19 траўня ў Менску праходзяць паседжаньні працоўных падгруп па бясьпецы і гуманітарных пытаньнях, створаных у рамках трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне. Перамовы праходзяць у закрытым фармаце ў комплексе «Дыпсэрвіс-Хол».
Сярод асноўных праблемаў, якія абмяркоўваюцца на перамовах, — спыненьне агню і тэрміновае вызваленьне ўсіх закладнікаў.
Пра гэта паведамляе ў Facebook прадстаўнік украінскага прэзыдэнта Ірына Герашчанка:
«Асноўныя тэмы: тэрмінова вызваліць усіх закладнікаў; гуманітарныя грузы, якія павінны прайсьці ўвесь неабходны мытны кантроль; выкананьне пагадненьня аб спыненьні агню. Фармат, як бы хто ні хацеў яго зьмяніць, трохбаковы і нязьменны: Украіна — Расея — АБСЭ», — піша Герашчанка.
Рашэньне пра пачатак працы чатырох падгрупаў — па эканоміцы, па гуманітарных пытаньнях, па палітычных пытаньнях і па бясьпецы — было прынята 6 траўня ў Менску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне ў фармаце Украіна — АБСЭ — Расея з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік». Працу кожнай падгрупы каардынуе прадстаўнік АБСЭ.
14 траўня ў Менску прайшло першае паседжаньне падгрупы па эканамічных пытаньнях, на якім абмяркоўваліся пытаньні аднаўленьня банкаўскай сыстэмы ў шэрагу рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.