Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ізалятар крыху «падшаманілі», — гомельскі палітык Васіль Палякоў пра адбыцьцё арышту


Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў быў затрыманы амапаўцамі перад акцыяй 25 сакавіка, калі ён кіраваўся з дому на плошчу Паўстаньня. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы (дробным хуліганстве), непадпарадкаваньні міліцыі і забралі ў ізалятар. Праз два дні суд Савецкага раёну пакараў Палякова 5 суткамі арышту.

Васіль Палякоў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

— Калі меркаваць па міліцэйскіх пратаколах, у беларускіх палітыкаў рытуал такі: ідучы на марш ці іншую акцыю пратэсту, абавязкова брыдка лаяцца. Можа, лепей было б сьпяваць «Інтэрнацыянал» альбо «Марсэльезу»?

— Што б палітык ні казаў, ні сьпяваў, нават калі ён маўчыць ці з жонкай ідзе, як у маім выпадку, міліцыянты ўсё адно чуюць сваю песьню: «17.1 КаАП». У іх аднарукія пляскаюць у далоні, нямыя выкрыкваюць палітычныя лёзунгі. Так ужо «заточаныя» міліцыянты, а тым больш амапаўцы.

Яны чаму мяне затрымалі? Прапаршчык Аляксандар Кучараў казаў, што ён з напарнікамі зьвярнуў на мяне ўвагу таму, што я быў прыстойна апрануты, з заплечнікам на сьпіне. Ішоў удваіх з жанчынай. Ну што яшчэ рабіць суботнім ранкам «прыстойна апранутаму»? Канечне, непрыстойна лаяцца. На гэта толькі й хапае фантазіі ў міліцыянтаў. Мяне дык нават «павагу» аказалі: лаяўся я ня так сабе, а калі амапаўцы запатрабавалі паказаць заплечнік, у якім былі ўлёткі: «Свабоду Ўладзімеру Кацору, «Свабоду Максіму Філіповічу», «Свабоду Віктару Рубцову» — усім, хто сядзеў у той час за кратамі, а да гэтага браў удзел у працы грамадзкага аргкамітэту за адмену «дармаедзкага» дэкрэту № 3.

Думаю, што праз грубыя і беспадстаўныя арышты перад «Маршам недармаедаў-2» улады мелі на мэце чарговы раз прынізіць і судзьдзяў, каб яны пакорліва каралі арыштамі па шытых белымі ніткамі адміністрацыйных пратаколах.

— У побыт вяртаецца выслоўе шасьцігадовай даўніны: «Які ж ты палітык, калі не сядзеў?». Вы ж, відаць, ня першы раз «адлежваліся» на «сцэне» ў ізалятары — нейкія зьмены да лепшага заўважылі?

— Я сядзеў у ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкаму, што на вуліцы Міжгародняй, тры разы — у 2007-м, 2011-м і вось цяпер. Ізалятар крыху «падшаманілі». Лямпачкі энэргазьберагальныя прыдбалі, хоць чытаць пры іх сьвятле, па сутнасьці, немагчыма. Ракавіны новыя паставілі, сьценкі на паўтара мэтра вышынёю ў камэрах вымуравалі пры санвузлах. А ў астатнім — усё тая ж саўковасьць: тэмпэратурны рэжым не захоўваецца, коўдры, якія выдаюць укрывацца, брудныя, сьмярдзючыя, з плямамі невядома якіх выдзяленьняў. Да таго ж коўдра мне трапілася кароткая. Прасьціну чамусьці толькі адну выдаюць. У некаторых камэрах паставілі ложкі, але й «сцэны» захаваліся. На прагулкі за пяць дзён ні разу не выводзілі.У душ таксама не дазволілі схадзіць. З надзеяй толькі глядзеў праз вакно на свой дом, каля якога мяне і забралі амапаўцы.

