Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла пра ўзлом акаўнту УУС Магілёва. Паводле МУС, супрацоўнікі Ўпраўленьня «К» ужо выяўляюць абставіны здарэньня.
На момант публікацыі ў твітэры магілёўскай міліцыі паведамленьні выдаленыя. Былі апублікаваныя твіты аб абвяшчэньні ў вышук Уладзіміра Пуціна і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова «ў сувязі з учыненьнем генацыду ў Чачні, Грузіі, Украіне і Сырыі». Паведамленьні суправаджаюцца хэштэгам «#ЖывеБеларусь». Першае паведамленьне зьявілася а 8:13 раніцы.
7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем
«Міліцэйскі» твітэр узломвалі таксама ў час вучэньняў «Захад-2017»: акаўнт Гомельскага ЎУС паведамляў тады, што апэратыўнікі нібыта затрымалі трох расейскіх вайскоўцаў, якія згвалцілі непаўнагадовую мясцовую. Паведамленьне аказалася фэйкам. Тады паведамленьне не суправаджаліся хэштэгам #ЖывеБеларусь, па стылі не было падобнае да цяперашніх узломаў.
За такі ўзлом можа пагражаць да двух год турмы за «несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі» (ч.2 арт. 349 КК РБ) ці нават да 5 год турмы за «кампутарны сабатаж» (арт. 351 КК). Паводле першага артыкулу могуць судзіць, напрыклад, студэнта за выдаленьне старонкі суседа «ЎКантакце», паводле другога, напрыклад, дзяўчыну за абмежаваньне доступу да анлайн-гульняў былому хлопцу.