Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыць, калі каханы — Статкевіч, Дзьмітрыеў ці Вінаградаў?

На Дзень закаханых Свабода зьвярнулася да тых, чые любыя вядуць у Беларусі ня самую бясьпечную дзейнасьць — палітычную.

Мікола Статкевіч ад 1991 году быў старшынём Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, у 1995 годзе стаў старшынём партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (пазьней — БСДП «Народная грамада»). У 2010 годзе ішоў кандыдатам у прэзыдэнты, быў кінуты за краты, сядзеў без малога пяць гадоў. Цяпер працягвае палітычную дзейнасьць

Жонка Міколы Статкевіча Марына ўпэўнена кажа Свабодзе, што ніколі не хацела б, каб муж працаваў, напрыклад, інжынэрам на заводзе ці школьным настаўнікам: «усё роўна выбіраеш чалавека, зь якім ты ў плыні, зь якім вы глядзіце ў адзін бок». А адгаворваць мужа, калі ён задумвае нейкую палітычную акцыю, «было б сьмешна і недарэчна».

Яна прыгадвае, што знаёмства з будучым мужам было зьвязанае не з палітыкай, а хутчэй з «добрым ветрам пераменаў» на пачатку 1990-х. Спадарыня Марына сумняваецца, што бывае так, каб «сямʼя асобна — палітыка асобна»: яны з мужам дзеляцца рознымі думкамі, у тым ліку пра палітыку. З мужам яна мае багата агульнага, любіць доўгія прагулкі разам.

А калі муж раптам стане дзяржаўным дзеячом ці службоўцам, Марына ня думае, што жыцьцё стане больш прыемным: «гэта цяжкая праца, якая вымагае ад чалавека поўнай аддачы». Але што муж ад яе тады «сыдзе ў працу», не баіцца.

Андрэй Дзьмітрыеў — малады лідэр кампаніі «Гавары праўду», узначальваў штабы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева (2010) і Тацяны Караткевіч (2015), ішоў кандыдатам у дэпутаты (2016). Дзьмітрыеў распавядаў, што пасьля «Плошчы» 2010 году ягоную будучую жонку арыштаваў КДБ — адпусьцілі толькі пасьля таго, як ён даў «прызнаньні» на камэру: супрацоўнікі міліцыі не вінаватыя ў гвалтоўным затрыманьні яго, Някляева і паплечнікаў

Жонка Андрэя Дзьмітрыева Тацяна кажа, што заўсёды падтрымлівае мужа ў ягонай дзейнасьці, падтрымае і тады, калі ён пойдзе на дзяржаўную службу. Разам зь дзецьмі яна «арганізуе яму тыл», хоць бывае, што ёй не хапае мужа, а дзецям — таты.

«Наколькі можа, ён дае нам увагу — хацелася б так думаць. Але хто ж яму дазволіць пайсьці зусім?» — сьмяецца Тацяна.

З мужам яна пазнаёмілася незалежна ад палітыкі, але абмяркоўвае зь ім палітычныя навіны. Супольныя інтарэсы шырэйшыя за палітыку: і музыка, і кіно, і спорт — нядаўна каталіся разам на сноўбордзе. І яна спадзяецца ад мужа на сюрпрыз на Дзень сьвятога Валянціна.

Павал Вінаградаў — беларускі «рэкардсмэн па сутках» сярод палітычных актывістаў: правёў за кратамі больш за 200 дзён у адміністрацыйных справах, працяглы час жыў пад прэвэнтыўным наглядам
Павал Вінаградаў — беларускі «рэкардсмэн па сутках» сярод палітычных актывістаў: правёў за кратамі больш за 200 дзён у адміністрацыйных справах, працяглы час жыў пад прэвэнтыўным наглядам

Сьвятлану і Паўла Вінаградава пазнаёміў агульны сябра, калі яны разам былі ў руху «За свабоду». Пáры давялося брацца шлюбам у калёніі, калі Павал сядзеў за «арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках» пасьля Плошчы-2010. Сьвятлана кажа, з мужам ёй жывецца добра: ужо прывыкла да ўсяго.

«Калі яму падабаецца гэтым займацца, калі ён адчувае сябе шчасьлівым — я толькі „за“! Калі б я яму казала, чым займацца, ён рабіў бы гэта без ахвоты, было бы кепска», — разважае Сьвятлана.

Калі муж ідзе на акцыю, нічога незвычайнага не адбываецца, кажа яна: часам ходзіць зь ім, часам проста чакае яго дома, займаючыся сваімі справамі. Калі не ідзе з мужам, вядома, хвалюецца і пэрыядычна стэлефаноўваецца зь ім, але не баіцца. Палітыка — не адзіны іх супольны інтарэс: напрыклад, кажа Сьвятлана, яны любяць разам гуляць у відэагульні, ды не за рознымі кампутарамі, а за адным, у адной камандзе.

Яны з мужам не адзначаюць Дзень сьвятога Валянціна, бо, як кажа Сьвятлана, ня бачаць асаблівага сэнсу ў гэтым дні: «Калі кахаеш чалавека, калі хочаш зрабіць прыемнае, робіш яму падарункі ў любы дзень, а ня раз на год».

Чытайце таксама:

«Я адзіная ведала, хто такі Джон Сільвэр», — жонка Эдуарда Пальчыса

На Дзень сьвятога Валянціна Дашкевічы пякуць пірог, Севярынец паехаў па цукеркі

Эрас, агапэ, філія: пра паганскія карані Дня сьвятога Валянціна і насьцярожанасьць царквы

Топ-14 беларускіх песень пра каханьне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG