Расейскія вайскоўцы атакуюць крымскіх памежнікаў http://t.co/DTUitd8hcW #Євромайдан
— Радыё Свабода (@svaboda) 3.3.2014
Усе краіны "Вялікай сямёркі" замарозілі падрыхтоўку да саміту G8 у Сочы #Євромайдан
— Радыё Свабода (@svaboda) 3.3.2014
У тэлефоннай размове прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран назвалі непрымальнымі дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны на тэрыторыі Крыму. Абама і Кэмэран папярэдзілі Маскву аб «значных стратах» ў выпадку, калі Расея ў бліжэйшыя гадзіны ня выведзе свае войскі з тэрыторыі Крыму.
«Яны пагадзіліся, што дзеяньні Расіі абсалютна непрымальныя. Яны таксама дамовіліся, што для дээскаляцыі канфлікту патрэбен непасрэдны дыялёг паміж Украінай і Расеяй », — піша прэс-сакратар Даўнінг-стрыт.
Калегія Генэральнай пракуратуры Ўкраіны нагадала ў нядзелю вайскоўцам Узброеных сіл, што яны прысягалі на вернасьць ўкраінскаму народу, такім чынам выкананьне імі патрабаваньняў па здачы зброі, пакіданьне ваеннай тэхнікі і месцаў дыслякацыі будзе расцэньвацца як дзяржаўная здрада з адпаведнымі прававымі наступствамі.
У звароце таксама нагадваецца аб незаконнасьці шэрагу дзеяньняў і рашэньняў па захопу і спыненьні дзейнасьці канстытуцыйных органаў улады, а таксама спробы неправамерна падпарадкаваць падразьдзяленьні праваахоўных органаў Украіны мясцовай улады або стварэньне так званых мясцовых праваахоўных органаў. Генэральная пракуратура Ўкраіны, у прыватнасьці, ужо падала ў адміністрацыйны суд пазоў аб адмене шэрагу рашэньняў, прынятых 27 лютага Вярхоўнай Радай Крыму, у прыватнасьці, аб выказваньні недаверу Радзе міністраў Крыма, спыненьне яе дзейнасьці, прызначэньне Сяргея Аксёнава на пасаду кіраўніка крымскага ўрада, а таксама аб арганізацыі і правядзеньні рэспубліканскага (мясцовага) рэфэрэндуму па пытаньнях удасканаленьня статусу і паўнамоцтваў крымскай аўтаноміі.
Пры гэтым акупацыйныя войскі ў Крыме ўжывалі сьветлашумавые гранаты. Украінскія войскі выконваюць загад да стрыманасьці. Расейскія вайскоўцы, выкарыстоўваючы светлашумавыя гранаты, захапілі амаль усе будынкі ўкраінскай ваеннай часткі 4515 у Бельбеку. Пра гэта «Украінскай праўдзе» распавёў салдат роты аховы часткі 4515 Раман Берагавы:
«Расейцы прыехалі сюды тры дні таму. Спачатку яны занялі будынак, дзе заля абслугоўваньня дэлегацый, куды прыляталі Януковіч і іншыя. На наступны дзень занялі памяшканьне, дзе нашы самалёты стаялі, потым атачылі варту. Сёньня расейцы штурмавалі каравул, кідалі сьветлашумавые гранаты. Спачатку сказалі здаваць зброю. Караул адмовіўся. А вечарам сталі закідваць сьветлашумавыя гранаты. Мы не адказвалі, таму што загаду зьверху няма. Яны забралі зброю. У нас не было загаду ўступаць у бой. Мы не адказвалі на правакацыі. Здалі каравул, здалі склады. Па стане на гэты момант яны занялі амаль усю частку. Застаўся толькі адміністрацыйны будынак і сьцяг. Вось мы іх зараз ахоўваем. Занялі абарону», — сказаў ён.
Пры гэтым Берагавы падкрэсьліў, што камандзір часткі і ўся частка гатовыя змагацца.
Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун накіраваў ва Ўкраіну свайго намесьніка Яна Эліясана па выніках кансультацый у Радзе бясьпекі і ў сувязі з разьвіцьцём становішча ва Ўкраіне, заявіла ў нядзелю ў Нью-Ёрку прэс-сакратар кіраўніка ААН. Паводле гэтага паведамленьня, Эліясан накіроўваецца ва Ўкраіну ўжо вечарам у нядзелю па амэрыканскім часе. Ва Украіне намесьнік генэральнага сакратара ААН асабіста ацэніць становішча на месцы і затым паведаміць генсакратару пра тое, якія далейшыя крокі можа зрабіць ААН для разрадкі сытуацыі, гаворыцца ў паведамленьні.
Кітай паважае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, заявіў у нядзелю ў Пэкіне прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая. Кітай «здаўна прытрымліваецца прынцыпу неўмяшаньня ва ўнутраныя справы», заявіў Цынь Ган, камэнтуючы журналістам сытуацыю ва Ўкраіне.
Кітай занепакоены гэтым становішчам і заклікае датычных да палітычнага вырашэньня рознагалосьсяў шляхам дыялёгу і перамоў на аснове захаваньня міжнароднага права і нормаў міжнародных адносін для забесьпячэньня міру і стабільнасьці ў рэгіёне, прывяло словы прадстаўніка МЗС кітайскае агенцтва «Сіньхуа». Па словах прадстаўніка МЗС КНР, Кітай працягвае ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзей ва Ўкраіне.
У той жа час, як вынікае з паведамленьня, ён ня стаў і наўпрост вінаваціць Расею ў парушэньні міжнароднага права яе вайскоўцам уварваньнем ва Ўкраіну, як зрабіла шэраг іншых дзяржаў сьвету.