Напісаў паўдзясятка заяваў на імя начальніка ізалятара, але адказу не атрымаў. Выканалі толькі адно: кантралёры падчас «шмону» перасталі раскідваць па «сцэне» так званыя «спальныя прыналежнасьці». А калі паскардзіўся на холад, то зь першага паверху перавялі на трэці і пасялілі ў адной камэры з курцом.

— Як, на ваш погляд, выявілі сябе на акцыях пратэсту апазыцыйныя структуры?

— Што да Гомля, то дэмакратычныя арганізацыі, на мой погляд, спрацавалі няблага. Мы зьбіралі подпісы за адмену дэкрэту № 3, абмяркоўвалі, што, як і каму рабіць. У аргкамітэт уваходзілі чальцы нашай Абʼяднанай грамадзянскай партыі, БНФ, БХД, руху «За свабоду», Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Але я не хачу сказаць, што мы людзей вывелі на вуліцу. Людзей на вуліцу вывела найперш складаная жыцьцёвая сытуацыя, беспрацоўе, нізкія заробкі. І галоўнае — беспрасьветная пэрспэктыва. Людзі зразумелі, што ўлада няздольная зьмяніць эканамічную сытуацыю да лепшага. А тут праз «дармаедзкі» дэкрэт яшчэ й прынізілі.

Дзе дэмакратычныя структуры зрабілі пэўныя высілкі, там акцыі пратэсту прайшлі арганізавана. У іншых месцах — Мазыры, Сьветлагорску — гараджане стыхійна выходзілі ў цэнтар гораду, але акцыі там былі малалікія і ня надта заўважныя.

Быў, канечне, разнабой у датах правядзеньня акцыяў пратэсту. І да гэтага спрычыніліся найперш сталічныя палітыкі, якія сталі і для рэгіёнаў вызначаць даты вулічных акцыяў.

— Цяпер таксама гучаць прапановы, што трэба беларусам выходзіць на вуліцы, прынамсі, 1, 9 траўня, скарыстоўваючы афіцыйныя сьвяты. Як вам такія прапановы?

— Калі ёсьць імпэт, калі грамадзяне гэтага жадаюць, то чаму б і не скарыстаць. Нельга толькі заклікаць раз-пораз, бо прападзе запал, наступіць стомленасьць. Пратэставы настрой можа сысьці на нуль. Трэба прыслухоўвацца да настрою грамадзтва. Пратэставых выступаў у лютым-сакавіку ніхто не чакаў — ні ўлады, ні апазыцыя. Пратэсты былі выбуховыя. Праз сацыяльныя сеткі настрой хутка перадаваўся ва ўсе канцы. Улады напалохаліся, што апазыцыя ачоліць пратэставыя маршы. Адсюль і хваля рэпрэсіяў для апазыцыйных палітыкаў і блогераў — затрыманьні, суды, штрафы, арышты.

Эканамічная сытуацыя да восені наўрад ці зьменіцца ў лепшы бок, бо Беларусь даўно «падсела» на расейскую нафтагазавую іголку. І ў экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі наша краіна таксама найбольш зьвязаная з расейскім рынкам, дзе пэрыядычна ўспыхваюць так званыя «харчовыя войны».

Мы, са свайго боку, мяркуем, што трэба найбольш грунтоўна рыхтавацца да кампаніі выбараў у мясцовыя саветы. Хопіць там засядаць у дэпутатах начальнікам, якія ніяк не ўплываюць на жыцьцё рэгіёну. Трэба абнаўляць саветы, разьвіваць самакіраваньне, каб самім уплываць на сытуацыю ў сельскім савеце, раёне, вобласьці. Натуральна, зьменаў патрабуе выбарчае заканадаўства. Народ хоча мець права выбару.

Сямнаццаць гамельчукоў былі пакараныя ўладамі за масавую акцыю пратэсту «Марш недармаедаў-2», якая прайшла ў Гомлі 25 сакавіка, на Дзень волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG