З прычыны маразоў магілёўская абласная арганізацыя «Чырвонага крыжа» адкрывае пункты абагрэву. У вобласьці іх будзе 32.
Першы пункт адкрыўся на цэнтральным рынку Магілёва 5 студзеня. Тут разгарнулі намёт, у якім ахвотным прапаноўвалі гарачую гарбату. Тыя, хто меў патрэбу, маглі выбраць для сябе цёплую адзежу. Валянтэры «Чырвонага крыжа» раздавалі мінакам буклеты з парадамі, як не захварэць на грып і не прастудзіцца.
Паводле кіраўніка абласной арганізацыі «Чырвонага крыжа» Андрэя Нікіціна, на працягу дня ў цэнтар часовага перабываньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства перададуць пакеты з вопраткай ды сродкамі асабістай гігіены. На базе цэнтру таксама адкрыецца пункт абагрэву.
«Гэта ніякая не піяр-акцыя, — сказаў карэспандэнту Свабоды Андрэй Нікіцін. — „Чырвоны крыж“ такой справай займаецца заўсёды. Мы грамадзкая, гуманітарная арганізацыя, якая прыйшла ў Беларусь 140 год таму, каб дапамагаць людзям незалежна ад таго, хто яны. Сёньня сюды ўжо прыходзілі людзі, якія былі на заробках у Расеі. Ім не заплацілі, і яны апынуліся бяз сродкаў да існаваньня. І такіх людзей нямала».
Наведнікі рынку ўспрынялі адкрыцьцё пункту абагрэву з асьцярогай. У намёт заходзілі толькі пасьля запрашэньня, альбо пабачыўшы, што там ужо ёсьць людзі. Некаторых даводзілася пераконваць, што гарбату ў намёце даюць бясплатна. Адпуджвалі людзей і тэлевізійныя камэры.
Гандляры з рынку прасілі бадзягаў, якія падпрацоўвалі ў іх, каб тыя прынесьлі ім гарбаты. Самі ж да намётаў не падыходзілі.
У Магілёве зьбіраюцца адкрыць пяць пунктаў абагрэву. Акрамя цэнтральнага рынку — на аўтобусным і чыгуначным вакзалах, а таксама пры цэнтрах мэдыка-сацыяльнай дапамогі. «Чырвоны крыж» арганізуе і перасоўныя пункты абагрэву і гарачага харчаваньня.
У Менску грамадзянаў заклікаюць паведамляць пра бамжоў, якія могуць замерзнуць, на адмысловы тэлефон, перадае партал tut.by.