Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчанскія чыноўнікі так хацелі сьвінакомплекс, што забыліся спытаць у «губэрнатара» Шапіры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«„Губэрнатар“ (старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра — РС) і ня ведаў, што такі сьвінакомплекс праектуецца паблізу ад населенага пункта. Ён даў каманду забараніць там будаўніцтва. Усё прыпыненае. Сказаў, што сьвінакомплекс павінен знаходзіцца на адлегласьці ня менш як 10 кілямэтраў ад Маладэчна», — кажа прэс-сакратарка аблвыканкаму Галіна Трафіменка.

10 сьнежня намесьнік старшыні Маладэчанскага райвыканкаму Генадзь Бажко заявіў, што сьвінакомплекс на 100 тысяч галоў, які мелася пабудаваць кампанія «Велес-міт» каля вёскі Мойсічы за тры кілямэтры ад Маладэчна, пабудаваны ня будзе.

Гісторыя нараджэньня, імклівага жыцьця і сьмерці гэтага скандальнага праекту добра паказвае, як працуе адміністрацыйная сыстэма ў Беларусі.

Ляйчына пад хвост трапіла

15 кастрычніка прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч незадаволены тым, як кіраўнікі Менскай вобласьці выконваюць даручэньне Аляксандра Лукашэнкі: «Людзі бегаюць: дай сьвініны, дзяцей карміць няма чым».

Лічбы прэм’ера ня радуюць, пагалоўе памяншаецца — таму старшыні Клецкага райвыканкаму абвясьцілі вымову, дырэктару Барысаўскага мясакамбіната прыгразілі стратай пасады, а Валожынскаму старшыні паказалі на недахопы ў працы.

На гэтым жа сходзе старшыня Маладэчанскага выканкаму абяцае, што да 1 лістапада 2014 году заключыць інвэстыцыйную дамову на будаўніцтва сьвінакомплексу ў Маладэчанскім раёне на 100 тысяч галоў.

Мойсічы
Мойсічы

Ужо 25 кастрычніка створаная камісія па правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня. А празь некалькі дзён інфармацыя пра пабудову сьвінакомплексаў трапіла да людзей.

«1 лістапада дробным шрыфтам унутры газэты надрукавалі гэтую інфармацыю. А часу для таго, каб выказаць свае заўвагі, — толькі да 30 лістапада», — кажа доктар Марыя Байкова з Маладэчна.

Само грамадзкае абмеркаваньне прызначылі на 1 сьнежня. А пачаць будаўніцтва хацелі ўжо ў першыя месяцы 2015 году.

Столькі дзярма — гэта катастрофа

«Бязь сельскай гаспадаркі ў нашай краіны няма будучыні. Гэта адзінае, што засталося нашай краіне на дадзены момант», — дырэктар кампаніі «Велес-Міт» Алег Іваноў на грамадзкім абмеркаваньні выглядаў так, нібыта паступіў франтавы загад пабудаваць сьвінакомплекс.

Маладэчанцы супраць сьвінакомплексаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:39 0:00

Падчас слуханьняў грамадзяне заявілі, што колькасьць сьцёкаў, пазначаная ў справаздачы, заніжаная ў паўтара разу; што баяцца жыць у раёне пабудовы, бо страцяць здароўе; што цэлая вёска Раёўшчына знаходзіцца на адлегласьці 940 мэтраў ад комплексу, а гэта супярэчыць нормам.

Жыхары Раёўшчыны пра будучы сьвінакомплекс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00

Людзі наўпрост абвінавачвалі замоўцу будаўніцтва — маладэчанскую кампанію «Велес-міт» — у жаданьні зэканоміць і на разбудове інфраструктуры, і на пазьнейшых транспартных выдатках. Кампанія ўжо заканчвае ў рысе гораду пабудову новага мясакамбінату на 22 гектарах зямлі. Яе дырэктар Алег Іваноў на паседжаньні не хаваў, што для новай вытворчасьці патрэбная «сыравінная база».

Паводле словў намесьніка старшыні Генадзя Актанаровіча, які ў выканкаме адказвае за эканоміку, ва ўдзельнай вытворчасьці рэгіёну кампанія займае 25 працэнтаў, а наўпроставыя інвэстыцыі для раёну ад рэалізацыі праектаў сьвінакомплексаў складуць 70 мільёнаў эўра.

«Калі будуць сьвінафэрмы, дык і эканоміка значна палепшыцца. Транспартныя выдаткі маюць вялікае значэньне ў фармаваньні цаны. Адна справа — вазіць мяса за 200 км, другая — за 20 км», — так сфармуляваў свой клопат пра дабрабыт «Велес-міта» Маладэчанскі райвыканкам у інтэрвію парталу Tut.by.

У апошнія гады бізнэс «Велес-міта», які раней цалкам афіцыйна ўваходзіў у групу кампаніяў «Трайпл» блізкага да Аляксандра Лукашэнкі алігарха Юрыя Чыжа, моцна пацярпеў. На гэта паўплываў крызіс 2011 году, эпідэмія афрыканскай чумы сьвіней, забарона паставак сьвініны ў Расею і мясная вайна з Рассельгаснаглядам.

Ад праектаў двух сьвінакомплексаў Юры Чыж адхрысьціўся, сьпісаўшы іх на свайго старога паплечніка Аляксея Алексіна.

Накарміць народ любой цаной

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Усё гэта вельмі небясьпечны працяг той жа самай палітыкі камандна-адміністрацыйнага мысьленьня, якая бачыць аб’ёмы вытворчасьці, але ня бачыць за імі лёс чалавека», — кажа Аляксандар Ярашук, былы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму.

Міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц яшчэ ўлетку паабяцаў Аляксандру Лукашэнку, што пабудуе 15 сьвінакомплексаў, а пагалоўе сьвіней павялічыць з 2,7 мільёна да трох мільёнаў. Як чыноўніцкі запал адбіваецца на людзях — бачым на прыкладзе маладэчанскіх сьвінакомплексаў.

«Бяздумная пабудова буйных сьвінакомплексаў — гэта авантурная палітыка. Так могуць думаць толькі манкурты, якія жывуць адным момантам: „пасьля нас хоць — патоп“», «трэба народ накарміць любой цаной!»«, — кажа Ярашук.

У тэхналёгіях шмат што зьмянілася, але не ў галовах чыноўнікаў. «Дадумаліся ж будаваць у Маладэчанскім раёне такія аб’екты», — тлумачыць Ярашук.

Пра праект другога сьвінакомплексу каля вёскі Соўлава ўлады гавораць неахвотна. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што і гэтую будоўлю ўдасца спыніць.

Соўлава
Соўлава

Тым часам, паводле зьвестак Радыё Свабода, кампанія «Велес-міт» шукае новую пляцоўку пад праект, які забаранілі будаваць каля Маладэчна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG