Міністар эканомікі Эстоніі Крыстэн Міхал падтрымаў пазыцыю Літвы, якая лічыць, што краіны Балтыі, Фінляндыя і Польшча не павінны купляць электраэнэргію з атамных станцыяў, якія будуюцца ў Астраўцы і Калінінградзкай вобласьці.
Пра гэта паведамляе BNS (Балтыйская служба навінаў) па выніках сустрэчы ў Таліне Крыстэна Міхала зь міністрам энэргетыкі Літвы Рокасам Масюлісам. Сустрэча адбылася 7 студзеня.
Міністры заявілі, што абедзьве дзяржавы будуць шукаць спосаб, каб не дазволіць імпарт «бруднай» электраэнэргіі з гэтых атамных станцыяў. Спэцыялісты Літвы і Эстоніі неадкладна прыступаюць да пошуку варыянтаў.
Гэтае пытаньне намячаецца падняць і на пасяджэньні Балтыйскай рады міністраў у канцы студзеня.
Ініцыятыва Літвы грунтуецца на тым, што атамныя станцыі, якія ўзводзяць Беларусь і Расея, пагражаюць навакольнаму асяродзьдзю. Акрамя таго, яны ствараюць несумленную канкурэнцыю на рынку электраэнэргіі. Літоўцы прапануюць спачатку абмеркаваць праблему на рэгіянальным роўні, а пасьля — і на роўні Эўразьвязу.
Ва ўмовах адсутнасьці дастатковай інфармацыі аб праекце занепакоеная дзеяньнямі Беларусі Літва зьвярнулася ў справе будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы ў Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі. У чэрвені 2015 году камітэт прадставіў высновы, згодна зь якімі Беларусь парушала палажэньні канвэнцыі.