Мясцовыя жыхары дамагаюцца ад раённага начальства, каб тое прыпыніла будоўлю чарговага сьвінакомплекса на 24 тысячы галоў за 2 кілямэтры ад вёскі. Раённае начальства адказвае, што ўсё робіцца паводле санітарных правілаў, і працягвае будоўлю. Жыхары Гудзевічаў зьбіраюць подпісы пад скаргай у вышэйшыя інстанцыі.
Вёска Гудзевічы Мастоўскага раёну лічыцца аграгарадком. Сучасная школа, шыкоўны дзіцячы садок, дыхтоўныя дамы з газам і іншымі камунікацыямі, кампутары, інтэрнэт — усё як мае быць, дарогі пераважна асфальтаваныя. Зьнешне ўсё выглядае нібыта добра, — кажа мне спадарыня старэйшага веку, — але трэба паглядзець, чым мы за гэта плацім.
І праўда, калі выходзіш з машыны ў Гудзевічах, адразу адчуваеш пах фэрмы, яго цяжка зь нечым зблытаць. Ужо на месцы высьвятляецца, што фэрмы — наўкола. Спадарыня Галіна, мясцовая жыхарка пералічвае:
— Сьвінакомплекс «Іскра» на 12 тысяч галоў сьвіней. І «Ляткі» — яны ўсяго за 600 мэтраў ад вёскі, іх відаць ад школы. «Поплава» — таксама за 600 мэтраў, далей «Рэмутаўцы» Бераставіцкага раёну — 6 кілямэтраў. А цяпер яшчэ пачалася будоўля сьвінакомплекса на 24 тысячы галоў сьвіней паблізу вёскі Пачуйкі, але ўжо Ваўкавыскага раёну.
Вось гэтай апошняй будоўляй і незадаволеныя вяскоўцы. Спадарыня Галіна апавядае: чашу цярпеньня перапоўніла тое, што ўлады не дазваляюць вяскоўцам трымаць сьвіней, якія былі для іх папросту паратункам, бо гэта і дадатковыя грошы ў сям’ю, і свае харчы. Апроч гэтага, у Гудзевічах з крана і калодзежаў немагчыма стала піць ваду.
З гэтае прычыны на патрабаваньне вяскоўцаў склікалі сход. Прыехала начальства з Мастоў. Людзі скардзіліся і патрабавалі прыпыніць будоўлю сьвінакомплекса. Іх выслухалі і адказалі, што нічога ніхто спыняць ня будзе, паколькі будоўля вядзецца ў адпаведнасьці з экалягічнымі і санітарнымі нормамі.
Пра гэта мне ўжо расказваюць два мясцовыя спадары. Яны кажуць, што ўжо цяпер у іхняй вёсцы ваду нельга піць ні з крана, ні са студні, бо ў ёй у разы перавышанае ўтрыманьне нітратаў.
— Во, паглядзіце, рэчка побач, — кажа спадар Алесь. — І колькі ўжо туды пацякло — і пра гэта ніхто нічога ня кажа...
Спадар Мікалай дадае, што яны тут вырасьлі і памятаюць гэтую рэчку зь дзяцінства:
— Мы раней тут купаліся, а цяпер сюды немагчыма нават нагу ўсунуць. І ўсё гэта ўжо вынік таго, што ў нас існуе адзін сьвінакомплекс, таму мы і абураемся, што за два кілямэтры будуюць яшчэ адзін. Усе гэтыя праблемы прыйдуць хутка да нас.
— Яны нам кажуць пра сучасныя тэхналёгіі. Але мы пражылі сваё і добра ведаем гэтыя тэхналёгіі. Вывад мы бачым у натуры на сваім жыцьці, — упэўнена канстатуе спадар Алесь.
— Мы адчуваем гэта ад вады, ад водараў, якія ў нас не праходзяць, асабліва калі вецер дзьме са сьвінакомплекса.
— І ваду немагчыма піць нават з калодзежа. Правяралі, там нітраты ў разы. А колькі гадоў мы зьвярталіся да мясцовага начальства, каб нешта выправілі з вадой, але ніхто ані слова ў адказ.
Спадарыня Галіна дадае, што ў Гудзевічах аж тры воданапорныя вежы. Але дзьве закрыла санстанцыя з-за высокай прымесі нітратаў, а з трэцяй вежы ўсім не хапае вады, асабліва тым, хто жыве ў шматкватэрных дамах на верхніх паверхах.
Гудзевіцкія спадарыні скардзяцца, што пасьля забароны трымаць сьвіней у прыватнай гаспадарцы яны зусім зьбяднелі, бо заробкі малыя, а купляць тое самае мяса трэба ехаць у Масты альбо ў Горадню — за 30 альбо 50 кілямэтраў. Да таго ж, маўляў, шмат у каго дзеці, якіх трэба вучыць у горадзе, плаціць за навуку і кватэру, карміць...
Адна спадарыня паказвае мне свой разьліковы квіток за месяц і цытуе:
— Ну вось я працую 7 гадзін у дзень. Аклад: 1 232 500, матэрыяльная дапамога — 133 тысячы, прэмія, шкоднасьць і даплата да мінімальнага заробку. Усяго выходзіць — 2 352 865 рублёў. Гэта заробак за месяц у прыбіральшчыцы. А ў нас тут пераважная большасьць людзей атрымлівае такія заробкі.
Спадарыня Ірына кажа, што хоць і жывуць яны на вёсцы, але за камунальныя паслугі пры такіх заробках даводзіцца плаціць ад 500 тысяч да мільёна рублёў. Нават за дзіцячы садок у месяц плацяць па 500 тысяч.
— Карацей кажучы, я апошні раз нават не за ўсё заплаціла, бо грошай не было, а аддала 600 тысяч. А гэта яшчэ ня ўсё...
Спадарыні кажуць, што на вёсцы безь сьвіней ім выжыць будзе вельмі складана. А цяпер вэтэрынары часьцей ладзяць разам зь міліцыянтамі праверкі — ходзяць па хлявах і правяраюць, ці не трымаюць людзі сьвіней. Літаральна ўчора была чарговая такая праверка. Кажа спадарыня Алена:
— Хадзілі галоўны ўрач раёну і міліцыянт, пагражалі, загадвалі адчыніць хлеў. Мой муж сказаў, што вы павінны халаты мець, дык яны крыкнулі: давай сваё адзеньне. І такім нахабным чынам патрабавалі, каб адчынілі хлеў, у тым ліку і міліцыянт.
Я зноў і зноў цікаўлюся ў сваіх суразмоўцаў — што адказала вам раённае начальства на агульным сходзе? Людзі ўсе адказваюць неахвотна:
— Ніхто нас ня чуе — з крыўдай кажа спадар Алесь. — Адзінае, што яны чуюць: у нас ёсьць пастанова, і я вам усё сказаў. А што ён нам сказаў, мы нічога не зразумелі.
— Нам сказалі: каго, маўляў, нешта не задавальняе, то кругом дарога адкрыта, — з крыўдай у голасе канстатуе спадарыня Тацяна. — Маўляў, едзьце куды хочаце, хоць у Італію. Гэта нам старшыня райвыканкаму так адказаў. А тое, што мы есьці таксама хочам, то на нас ніхто не ўслухаецца. І тое, што мы ў гэтым калгасе адпрацавалі па 40–45 гадоў, на гэта ніхто не зьвяртае ўвагі. Нават паштоўкі на сьвята — і то не прышлюць. Як непатрэбнае рызьзё выкінулі нас, і ўсё. Нікому мы тут не патрэбныя...
Пазьней спадарыня Галіна паказала мне адказ з Мастоўскага райвыканкаму на скаргу жыхароў Гудзевічаў аб прыпыненьні будоўлі сьвінакомплекса і патрабаваньні дазволу на ўтрыманьне сьвіней. Там так і напісана, толькі са спасылкамі на артыкулы пастаноў і загадаў: забараняецца трымаць сьвіней фізычным асобам у радыюсе ня менш за два кілямэтры... А ў выпадку нязгоды маеце права зьвярнуцца ў абласны выканаўчы камітэт...