Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка накіраваў Лукашэнку і Кабякову свой «крык душы»


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

29 кастрычніка былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка накіраваў у адміністрацыю прэзыдэнта і ва ўрад свае прапановы аб выхадзе краіны з крызісу:

«Сёньня аб 11-й гадзіне раніцы скончыў гэтую працу. Больш за 20 старонак.

Гэта вельмі важны дакумэнт. Па вялікім рахунку — дзяржаўная праграма. Гэта — калектыўны розум, паколькі над дакумэнтам працавала група людзей. А я проста падаю яго пад сваім прозьвішчам. І калі гэтага выканаўчая ўлада зараз ня прыме, я ня бачу ніякай будучыні ў Рэспублікі Беларусь.

Калі ж гэты плян прымуць, то мы сапраўды зможам спыніць стагнацыю, даць ажыўленьне эканоміцы. Больш за тое, у артыкуле ўсё расьпісана, як трэба рабіць. Ну, добра, не чытаюць улады кніжак, то пачытайце хоць гэты артыкул, там усё зразумела.

Як да гэтага паставяцца ўлады, невядома. Але гэта — мой крык душы. Ну, не далі данесьці яго да людзей праз праграму кандыдата. Але ж выбары ўжо скончыліся. І трэба жыць далей. І ў дадзеным выпадку мы прапаноўваем, як гэта зрабіць».

Віктар Цярэшчанка кажа, што апошнія дні ён пачувае сябе лепей. Зноўку здае аналізы. Спадзяецца, што мэдычныя паказьнікі палепшацца.

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У кандыдата прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG