых мясцовых выбарах, піша БелаПАН.
Кампанія адзначыла ў ліку парушэньняў «каруселі», выказала сумнеў у тым, што ў дэпутаты «прапусьцяць» хоць бы невялікую колькасьць апазыцыі, прыйшла да высновы аб неадпаведнасьці афіцыйных вынікаў выбараў рэальнаму волевыяўленьню народу.
У кампаніі бралі ўдзел 12 палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянскіх ініцыятываў, яны выставілі 789 назіральнікаў на 54 участках 22 населеных пунктаў ва ўсіх абласьцях (7 назіральнікаў – доўгатэрміновае назіраньне, 114 – на датэрміновым галасаваньні, 668 – на асноўным дні галасаваньня).
У Гомлі на ўчастку назіральнікі налічылі 389 выбарнікаў, камісія запісала 892
На выбарчым участку № 7 Савецкага раёну Гомля, як сьцьвярджаюць назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, афіцыйная яўка ўдзелу ў галасаваньні гараджанаў завышана нават больш як у два разы.
«Па нашых падліках, датэрмінова на ўчастку прагаласавалі 85 выбарнікаў. Камісія падала ў выніковым пратаколе нашмат большую лічбу — 409. У асноўны дзень колькасьць прагаласаваўшых таксама істотна адрозьніваецца: па нашых падліках, галасавалі 389 выбарнікаў, участковая камісія запісала — 892. Апроч таго, 498 выбарнікаў з дзьвюх з паловай тысяч нібыта прагаласавалі дома», — заявіў Свабодзе Палякоў намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў.
Мясцовыя выбары былі «максымальна бруднымі», — назіральнікі
Паводле кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гэтая выбарчая кампанія, які і папярэднія, не была ні свабоднай, ні справядлівай. Апазыцыі ў камісіях амаль не было, усё больш кандыдатаў ад працоўных калектываў (як у СССР), у дзяржаўных СМІ была цэнзура, кіраваў адмінрэсурс, зьявіліся «каруселі», у час падліку галасоў назіральнікам паказалі збольшага сьпіны чальцоў камісіяў.
Шушкевіч пра няўдзел у мясцовых выбарах: «Мы ўсё зрабілі правільна»
Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ), якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч, не ўдзельнічала ў апошніх мясцовых выбарах. Гэта прынцыповая пазыцыя партыі. Шушкевіч кажа, вынікі апошніх выбараў сьведчаць, што няўдзел — гэта правільна, і абураецца: «Колькі яшчэ трэба такіх выбараў, каб урэшце ўсе зразумелі, што ў нашай краіне свабодных выбараў не бывае?»
Міліцыя пракамэнтавала зьбіцьцё даверанай асобу кандыдата: «Аказаў актыўнае непадпарадкаваньне», шкло разьбіў сам
На сайце ГУУС Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне пра затрыманьне 18 лютага Андруся Козела — даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова і апэратара «Белсату».
Паводле міліцыі, падставай для затрыманьня «паслужылі задзірлівыя дзеяньні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаваньні старшыні выбарчай камісіі па спыненьні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасаваньня». Міліцыя абгрунтоўвае законнасьць патрабаваньняў тым, што Козел трумачыў сваё права фільмаваць працэс тым, што належыць да «аднаго з замежных СМІ», а гэтае СМІ «не акрэдытаванае ў Беларусі». Сьцьвярджаецца, што прадстаўнік выбарчай камісіі зьвярнуўся да міліцыянтаў, тыя растлумачылі Козелу, што ён парушае парадак.
Козел, гаворыцца на сайце міліцыі, звароты міліцыянтаў «праігнараваў», «аказаў актыўнае непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі, хапаў супрацоўніка за форменнае абмуньдзіраваньне».
«Для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да назіральніка была ўжытая фізычная сіла, — сьцьвярджаецца на міліцэйскім сайце. — Падчас выправаджэньня Козел нагой пашкодзіў шкленьне дзьвераў выбарчага ўчастку».
Жонка затрыманага Вольга Чайчыц сьцьвярджала раней, што Козела на ўчастку зьбілі чацьвёра міліцыянтаў, сам ён пісаў, што яму «нанесьлі чатыры ўдары па галаве», разьбілі яго галавой дзьверы.
Андруся Козела маюць судзіць сёньня, 19 студзеня. Верагодна, працэс адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, судзіць будуць за «непадпарадкаваньне міліцыі», за што пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў на момант публікацыі) або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 дзён. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.
Лукашэнка адчайна змагаецца за статус міратворцы
Пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра ролю роля Беларусі ва ўрэгуляваньні канфлікту вакол Украіны — у новым блогу аналітыка Свабоды Валера Карбалевіча.
Ці можна было здымаць фота і відэа на выбарчых участках?
Неаднаразова ў час мясцовых выбараў назіральнікаў выдалялі з участкаў праз тое, што яны здымалі фота і відэа, а камісія ім гэта забараняла. Фільмаваньне відэа стала нагодай да затрыманьня і зьбіцьця Андруся Козела — даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае ў камэнтары Свабодзе, што ані дазволу, ані забароны на фота- і відэаздымкі падчас падліку галасоў у законах няма. Таму ён лічыць, што забароны на фільмаваньне, з прычыны якіх у час мясцовых выбараў выдалялі з участкаў шэраг назіральнікаў, незаконныя.
У праваабаронцаў і старшыні ЦВК ёсьць «старая-старая канцэптуальная спрэчка», кажа ён. Паводле ЦВК, калі ў кодэксе няма дазволу на фота- і відэаздымкі, то здымаць нельга. Праваабаронцы лічаць, што калі няма забароны на фота і відэа, то здымаць можна, бо «пералік забаронаў заўсёды закрыты», а пералічыць усё дазволенае немагчыма: так, кодэкс не дазваляе пісаць у нататніку алоўкам або выходзіць у прыбіральню.