Сябра Партыі БНФ Віталя Паўлава з Воршы будуць судзіць за інцыдэнт падчас назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 11 верасьня.
Віталя Паўлава зьвінавацілі ў дробным хуліганстве і склалі пратакол паводле акртыкулу 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Аднак Віталь сьцьвярджае, што ніякага правапарушэньня не ўчыняў, а адміністрацыйны перасьлед стаўся вынікам ягонай спробы трапіць у Менск на вулічную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў», якая адбылася 12 верасьня.
Як паведаміў Свабодзе Віталь Паўлаў, яго затрымалі дарогай на аршанскі чыгуначны вакзал 12 верасьня, адкуль актывіст меўся выехаць у Менск. Двое міліцыянтаў Валянцін Межусь і Руслан Папко пад пагрозай сілы змусілі актывіста сесьці ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі, зьмясьцілі ў камэру часовага ўтрыманьня, а затым прапанавалі азнаёміцца з адміністрацыйным пратаколам. Паводле пратаколу, напярэдадні, у дзень галасаваньня 11 верасьня, на ўчастку № 5, дзе Віталь Паўлаў прысутнічаў у якасьці назіральніка, ён, нібыта, мацюкаўся і абражаў старшыню камісіі Натальлю Вайцаховіч, за што быў выдалены з участка. Пры гэтым маёр міліцыі Андрэй Лапцінскі не дазволіў пазнаёміцца з заявай, на падставе якой быў складзены пратакол.
Як паведаміў Віталь Паўлаў, ён рабіў заўвагі старшыні камісіі, якая перашкаджала назіраць за падлікам галасоў, аднак мацюкоў і абразаў не выказваў, і з участка ніхто яго не выдаляў. Месца для галасаваньня ён пакінуў пасьля закрыцьця ўчастка самастойна, разам з актывістам АГП Аляксандрам Крывіцкім. Тым ня менш, пратакол быў накіраваны ў суд, які прызначыў разгляд справы на 28 верасьня.
Віталь Паўлаў называе свой адміністрацыйны перасьлед палітычна матываваным, скіраваным на тое, каб перашкодзіць ягонаму ўдзелу ў палітычнай акцыі ў Менску і ягонай грамадзка-палітычнай актыўнасьці ў Воршы.