Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада хоча з ІП падвойны падатак, а тыя зусім адмаўляюцца плаціць і не выходзяць на працу


Гандлёвы цэнтар «Эвіком» у Віцебску
Гандлёвы цэнтар «Эвіком» у Віцебску

Радыё Свабода пабывала на рынках у Магілеве і Горадні і наведала сход прадпрымальнікаў у Віцебску. Рынкі па-ранейшаму пустыя. Людзі чакаюць, калі абяцаньні Міністэрства па падатках не штрафаваць за продаж тавару без сэртыфікату стануць сапраўдным дакумэнтам. Калі гэта адбудзецца, невядома.

У той жа час на сайце Міністэрства па падатках і зборах зьявілася тлумачэньне.

Прадпрымальнікам прапануюць распрадаць тавар без сэртыфікатаў, заплаціўшы падвойны падатак. Праект адпаведнага ўказу падрыхтаваны, але калі ён пачне дзейнічаць, невядома. Як невядома і тое, якая будзе сума падвойнага падатку. У такіх умовах прадпрымальнікі па ўсёй краіне палічылі за лепшае на працу не выходзіць.

Віцебск: «Спыняем працу і ня плацім падаткі да поўнай яснасьці»

У гандлёвым цэнтры «Эвіком» прайшоў сход прадпрымальнікаў, якія абмяркоўвалі свае бліжэйшыя пэрспэктывы. Агульная выснова сходу: не выходзіць на працу і не плаціць падаткі, пакуль ня будзе яснасьці з працай ва ўмовах дзеяньня ўказу № 222.

У гэтым указе гаворыцца пра дакумэнты на рэшткі тавару, набытага да ўвядзеньня патрабаваньняў абавязковай сэртыфікацыі, і на новы тавар. За адсутнасьць належных дакумэнтаў прадпрымальнікаў чакаюць спагнаньні, але аформіць усе патрэбныя паперы таксама няма магчымасьці. Таму немагчыма і працаваць у такіх умовах.

Яшчэ з учорашняга дня спынілі працу каля 90% віцебскіх прадпрымальнікаў. Гандлёвы цэнтар «Эвіком» не працаваў сёньня зусім: зачынена 95–98% ралетаў На некаторых ралетах вывешаны аб’явы: «З 1 сакавіка не працую да поўнага высьвятленьня ўмоваў працы з улікам нашага звароту». Маецца на ўвазе зварот віцебскіх прадпрымальнікаў да Аляксандра Лукашэнкі, дзе гандляры — ІП-шнікі патрабуюць адмены ўказу № 222. Таксама яны патрабуюць скасаваць міністэрскія пастановы наконт наяўнасьці дакумэнтаў пра тэхрэглямэнт Эўразійскага саюзу. Немагчымасьць атрымаць усе гэтыя дакумэнты і змушае прадпрымальнікаў патрабаваць адмены сэртыфікацыі: такія дакумэнты не прадугледжаныя ў суседняй Расеі, адкуль завозіцца пераважная бальшыня тавараў.

Пакуль сытуацыя няясная, бальшыня ўдзельнікаў сходу вырашыла спыніць працу і не плаціць падаткі. Гэтае рашэньне напрыканцы агучыла Ірына Яскевіч, віцебская актывістка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:

«Я разумею, што вам усім хочацца хутчэй на працу. Але мы можам колькі заўгодна скардзіцца, што нам кепска. Калі ў кагосьці ёсьць нейкія яшчэ прапановы, выказвайцеся, калі ласка! Толькі адзінае, што насамрэч сёньня можна зрабіць, гэта чакаць і не плаціць падаткі».

Ірына Яскевіч (у цэнтры) гутарыць з прадпрымальнікамі
Ірына Яскевіч (у цэнтры) гутарыць з прадпрымальнікамі

На заклік Ірыны Яскевіч выказваць розныя прапановы адгукнуліся многія. Адна з гандлярак, у прыватнасьці, прапанавала заключыць сталую дамову зь юрыстам, каб ён кансультаваў па розных пытаньнях, прыкладам, наконт падаткаабкладаньня:

«Я прапаную, раз мы ўсе тут разам сабраліся, скласьці сьпіс з нумарамі ралетаў, каб потым нікога не шукаць. Запісваемся ўсе, хто хоча атрымаць юрыдычныя кансультацыі. Вызначым нейкі дзень, і будзем зьбірацца, да прыкладу, штомесяц!»

Прадпрымальнікі гаварылі пра неабходнасьць юрыдычнай дапамогі, пра патрэбу ў стварэньні нейкай асобнай грамадзкай арганізацыі, якая б бараніла іхныя інтарэсы, пра выхад на сродкі масавай інфармацыі, каб можна было распавесьці пра свае праблемы.

У свой час былі спробы стварыць прафсаюз прадпрымальнікаў «Разам», але яго не зарэгістравалі. Дзейнічае хіба толькі аргкамітэт па стварэньні гэтага прафсаюзу, якім кіруе Ірына Яскевіч. Што да сувязяў са сродкамі масавай інфармацыі, то прысутныя на сходзе адразу адзначылі, што прасіць дапамогі ў дзяржаўных СМІ — гэта марная справа, бо ўжо былі выпадкі, калі прадпрымальнікам адмаўлялі ў публікацыі артыкулаў.

Таму на сходзе вырашылі, што займацца інфармаваньнем будуць самі. Некалькі чалавек запісаліся ў ініцыятыўную групу, адной з задач якой будзе менавіта інфармаваньне: прадпрымальнікі «Эвікому» вырашылі падрыхтаваць улёткі для пакупнікоў, каб патлумачыць, чаму кірмашы спынілі працу. Яшчэ вырашылі даслаць афіцыйныя запыты ў падатковую інспэкцыю, каб адтуль даслалі дэталёвы адказ пра падаткі. А таксама зьвярнуцца да кантралюючых арганізацыяў: каб праверылі тых, хто ўсё-ткі выйшаў гандляваць безь неабходных дакумэнтаў, пакуль іншыя спынілі працу.

А праца, кажуць віцебскія прадпрымальнікі, будзе спыненая да тае пары, пакуль яны ня ўбачаць новы дакумэнт, які або выйдзе замест указу № 222, або растлумачыць нейкія новыя ўмовы працы. І толькі тады, калі гэты новы дакумэнт іх задаволіць, яны вернуцца на працоўныя месцы.

Гародня: Хочам удзельнічаць у раcпрацоўцы правілаў сваёй працы

Пераважная большасьць прадпрымальнікаў на гарадзенскіх рынках ня выйшла на працу. У гандлёвых радах — толькі тыя, хто гандлюе беларускім таварам, і тыя, у каго ёсьць усе неабходныя для працы дакумэнты. Астатнія прадпрымальнікі кажуць, што ня выйдуць працаваць, пакуль ня будзе адменены ўказ № 222.

На «Цэнтральным» рынку ў Горадні
На «Цэнтральным» рынку ў Горадні

На гарадзенскіх рынках сёньня зацішша. Дзе-нідзе гандляры прадаюць беларускі тавар, але пакупнікоў практычна няма. На «Цэнтральным» рынку на ніжняй пляцоўцы на гандлёвых радах — ніводнага прадаўца і ніводнага пакупніка, час ад часу заходзяць цікаўныя. А вось на верхняй пляцоўцы дзе-нідзе шапікі адчыненыя.

Вось гандлярка, ссутуліўшыся ад ветру, ходзіць побач з сваім шапікам зь беларускім таварам. Яна тлумачыць, чаму на рынку няма гандляроў — нават пасьля таго, як улады заявілі, што ня будуць рабіць пакуль праверак і ўсе могуць спакойна гандляваць.

— У людзей шмат засталося астаткаў, яны не прададзеныя, але дакумэнтаў няма — значыцца, усё роўна нельга гандляваць, бо будуць штрафы. Людзі пакуль чакаюць нейкага выніку ад дзяржавы.

А вось прадпрымальнік спадар Андрэй кажа, што і ён, і тыя, хто ня выйшаў на працу, больш ня вераць абяцаньням з тэлевізара, а чакаюць, калі ўлада ўзаконіць продаж тавару.

— Уся наша праца як бы неафіцыйная, бо няма адпаведнага дакумэнту з боку дзяржавы, а тое, што яны вусна абяцаюць — людзі ўжо словам ня вераць. Здаецца, летась было такое, калі абяцалі, што праверак ня будзе, а потым пачалі праводзіць маніторынг і канфіскоўвалі тавар. Таму і няма даверу, і людзі чакаюць, а так выходзіць і працаваць баяцца.

Прадпрымальнік Юры з «Паўднёвага» рынку кажа, што нібыта на сёньня дзяржава прызнала, што існуе праблема з малым бізнэсам, і спрабуе яе нейкім чынам вырашыць. Але, на яго думку, гэта робіцца без удзелу прадстаўнікоў самога малога бізнэсу, і распрацоўкай новага ўказу займаюцца пераважна прадстаўнікі буйнога бізнэсу, якія раней распрацоўвалі ўказ № 222.

Паводле прадпрымальніка, распрацоўшчыкі новага ўказу прапануюць павялічыць падатковую нагрузку на ІП-шнікаў у два разы, і адначасова вядзецца размова пра паніжэньне арэнднае платы. Але гэта, паводле спадара Юрыя, можа задаволіць прадпрымальнікаў у гандлёвых цэнтрах, а ня дробных гандляроў.

— У мяне на рынку арэндная плата за маё невялікае месца — усяго 500 тысяч, а арэндная плата ў гандлёвым цэнтры складае такую суму за адзін квадратны метар — гэта па мінімуме. І вось зьніжэньне арэнднай платы ў вялікіх гандлёвых цэнтрах дазволіць прадпрымальнікам без асаблівых цяжкасьцяў заплаціць павышаныя стаўкі падатку, а для мяне, нават калі гэтая арэнда зьнізіцца, гэта не рашэньне праблемы. Выходзіць, што дробным гандлярам давядзецца ў выніку ў разы плаціць болей, чым больш буйным прадпрымальнікам.

