Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне закрылі справу супраць былога беларускага бізнэсоўца, экстрадыцыю адклалі


Цімафей Кахновіч, архіўнае фота
Цімафей Кахновіч, архіўнае фота

Пракуратура Кіева закрыла крымінальную справу, адкрытую паводле падазрэньня ў незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў супраць былога беларускага бізнэсоўца, цяпер грамадзяніна Ўкраіны Цімафея Кахновіча.

«Пра закрыцьцё справы я ведаю з публічнай заявы прадстаўніка пракуратуры Кіева. Аднак пакуль афіцыйнага паведамленьня на паперы мы не атрымалі», — сказаў Свабодзе Цімафей Кахновіч.

У той жа час, паводле яго, сёньня Апэляцыйны суд Кіева мусіў разгледзець апэляцыю пракуратуры на рашэньне суду першай інстанцыі аб адмове ў экстрадыцыйным арышце на 40 дзён.

«Пракуратура 11 студзеня зьвярнулася са скаргай, якую сёньня павінны былі разгледзець. Але паколькі пракуратура нібыта адклікала сваю скаргу 12 студзеня, і ў суд не прыйшлі матэрыялы з суду першай інстанцыі, то судзьдзя сёньня перанёс паседжаньне на 1 лютага», — сказаў ён.

«У гэтай скарзе пракуратура, як і раней, сьцьвярджае, што я грамадзянін Беларусі. Менавіта на гэтым пабудавана і апэляцыйная скарга. Але сёньня прадстаўнік пракуратуры не прыйшоў у суд», — дадаў Цімафей Кахновіч.

Супрацоўнікі Галасееўскага раённага ўпраўленьня паліцыі Кіева 29 сьнежня 2017 году правялі ператрус у доме Цімафея Кахновіча і затрымалі яго спачатку як грамадзяніна Ўкраіны, а пазьней — як грамадзяніна Беларусі, якога вышукваюць беларускія праваахоўнікі паводле абвінавачаньняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці на падставе запыту ад 2008 году. Кіеўскія сьледчыя хадайнічалі перад судом аб арышце Цімафея Кахновіча, але суд адмовіўся ўхваліць адпаведнае рашэньне.

Цімафей Кахновіч кажа, што зброю яму падкінулі падчас ператрусу, у пацьвярджэньне чаго абнародаваны відэазапіс.

Пасьля таго як гэтая справа займела ва Ўкраіне вялікі рэзананс, пракуратура Кіева адкрыла крымінальную справу паводле прыкмет перавышэньня ўлады ды службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі Галасееўскага ўпраўленьня паліцыі — тымі, хто праводзіў ператрус па месцы жыхарства Цімафея Кахновіча і яго затрыманьне.

Беларус з украінскім грамадзянствам: Ад мяне патрабавалі грошай, пагражаючы экстрадыцыяй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG