Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэньне ушанаваць памяць рэжысэра і актора Валянціна Ермаловіча. Мэмарыяльную дошку ў яго гонар усталююць на доме, дзе ён жыў.
Сёлета 17 сакавіка грамадзкаму дзеячу, вэтэрану вайны, заснавальніку самадзейнага народнага тэатру, брату гісторыка Міколы Ермаловіча — дзевяноста гадоў. Памёр знаны магілёвец 22 сьнежня 2004 году.
Валянцін Ермаловіч старшыняваў у першай адраджэнскай суполцы Магілёва «Мартыралёг Беларусі». Казаў пра рэпрэсаваную беларускую мову. Рупіўся, каб яна акрыяла. Пастаноўкі ў тэатры «Валянцін» былі беларускамоўнымі.
Пахаваны Валянцін Ермаловіч на паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва. На надмагільлі напісана: «Салдату Другой усясьветнай вайны, Заслужанаму работніку культуры».
Дамагаліся, каб гарвыканкам ушанаваў памяць Ермаловіча кандыдат філялягічных навук Яраслаў Клімуць ды кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін.
Як кажа Ігар Пушкін, наўрад ці магілёўцы пабачаць мэмарыяльную дошку на дзевяностагодзьдзе Валянціна Ермаловіча:
«Засталося няшмат часу, а трэба яшчэ знайсьці фінансаваньне. Але гэты год будзе годам Ермаловіча, таму ўсталюем сёлета».
Выраб дошкі і яе ўсталяваньне, паводле пастановы гарвыканкаму, павінна адбывацца зь небюджэтных сродкаў.