Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам зьвярнуў увагу на працаўладкаваньне цяперашніх дэпутатаў.
«Можа, будуць нейкія пажаданьні па працаўладкаваньні дэпутатаў, якія сыходзяць з парлямэнту, але не з палітычнага жыцьця. Паглядзіце, каб дэпутаты, якія сыходзяць з парлямэнту, былі запатрабаваныя ў жыцьці. Тыя, хто хоча яшчэ працаваць. Бо там жа ёсьць і „ўзроставыя“ людзі, якія, можа, ужо і ня будуць працаваць і ня хочуць працаваць далей. А ёсьць дэпутаты, якіх мы проста страціць ня можам. І я кіраўніку адміністрацыі сёньня даручыў, каб былі вычлененыя тыя пасады, якія ў нас вакантныя. І намі шэраг дэпутатаў будуць запатрабаваныя. Пра што мы з вамі і гаварылі».
Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што работа па працаўладкаваньні дэпутатаў, якія сыходзяць, ужо праводзіцца. Засталіся непрацаўладкаванымі 28 дэпутатаў.
«На сёньняшні дзень разам з адміністрацыяй прэзыдэнта, урадам і губэрнатарамі мы ўжо вырашылі пытаньне ў дачыненьні да 21 дэпутата», — сказаў Андрэйчанка.
Паводле вынікаў мінулых выбараў, у Палату прадстаўнікоў пераабраныя 28 дэпутатаў. Зноў трапіў у Палату і Ўладзімер Андрэйчанка.
Лукашэнка і Андрэйчанка таксама абмеркавалі фармат плянаванай сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканьняў. Плянуецца зварот кіраўніка Беларусі да новага складу.
«Будучым дэпутатам будзе цікава паслухаць, чым займаўся парлямэнт учора і чым будзе займацца заўтра. Гэта ж не прыйсьці пасядзець або прапусьціць сэсію — такая добрая і вольная праца. Гэта цяжкая праца», — цытуе БелТА Лукашэнку.