Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні апазыцыя ідзе на размову ў гарвыканкам і хоча адмены дэкрэту № 3


Вадзім Саранчукоў, архіўнае фота
Вадзім Саранчукоў, архіўнае фота

10 сакавіка ў Гарадзенскім гарвыканкаме мае адбыцца круглы стол па абмеркаваньні дэкрэту № 3. Для ўдзелу ў ім запрошаныя прадстаўнікі грамадзкасьці і апазыцыйных партыяў Горадні.

Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў Свабодзе, што запрошаныя да ўдзелу ў круглым стале прадстаўнікі грамадзкасьці і апазыцыйных партыяў абмеркавалі тыя пытаньні, якія зьбіраюцца падняць на гэтым мерапрыемстве.

«У нас чатыры асноўныя патрабаваньні, якія мы зьбіраемся выкласьці ўладзе і лічым, што яны рэальныя для выкананьня.

Найперш мы патрабуем не прыпыненьня, а адмены наагул дэкрэту № 3. А таму будзем прапаноўваць, каб Гарадзенскі гарвыканкам выступіў ініцыятарам гэтага перад кіраўніцтвам краіны.

Па-другое, і гэта вельмі істотна, — паколькі ёсьць нагода пагаварыць з уладамі, будзем патрабаваць забесьпячэньня нашых канстытуцыйных правоў на свабоду сходаў і мітынгаў. Нагадаю, што ў Горадні з канца 90-х гадоў улады пад рознымі прычынамі не дазволілі правесьці нават ніводзін пікет. На 15 сакавіка ўлады зноў не дазволілі правесьці мітынг, а таму будзем настойваць, каб яны адмянілі сваё незаконнае рашэньне і прынялі ўсе меры дзеля таго, каб мітынг прайшоў належным чынам. Мы таксама зьбіраемся запрасіць улады прыняць удзел у мітынгу, які будзе прысьвечаны ў тым ліку і дэкрэту № 3.

Па-трэцяе, мы перададзім патрабаваньні спыніць у горадзе перасьлед грамадзян з палітычных матываў. У прыватнасьці, прапануем ануляваць усе адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя за мітынг, які адбыўся супраць дэкрэту № 3 19 лютага.

І чацьвёртае патрабаваньне да Гарадзенскага гарсавету: сваім рашэньнем ужо зараз, пакуль ідуць дыскусіі па дэкрэце № 3, вызваліць усіх гарадзенцаў ад сплаты падатку паводле дэкрэту № 3».

Акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Горадні
Акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Горадні

Старшыня Гарадзенскай рэгіянальнай арганізацыі прафсаюзу РЭП Васіль Корабаў сказаў Свабодзе, што якіх-кольвек спадзяваньняў, што ўлады прымуць іх патрабаваньні, ніхто ня мае. Але, паводле яго, мітынг, які прызначаны на 15 сакавіка, усё роўна ў Горадні адбудзецца.

— Гэта ня тое, што мы тут проста хочам правесьці мітынг. Людзі самі на яго зьбіраюцца, і я ўпэўнены, што прыйдуць. Бо нават гэтыя палавіністыя меры аб прыпыненьні дэкрэту нікога не задавальняюць. І ўсім зразумела, што яны ўводзяцца толькі дзеля таго, каб зьбіць хвалю людзкой незадаволенасьці сытуацыяй у краіне. Але ніхто ўжо ўладам верыць ня хоча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG