У студзені-жніўні 2017 году ў чатырох абласьцях Беларусі вырас валавы рэгіянальны прадукт, а ў дзьвюх — Магілёўскай і Віцебскай — прадоўжыў падзеньне, што цягнулася ў беларускіх рэгіёнах два гады, перадае БелаПАН.
Лідэрам у эканамічным росьце стала Менская вобласьць: плюс 6,7% ВРП за студзень–жнівень. Іншыя паказалі ў некалькі разоў меншы рост: Берасьцейская — на 2,7%, Гарадзенская — на 1,1%, Гомельская — на 1,3%, у Менску ж ВРП вырас на 1,9%. У Віцебскай вобласьці ВРП упаў на 1,4%, у магілёўскай — на 1,1%.
Агульны валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень–жнівень вырас на 1,6%, да таго за 2016 год упаў на 2,6%.
Беларускія ўлады разьлічваюць на рост ВУП на 1,7% за 2017 год. Міжнародныя структуры ж прагназуюць падзеньне эканомікі за 2017 год: Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — на 0,5%, МВФ — на 0,8%, Усясьветны банк — на 1%.
На 2018 год урад Беларусі мае аптымістычны і кансэрватыўны сцэнары для эканомікі, але нават кансэрватыўны даволі аптымістычны паводле міжнародных мерак.