Мікашэвіцкі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віталь Каліноўскі 26 траўня быў затрыманы міліцыянтамі за расклейваньне ўлётак з партрэтамі палітвязьняў.
Яго даставілі ў гарадзкі адзьдзел міліцыі, дзе апыталі і склалі пратакол «за парушэньне добраўпарадкаваньня населеных пунктаў» (арт. 21.14 ч.2 Адміністратыўнага кодэксу Беларусі).
Віталь Каліноўскі распавёў карэспандэнту Свабоды, што затрыманьне адбылося а 15.20, калі ён ужо скончыў расклейваць улёткі:
«Расклеваў на прыпынках, ды стэндах плякаты з партрэтамі палітвязьняў. Справа ў тым, што людзі ня ведаюць пра іх, бо чытаюць афіцыйныя СМІ. Я хацеў прыцягнуць увагу да тэмы палітвязьняў, каб людзі ведалі, што ў турмах сядзяць тыя, хто змагаецца за іх правы. Заўтра ў Пружанах будзе адбывацца судзілішча над палітвязьнем Юр’ем Рубцовым, і я хацеў такім чынам выказаць салідарнасьць зь ім».
Паводле Каліноўскага, у пастарунку міліцыянты цікавіліся, чаму ён вырашыў зладзіць гэтую акцыю, ці былі ў яго саўдзельнікі, дзе ўзяў улёткі і г.д. Актывіст распавёў ім, што скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на распаўсюд інфармацыі.
Міліцыянты паведамілі Віталю Каліноўскаму, што прыблізна праз два тыдні яго выклічуць на суд.
Паводле адміністратыўнага артыкулу, яму пагражае ад 5 да 25 базавых велічыняў штрафу (900 тысяч — 4,5 мільёны рублёў). ПД