Прадстаўнікі сямі вядучых індустрыяльных дзяржаваў сьвету – гэтак званай «Вялікай сямёркі» заявілі, што прыпыняюць ўдзел у плянаваным міжнародным саміце ў Расеі. Белы Дом выступіў з такой супольнай заявай ад імя лідэраў сямі краінаў, прэзыдэнта Эўрапейскай Рады і прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі. У заяве гаворыцца, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне парушаюць прынцыпы і каштоўнасьці «Вялікай сямёркі» і «Вялікай васьмёркі».
У «Вялікую сямёрку» ўваходзяць Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія. У «Вялікую васьмёрку» акрамя гэтых краінаў ўваходзіць Расея, якая мелася правесьці саміт «васьмёркі» ў Сочы ў чэрвені.
Яны прыехалі на некалькіх мікрааўтобусах, у аднаго зь якіх расейскія нумары. Як паведаміў журналістам капітан III рангу Сяргей Шамшура, невядомыя людзі ў форме не вылучаюць ніякіх патрабаваньняў, марскія памежнікі знаходзяцца на сваіх пастах, зброя Керчанскага атраду марской аховы знаходзіцца пад кантролем ўкраінскіх вайскоўцаў, атрыбутыка марской часткі захаваная.
Урад Нямеччыны паведаміў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пагадзіўся на прапанову стварыць міжнародную «кантактную групу» ў пытаньні Ўкраіны.
Паводле ўрадавага паведамленьня, Пуцін пагадзіўся на прапанову канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель «неадкладна стварыць дасьледчую місію, а таксама кантактную групу, магчыма пад кіраўніцтвам АБСЭ, каб распачаць палітычны дыялёг».
У заяве гаворыцца, што Мэркель выказала такую ідэю ў тэлефоннай размове, падчас якой яна абвінаваціла Пуціна ў парушэньні міжнародных законаў шляхам «непрымальнай» расейскай інтэрвэнцыі ў Крыме.
Што вы тут сьцеражэце? Хто вас корміць? Украінец затроліў расейскі дэсант. Яны хавалі твары http://t.co/6AqVK2T4Hv #Євромайдан
— Радыё Свабода (@svaboda) 2.3.2014
Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заклікаў Расею вывесьці свае войскі з Украіны і ўстрымацца ад умяшаньня ў іншых частках гэтай краіны.
Раней у нядзелю Расмунсэн заявіў, што увод расейскіх войскаў у Крым «пагражае міру і бясьпецы ў Эўропе. Расея павінна спыніць свае вайсковыя дзеяньні».
Першы віцэ-прем'ер Украіны Віталій Ярэма падчас ток-шоў "Шустэр Лайф" на "5-м канале" сказаў, што межы паміж Украінай і Расеяй могуць быць перакрыты і ўсталяваны жорсткі кантроль за перасячэньнем мяжы грамадзянамі Расеі.
Паводле Ярэмы, на прарасейскія мітынгі ва ўсходнія рэгіёны Украіны завозяць грамадзян Росеі. «На мітынгі прыцягваюцца асобы, прывезеныя з Расейскай Фэдэрацыі - гэты мы даказваем сёньня дакумэнтальна», - сказаў ён.
Кіраўнік украінскага цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Цімчук напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што контр-адмірал Дзяніс Беразоўскі прынёс прысягу на вернасьць «жыхарам аўтаномнай рэспублікі Крым і горада Севастопаля» пад прымусам, бо ягоную сям'ю выкралі.
Раней сёньня Беразоўскі быў вызвалены ад пасады камандуючага Ваенна-Марскіх Сіл Узброеных Сіл Украіны ўказам выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандра Турчынава пасьля таго як у сеціве зьявілася відэа з такой прысягай. Намесьніца кіраўніка Рады нацыянальнай абароны Ўкраіны Вікторыя Сюмар паведаміла, што супраць Беразоўскага заведзеная крымінальная справа па факту здрады. Міністар абароны абавязкі камандуючага ВМС Украіны ўсклаў на контр-адмірала Сяргея Гайдука.
Украіна можа закрыць дзяржаўную мяжу з Расеяй #Євромайдан
— Радыё Свабода (@svaboda) 2.3.2014
Вялікая колькасьць невядомых людзей і расейскіх вайскоўцаў штурмам узяла штабы Азова-Чарнаморскага рэгіянальнага ўпраўленьня і Сімферопальскага памежнага атрада.
Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.
Паводле паведамленьняў, тыя, хто нападаў выламалі ўсе дзьверы, зьнішчылі аўтаматызаваныя працоўныя месцы і сродкі сувязі. Пакоі захоўваньня зброі былі зачыненыя і памежнікі не дапусьцілі захопу зброі.
Міністар замежных спраў Чэхіі Любамір Зааралэк выклікаў расейскага амбасадара Сяргея Кісялёва, каб паведаміць яму, што лічыць дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Крыма і іншых рэгіёнаў Украіны «неадэкватнымі і агрэсіўнымі»:
«Ужываньне воінскіх падразьдзяленьняў супраць сувэрэннай суседняй дзяржавы, з чым пагадзілася верхняя палата парлямэнта Расейскай Фэдэрацыі, зьяўляецца абсалютна неапраўданым крокам, груба супярэчыць прынцыпам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, а таксама парушае Статут ААН і так званы Будапэшцкі мэмарандум 1994 года, у якім Расея, Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія абавязаліся паважаць незалежнасьць і сувэрэнітэт Украіны », -- цытуе словы Любаміра Зааралэка амбасада Чэхіі ва Ўкраіне.