Грамадзкі актывіст Аляксандар Швед атрымаў 20 базавых велічыняў штрафу (4,2 мільёны рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся ў Слоніме.
Баранавіцкі суд палічыў тое, што Аляксандар Швед раздаваў газэту прафсаюзу РЭП каля прахадной Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі, удзелам у пікеце.
Сам спадар Швед кажа, што ня лічыць раздачу газэты несанкцыянаванай масавай акцыяй, бо ніякіх плякатаў ён не трымаў і лёзунгаў не выкрыкваў.
На судзе не прысутнічалі сьведкі, працэс адбываўся паводле матэрыялаў справы, якая ўтрымлівала здымкі з камэр відэаназіраньня.
«Праваабаронцы кажуць, што пратакол складзены з парушэньнямі, але пакараць мяне гэта не перашкодзіла. Ёсьць загад штрафаваць, таму і штрафуюць», — апавёў Аляксандар Швед.
Пікет у Слоніме арганізавалі 31 сакавіка актывісты прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці на знак салідарнасьці са звольненым калегам Міхаілам Сошкам. Сошка працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы, і адміністрацыя вырашыла зь ім не падаўжаць працоўнага кантракту. Акцыя прафсаюзьнікаў прайшла без інцыдэнтаў, але потым на некаторых яе ўдзельнікаў былі складзеныя пратаколы.