Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы адмянілі выступ барда Доўгушава да юбілею Караткевіча

абноўлена

Сяргей Доўгушаў, архіўнае фота
Сяргей Доўгушаў, архіўнае фота

У музэі паведамілі, што для выступу канцэрце да 85-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча Сяргею Доўгушаву ня хопіць часу.

А перад учорашнім канцэртам па загадзе раённага аддзела культуры тэрмінова мянялі аздабленьне сцэны.

Сяргей Доўгушаў — артыст дзяржаўнай філярмоніі, вакаліст праектаў Harmonic style project, SD і групы «Вурай». Ягоны выступ быў заплянаваны 27 лістапада а 17 гадзіне ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Паведамленьне пра адмену канцэрту ён атрымаў па электроннай пошце.

Ліст дасланы ад імя дырэктаркі музэя Ліны Гатоўскай. Прычына таго, што канцэрт не адбудзецца, — раптоўная зьмена складу выступоўцаў — удзельнікаў літаратурна-музычнай праграмы. А 18-й вечара музэй зачыняецца, паведаміла дырэктарка, так што выступіць нават пасьля ўсіх іншых у артыста няма ніякай мажлівасьці.

Спадар Доўгушаў кажа, што ён абражаны настолькі, што нават ня стаў нешта яшчэ ўдакладняць. Артыст адмыслова зьмяніў свой канцэртны графік, каб прыехаць на гэты выступ да 85-х угодкаў Караткевіча. Тым болей што пісьменьнік — ягоны зямляк.

Падтрымаць сьпевака вырашылі ягоныя аршанскія сябры. Ён усё адно выступіць у Воршы, хоць і не для шырокага кола слухачоў.

Падобнае ў ягонай артыстычнай кар’еры здараецца ўпершыню, кажа Сяргей Доўгушаў. Раней ён не аднойчы выступаў у Воршы, у тым ліку ў музэі Караткевіча. Нейкі час таму атрымаў афіцыйнае запрашэньне выступіць з канцэртам 27 лістапада, даслаў пералік песень з тэкстамі, узгадніў рэпэртуар. Ён ні разу ня чуў, каб яго занесьлі ў лік забароненых музыкаў, і не разумее перастрахоўкі ў аршанскім музэі.

Яшчэ адну праяву «перастрахоўкі» назіралі ўчора тэхнічныя работнікі аршанскага гарадзкога цэнтру культуры. За колькі хвілін да ўрачыстага канцэрту, які меўся распачацца ў чарадзе сьвяточных мерапрыемстваў, супрацоўнікам загадалі тэрмінова памяняць аздабленьне сцэны, падрыхтаванае адмыслова да юбілею Караткевіча. На задніку сцэны быў намаляваны беларускі арнамэнт — у традыцыйных колерах, чырвоным на белым. Загадчыца аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Ганна Сьвятлова ўбачыла ў гэтым алюзію да бел-чырвона-белага сьцяга. І аддала загад завесіць «крамольны заднік», пакуль гэтага не заўважылі гледачы.

Але Ворша — не настолькі вялікі горад, каб гэтага не заўважылі і не пераказалі. Пра замену аздабленьня сцэны на ўмовах ананімнасьці распавялі працаўнікі гарадзкога цэнтру культуры, якія ня бачаць у беларускім арнамэнце нічога падазронага — у адрозьненьне ад чыноўніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG