Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў на «ўчастку 000-179»
Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў на «ўчастку 000-179»

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог

У нядзелю, 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%.

Выбары адбыліся, паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 18 110 акругах — усіх, акрамя адной, дзе адзіны кандыдат зьняў кандыдатуру яшчэ да пачатку выбараў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што выбары прайшлі «спакойна і нават талерантна», незалежныя назіральнікі адзначалі разнастайныя парушэньні і перашкоды ў працы. Самы гучны скандал выбараў — «сакрэтны код 000-179», які нібыта дазваляў галасаваць аднаму чалавеку на некалькіх участках (Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»).

За кратамі на ноч пасьля выбараў правёў апэратар «Белсату» і давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова Андрусь Козел. Ён заявіў, што яго зьбілі міліцыянты. Судзьдзя вярнуў ягоную справу на дапрацоўку. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.

Усё пра асноўны дзень галасаваньня >>

«Памры, але прагаласуй» (і ня твіць)

«Назіральнік са стажам» Вінцук Вячорка зьвярнуў увагу на тое, што на ўчастку, дзе спрацаваў «сакрэтны код 000-179», выбарчая камісія складалася з настаўніц і супрацоўніц школы, старшынёй камісіі была дырэктарка гэтай школы. Міжнародныя арганізацыі не рэкамэндуюць так рабіць.

Чытайце таксама: Чаму выбары ў Беларусі фальсыфікуюць жанчыны

Топ-10 самых багатых менскіх дэпутатаў

Партал Tut.by прааналізаваў зьвесткі аб даходах кандыдатаў, названых у папярэдніх выніках ЦВК верагоднымі пераможцамі выбараў у Менскі гарадзкі савет. Найбольш заможнымі выявіліся:

  1. Ігар Русакевіч — чалец назіральнай рады ЗАТ «Завод Прамбудіндустрыя» — 640 000 рублёў даходу на 2016 год паводле зьвестак ЦВК;
  2. Павал Бачарнікаў — генэральны дырэктар і заснавальнік ТАА «Віпоінт» — 510 тысяч;
  3. Аляксей Грышын — спартовец-фрыстайліст, алімпійскі чэмпіён — 320 тысяч;
  4. Уладзімер Хейфец — уладальнік Galleria Minsk і шэрагу іншых бізнэсаў — 280 тысяч;
  5. Дзьмітры Мелікян — гендырэктар Нацыянальнага аэрапорту «Менск» — 85,7 тысячы;
  6. Сяргей Казлоў — гендырэктар спарткомплексу «Алімпійскі» — 84,1 тысячы;
  7. Вячаслаў Кузняцоў — намесьнік гендырэктара па ідэалёгіі заводу імя Вавілава (холдынг БелОМА) — 69 тысяч;
  8. Яўген Вайцаховіч — дырэктар Менскага заводу грамадзянскай авіяцыі №407 — 64,1 тысячы;
  9. Аляксандр Набздоров — дырэктар ААТ «Галянтэя» — 55 тысяч;
  10. Яўген Касьцюкоў — намесьнік дырэктара «Кераміну» па вытворчасьці і маркетынгу — 50,7 тысячы.

Шэсьць зь іх беспартыйныя. Русакевіч і Казлоў належаць да Сацыяльна-спартовай партыі, Вайцаховіч і Кузьняцоў — да партыі Працы і справядлівасьці.

Арытмэтыка і альгебра яўкі на мясцовых выбарах

Юры Дракахруст аназізуе папярэднія вынікі мясцовых выбараў:

«…Прыход на галасаваньне 18 лютага да пэўнай ступені было вынікам свабоднага волевыяўленьня выбаршчыкаў, удзел у датэрміновым галасаваньні быў абумоўлены ў значнай ступені адміністрацыйным ціскам і прымусам. Дзе прымус (сьціпла названы сп-няй Ярмошынай стымуляцыяй) быў мацней, быў больш жорсткім, там і яўка на датэрміновае галасаваньне была вышэй. Ступень гэтай жорсткасьці вызначалася зусім не настроямі насельніцтва адпаведнага рэгіёну, а настроямі тамтэйшага начальства…».

У Берасьці сябра ўчастковай камісіі ад БНФ падала скаргу на дзеяньні старшыні камісіі

18 лютага ў Берасьці сябра выбарчай камісіі ўчастка № 15 ад Партыі БНФ Юлія Валынчук падала ў пракуратуру і ў гарадзкую камісію скаргу на дзеяньні старшыні гэтай камісіі Ганны Валынец.

Падставай для скаргі сталі дзеяньні старшыні ўчастковай камісіі ва ўтойваньні сьпісаў выбарнікаў: насуперак патрабаваньням часткі 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу, тая не дала Валынчук магчымасьці азнаёміцца са спісамі выбарнікаў.

«Дзеяньні старшыні камісіі Валынец Ганны Пятроўны груба парушаюць Выбарчы кодэкс, парушаюць мае правы як сябра выбарчай камісіі, гарантаваныя часткай 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, перашкаджаюць мне выконваць мае абавязкі» — гаворыцца ў скарзе.

Апазыцыянэр Білібуха пераабраны ў сельсавет у Бярозаўскім раёне

Валер Білібуха
Валер Білібуха

У Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны, паводле папярэдніх дадзеных, паўторна выбралі ў Першамайскі сельсавет кандыдата ад незарэгістраванай Партыі БХД Валера Білібуху.

Валер Білібуха быў адзіным апазыцыйным дэпутатам у Беларусі ў сельскіх саветах мінулага скліканьня. На гэтых выбарах супраць яго ў сельсавет быў выстаўлены вэтэрынарны ўрач, аднак, як перадалі назіральнікі, Валер Білібуха перамог «са значным адрывам». У камісіі на ўчастку Білібухі быў прадстаўнік ад Партыі БНФ.

«Таму і не сфальсыфікавалі, бо мае людзі і ў камісіі былі, і ў назіраньні. А калі ў роўных умовах — вы ж ведаеце, тут у вёсках большасьць людзей за мяне», — заявіў Валер Білібуха.

Вольга Чайчыц — жонка затрыманага ўчора Андруся Козела — зранку паехала ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Апэратар «Белсату» Козел быў даверанай асобай кандыдата Мікалая Казлова.

Пра мужа ёй не паведамілі новых падрабязнасьцей, яна наняла адваката. Козела, як паведамлялася раней, зьбілі на ўчастку чацьвёра міліцыянтаў, даставілі спачатку ў РУУС, затым у ЦІП на Акрэсьціна, дзе ён правёў ноч.

Козела могуць абвінаваціць ці то ў «непадпарадкаваньні міліцыі», ці то ў «нападзе на міліцыянта».

Апазыцыйныя партыі не прайшлі ў абласныя і Менскі гарадзкі саветы

ЦВК апублікаваў папярэднія «афіцыйныя» вынікі галасаваньня, прыводзяцца сьпісы пераможцаў у абласных саветах і Менскім гарадзкім. Сярод іх — ніводнага прадстаўніка апазыцыйных партыяў.

У Менскі гарадзкі савет па выніках выбараў будуць прызначаныя 57 дэпутатаў. Згодна папярэдніх вынікаў, там будзе абсалютная большасьць беспартыйных дэпутатаў, 6 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 4 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, 3 — Сацыяльна-спартыўнай партыі, па адным — Лібэральна-дэмакратычнай, Аграрнай і Патрыятычнай партыяў.

У абласныя саветы маюць прызначыць 352 дэпутатаў. Папярэднія вынікі падобныя: большасьць беспартыйных, 9 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 5 — партыі Працы і справядлівасьці, 1 — Лібэральна-дэмакратычнай, 2 — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды.

Вынікі выбараў у гарадзкія, пасялковыя і сельскія саветы пакуль не апублікаваныя.

XS
SM
MD
LG