Вось некалькі спадарынь стаяць побач з сваімі зачыненымі шапікамі. Спрабую зь імі паразмаўляць, але ўсе, акрамя спадарыні Галіны, адразу разыходзяцца. Кажуць, што няма пра што казаць, іхні бізнэс спыніцца і пасьля новага ўказу — бо падатак можа павялічыцца больш як на мільён, а гэтага цяжару яны ня вытрымаюць.

Цікаўлюся ў спадарыні Галіны — што яна зьбіраецца далей рабіць?

— Ня ведаю, можа, зьедзем з гэтае краіны. А што сядзець тут і плакаць...

— А што з таварам будзеце рабіць?

— Раздару альбо раздам людзям, я добры чалавек. Людзі за мяне памоляцца, а гэтая дзяржава... як сабе хоча.

— Як думаеце — чаму дзяржава ня ўлічвае вашых інтарэсаў?

— Таму што мы для яе ня людзі, а чаўнакі. Мы, бачыце, ня платнікі для іх падаткаў, мы звычайныя чаўнакі. Што нам, нехта дахаты грошы прыносіць, калі мы стаім у мінусах паўгода? Паглядзіце, як цяпер народ апранаецца, ва ўсім капеечным. Некалі ў нас людзі прыгожа апраналіся, а цяпер... Няма грошай у буціках апранацца. Некалі ў нашым горадзе людзі апраналіся лепш за ўсіх, але тыя часы мінулі.

Магілёў: Усюды неразбярыха. Кожны са за сябе

У Магілёве ад 1 сакавіка найвялікшы ў горадзе рынак «Віленскі» стаіць бяз большай часткі гандляроў. Палаткі выстаўляюць тут толькі адзінкавыя прадпрымальнікі. Нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, што лішкі тавару гандляры могуць прадаваць, не баючыся праверак, — рызыкаваць мала хто гатовы. Тым часам у гандлёвых цэнтрах іхныя калегі аднавілі працу.

«Віленскі» рынак без гандляроў і пакупнікоў
«Віленскі» рынак без гандляроў і пакупнікоў

Прадпрымальнікі, якія выйшлі сёньня на рынак, адкрыта гаварыць пра сытуацыю адмаўляліся. Спасылаліся на праблемы, якія могуць быць праз гутарку з журналістамі. Прыватна прызнаваліся, што калегі, якія гандляваць ня выйшлі, іх выхад на працу не ўхвалілі.

На думку гандляроў, з кожным днём выстаўленых палатак будзе на рынку ўсё болей, аднак гэты працэс ня пойдзе хутка:

«Нібыта ўлада дала задні ход, але дагэтуль дакумэнтаў жа ніякіх няма. Абяцаюць, што праверак ня будзе. Мы гатовыя плаціць болей, але пры гэтым мець гарантыі, што нас ня будуць чапаць з гэтымі сэртыфікатамі, якіх няма дзе ўзяць. Некаторыя падаткі заплацілі, дык хоць бы лішкі далі распрадаць. Калі нічога ня зьменіцца ў сакавіку, то ў красавіку ня мае сэнсу працаваць. Усюды неразьбярыха. Кепска, што ў нас няма ніякай арганізаванасьці. Кожны за сябе», — тлумачаць гандляры.

Тым часам пакупнікі, які наведаліся на рынак, былі шакаваныя ўбачаным. Некаторыя не хавалі свайго зьдзіўленьня, што рынак застаўся без гандляроў. Некаторыя ж апошнімі днямі ходзяць сюды, спадзеючыся, што гандляры ўжо выйшлі на працу.

«Жахліва. А што, рынак зачыняюць? Мо зноў пратэстуюць? Але супраць чаго, мы ня ведаем», — выказваюцца двое маладзёнаў.

«Мяне зьдзівіў пусты рынак. Казалі, што ў гандляроў няма сэртыфікатаў на тавар іхны. Мы прывыклі ўжо да рынку. Тут жа можна што таньней набыць. І выбар прадукцыі — мо ў крамах і лепшыя рэчы, але ж там неяк усё стандартнае. Таму ідуць усе на рынак», — кажа жанчына сталага веку.

Гэтай жа думкі трымаецца і яшчэ адна кабета. Яна зазначае, што ў Беларусі апошнімі днямі на працу ня выйшлі да 80 працэнтаў прадпрымальнікаў. Вычытала гэта, кажа, у інтэрнэце:

«Я ня ведаю, як будзем далей жыць бяз рынкаў, як будуць апранацца. Я з гандлярамі гаварыла, дык яны мне казалі, што на тры месяцы ім дазволілі старыя тавары прадаваць. А вось па новыя ім жа, відаць, езьдзіць няма як. Што мы, будзем з унівэрмагу апранацца? Я была там, але там дорага і мне ня ўсё падабаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG