Берасьцейскія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зладзілі акцыю, прымеркаваную да 125-годзьдзя з дня народзінаў міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Аркадзя Смоліча.
У часе акцыі сацыял-дэмакраты раздавалі каля Берасьцейскага ўнівэрсытэту спэцвыпуск свайго бюлетэня, прысьвечаны Аркадзю Смолічу.
«Мэта акцыі — прыцягнуць увагу студэнтаў і выкладчыкаў да юбілею Аркадзя Смоліча. Гэты выбітны чалавек стаяў ля вытокаў стварэньня беларускай дзяржаўнасьці, беларускай навукі. Аркадзь Смоліч — адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918 год), аўтар праекту яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. Яго ўклад у разьвіцьцё беларускай навукі важны і па сёньняшні дзень», — сказала кіраўніца берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі Ганна Канюс.
Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі распавёў Свабодзе, што лічыць неабходным з боку ўладаў больш увагі аддаваць асобе Аркадзя Смоліча:
«Улады да ягонай постаці ставяцца нэўтральна. У Менску нават адбыўся сэмінар пры БДУ, прысьвечаны 125-годзьдзю Аркадзя Смоліча. Але, безумоўна, гэтага мала. Аркадзь Смоліч — дзяржаўнік, навуковец, які зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай навукі. Ён быў адным з заснавальнікаў Акадэміі Навук. Тое, што ён рабіў — гэта вельмі важна і сёньня. Яму павінна аддавацца больш увагі — маглі б быць і вуліцы, і плошчы ў гонар Аркадзя Смоліча, у навучальных установах варта было б рабіць тэматычныя лекцыі, прысьвечаныя яму».
Аркадзь Смоліч нарадзіўся ў 1891 годзе, ён быў міністрам сельскай гаспадаркі Беларускай Народнай Рэспублікі, зьяўляўся адмыслоўцам у галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі. У 1931 годзе Аркадзь Смоліч быў рэпрэсаваны камуністычнымі ўладамі і сасланы ў Сыбір, адкуль вызвалены ў 1935 годзе. Аднак у 1937-м яго зноў арыштавалі, у 1938-м асудзілі і расстралялі.
У 1957 годзе Аркадзь Смоліч быў рэабілітаваны па гэтым сьмяротным прысудзе, а ў 1988 годзе — і па выраку першага суду.