Жыхар Баранавічаў Аляксандар Швед атрымаў 230 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Судзьдзя Аксана Копач прызнала спадара Шведа вінаватым ва ўдзеле ў «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Баранавічах 26 лютага.
Аляксандар кажа, што ня лічыць сябе вінаватым, бо ўдзелу ў акцыі ня браў, а толькі фатаграфаваў яе для сваіх сацыяльных сетак.
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша кажа, што суду над Аляксандрам Шведам увогуле не павінна было адбывацца, бо ён ня быў удзельнікам акцыі 26 лютага:
«Ён не выступаў, нічога не гаварыў на той акцыі. Ён ня можа быць удзельнікам. Любы грамадзянін мае права фіксаваць сваю гісторыю і выкладваць яе ў сацыяльныя сеткі. А тут інваліда ўначы чакалі, схапілі, завезьлі ў ізалятар», — кажа Сяргей Гоўша.
Праваабаронца мяркуе, што Аляксандра Шведа прэвэнтыўна затрымалі 24 сакавіка, каб ня трапіў на Дзень Волі ў Менск. Больш за двое сутак пасьля затрыманьня Аляксандар Швед правёў у ізалятары, у тым ліку і 25 сакавіка, калі адбывалася акцыя на Дзень Волі.
Спадар Швед кажа, што на сутках даведаўся, што 25 сакавіка ў Менску «адбылася вялікая акцыя», бо міліцыянты ў ізалятары хваліліся, што «нашы вашых пабілі».
Аляксандар Швед — інвалід. У 1995 годзе ён трапіў у аварыю і перанёс цяжкую апэрацыю на галаве. Штодня яму трэба прымаць лекі. Актывіст кажа, што на момант затрыманьня лекі ў яго былі з сабой, таму ён мог прымаць іх у ізалятары.
На «сутках» у Баранавічах цяпер застаецца актывіст АГП Мікалай Чарнавус-малодшы, тэрмін арышту сканчаецца заўтра.
Сёньня з ізалятара ў Баранавічах выйшаў актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык.