Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Цярэшчанка: «Спыніць можна Статкевіча, Лябедзьку, а вось рабочага з малатком ніхто ня спыніць»


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта прагназуе для Беларусі вельмі цяжкія часы.

Сёньня Віктар Цярэшчанка сказаў Свабодзе, што цяпер займаецца трыма справамі — папраўляе здароўе (патрэбны сама менш яшчэ месяц на лячэньне), піша кніжку і рыхтуе вялікі (больш за 20 старонак) артыкул пра стан беларускай эканомікі:

«Зараз хаджу з холтэрам. Гэта такі апарат зь міні-кампутарам для вызначэньня працы сэрца. Той хімічны прэпарат, які я зьеў у рэстарацыі, спрыяе ўтварэньню тромбаў і пагаршае працу сэрца. Што тычыцца пячонкі і селязёнкі, то з гэтым справы лепшыя. Паступова пераходжу ад працёртай ежы да супоў і звычайных прадуктаў».

На пытаньне, ці праясьніліся за гэты час нейкія дэталі атручваньня, спадар Цярэшчанка адказвае так:

«А што можа праясьніцца? Мне адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. 8 кастрычніка я зьвярнуўся да пракурора Ленінскага раёну Менску з патрабаваньнем адмяніць гэтае рашэньне. Аднёс асабіста ліст у пракуратуру. Адказу дагэтуль няма.

Міліцыя закрыла маю справу на той падставе, што яна апытала супрацоўнікаў кафэ — афіцыянта, бармэна і кухара — і размаўляла зь лекарам. Доктарка сказала, што ў мяне алергія. А ў кафэ сказалі: мы ня маем дачыненьня да атручваньня».

Віктар Цярэшчанка кажа, што ён доўга разважаў над тым, чаму так здарылася. І на 99% прыйшоў да высновы, што эканаміст у сьпісе кандыдатаў на прэзыдэнта быў вельмі нявыгадны для ўлады. Любы эканаміст у цяперашняй сытуацыі забіраў бы ад Лукашэнкі шмат галасоў выбарцаў:

«Я стаў не даспадобы ўладам. Я ня ўпісваўся ў іхні сцэнар. Ім патрэбныя былі два падпалкоўнікі-пэнсіянэры, якія, праўда, сталі палкоўнікамі, ужо знаходзячыся на пэнсіі. І — жанчына-настаўніца. А чацьвёрты быў непатрэбны. Нездарма ж Улаховіч здаў дакумэнты ў ЦВК у апошнія 5 хвілін».

Былы прэтэндэнт піша артыкул пра тое, што трэба тэрмінова рабіць зь беларускай эканомікай:

Лукашэнку, мабыць, пераканалі, што яшчэ можна нічога кардынальнага не мяняць. Але калі нічога не рабіць, то людзі самі ня выжывуць.

«Лукашэнку, мабыць, пераканалі, што яшчэ можна нічога кардынальнага не мяняць. Але калі нічога не рабіць, то людзі самі ня выжывуць. Сёньня, каб заплаціць заробак людзям, кіраўнік прадпрыемства бярэ крэдыт у банку. Раней у яго было хоць што закласьці пад гэты крэдыт. Цяпер — нічога няма. Нават плот і туалет, і тыя ў закладзе. Шок! Проста шок.

Нам патрэбна на год набраць крэдытаў на 5 мільярдаў даляраў. Бяз гэтага ня выжывем. Дзяржава стала банкрутам. Мы што, гэтага ня бачым?! А выканаўчая ўлада ні да выбараў, ні пасьля выбараў нічога не прапаноўвае. Маўчыць, бо няма чаго сказаць».

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка прагназуе цяжкія часы:

«Наперадзе — падзеньне рэальных прыбыткаў насельніцтва, рост беспрацоўя. Улічваючы, што няма напаўненьня бюджэту, уздымуць узрост для выхаду на пэнсію. Ну давайце адразу зробім 80 гадоў. З кожнай тысячы беларусаў два чалавекі і дажывуць да гэтага.

А калі нехта і дасьць 3 мільярды даляраў, то яны будуць скіраваныя толькі на адно — каб чалавек не пайшоў на Плошчу. А гэта значыць, што МАЗу ды іншым гігантам дадуць субсыдыі, рабочым будуць плаціць дзьве траціны заробку, пяройдуць на трохдзёнку, а пасьля і на двухдзёнку.

Час бяжыць хутка. Праядуць і гэты крэдыт. А што далей, калі „маркетынг“ у нас стаў словам-лаянкай?

Але ж час бяжыць хутка. Праядуць і гэты крэдыт. А што далей, калі „маркетынг“ у нас стаў словам-лаянкай? Усе толькі назіраюць. Мясьніковіч хоць своечасова саскочыў на цёплае месца ў Савет Рэспублікі. А Кабякоў пайшоў на ўрад. Дык калі пайшоў, то прапануй нешта. Дай надзею прадпрыемствам, прадпрымальнікам. Не, усе маўчаць, абы ўседзець на сваіх пасадах».

Віктар Цярэшчанка кажа, што праз тыдзень скончыць артыкул пра шляхі выхаду з крызісу:

«Я ўжо напісаў 21 старонку. Яшчэ тыдзень хачу памазгаваць. Я ня сьцёбаю пугай выканаўчую ўладу. І безь мяне ўсе ведаюць, што цяпер усё дрэнна. Я прапаную, што трэба неадкладна зрабіць. Але гэта будзе апошні раз. Навошта мне таптацца і нібыта прасіць пасаду, якая мне не патрэбная?

Я застаюся грамадзянінам Беларусі. І таму кажу выканаўчай уладзе: калі нічога не рабіць, то хутка вам мала не падасца. Калі рабацяга возьме малаток, то яго ніхто ня спыніць. Гэта ж не Лябедзька альбо Статкевіч з малой групай прыхільнікаў. Дый хто будзе страляць у рабочага з гайкавёртам?! Рабацяга ёсьць рабацяга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG