Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч задумаў правесьці першы за шмат гадоў канцэртны тур па Беларусі — канцэрты з WZ-Orkiestra з праграмай «Вясновы дзень» плянуюцца ва ўсіх абласных цэнтрах і шмат якіх раённых.
Паводле арганізатараў, ужо пацьверджаныя канцэрты ў Менску 7 сакавіка (у ДК Шарко), у Віцебску 10 сакавіка (клюб «Торвальд») і ў Астраўцы 5 красавіка (бар «Піўны гетман») . За новымі анонсамі прапануюць сачыць на старонках сьпевака на Facebook і «ЎКантакце».
25 сакавіка плянуецца канцэрт Вайцюшкевіча ў польскай Варшаве.
У лютым Вайцюшкевіч правёў «тэставы» канцэрт на малой радзіме — у Бярозаўцы. Той выступ ён прысьвяціў 25-годзьдзю сваёй сцэнічнай дзейнасьці і Дню роднай мовы.
25 фактаў да 25-годзьдзя на сцэне Зьмітра Вайцюшкевіча
Зьміцер Вайцюшкевіч доўгі час знаходзіўся ў нефармальных «чорных сьпісах» уладаў. Канцэрты адмянялі ў тым ліку празь «непераадольныя перашкоды» і праз «парнаграфічны і экстрэмісцкі характар» вершаў ці то Бураўкіна, ці то Маякоўскага.
Год таму Вайцюшкевіч даў канцэртны тур у ЗША, на Дзень Волі выступаў у Нью-Ёрку.