Украіна з другога квартала 2016 году плянуе аднавіць экспарт электраэнэргіі ў Беларусь і Малдову. Украінскі бок ужо вядзе перамовы па гэтым пытаньні.
Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Аляксандар Свэтэлік.
«З другога квартала экспартныя магчымасьці будзем выстаўляць на аўкцыён. Будзем загружаць Беларусь і Малдову», — сказаў Свэтэлік.
Як сказаў карэспандэнту Свабоды эканаміст Барыс Жаліба, украінская электраэнэргія будзе для Беларусі таньнейшая, чым расейская:
«Беларусі выгадна купляць электраэнэргію ва Ўкраіны. І калі Ўкраіна, як і раней, адновіць пастаўкі, то гэта будзе ня кепска. Значыць, будзем меней купляць у Расеі, калі яна там даражэйшая».
Пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь і Малдову былі спыненыя ў 2014 годзе з-за вострага дэфіцыту энэргетычнага вугалю дзеля патрэбаў цеплавых электрастанцыяў краіны, перадае УНІАН.
Экспарт электраэнэргіі ў Беларусь быў спынены Ўкраінай з 1 кастрычніка 2014 году. Беларусь імпартавала невялікія аб’ёмы ўкраінскай электраэнэргіі параўнальна з расейскай.
У мінулым годзе міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў, што Беларусь гатовая пастаўляць Украіне электраэнэргію і што гэта, маўляў, ініцыятыва ўкраінскага боку.
Міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Уладзімер Дзямчышын заявіў, што Ўкраіна не адчувае неабходнасьці імпартаваць электраэнэргію з Расеі, бо, каб забясьпечыць краіну, сваіх магутнасьцяў дастаткова.
Украіна 13 лістапада 2015 году спыніла імпарт расейскай электраэнэргіі. Гэта стала магчымым, калі на энэргаблёку № 3 Ровенскай АЭС скончылі рамонтныя працы і падключылі яго да нацыянальнай энэргасыстэмы.