Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясплатнага роўмінгу між Беларусьсю і Расеяй ня будзе, заявіў міністар сувязі


Расея і Беларусь па-ранейшаму абмяркоўваюць магчымасьць зьмяншэньня платы за роўмінг, але гаворкі пра поўную адмену «даплаты» не вядзецца, перадае БелаПАН заяву міністра сувязі Сяргея Папкова.

Паводле Папкова, на чэрвеньскім форуме так званай «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі кіраўнікі дзяржаваў далі прамыя даручэньні прапрацаваць пытаньне скасаваньня роўмінгу. «Пэўныя крокі» ўжо зробленыя, апэратары сувязі дамовіліся між сабой пра зьніжэньне цэнаў на роўмінгавае злучэньне, кажа ён.

«Але трэба разумець, ні да якога нуля мы ня прыйдзем, за ўсё трэба плаціць, — заявіў Папкоў. — Ня будзе як такога роўмінгу, будуць і ёсьць апэратарскія адносіны паміж беларускім і расейскім аператарам. Кошт нейкі застанецца. Але ён будзе разумны. Эканоміку не падманеш. Усё роўна трэба абслугоўваць абсталяваньне, за каналы сувязі плаціць».

У ліпені ў расейскую Дзяржаўную думу ўносіўся законапраект аб скасаваньні роўмінгу зь Беларусьсю, але пра далейшы лёс законапраекту не паведамлялася.

Скасаваньне роўмінгу падтрымлівалі Аляксандар Лукашэнка і старшыня Савету рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч.

У Эўразьвязе ад 15 чэрвеня ўвялі нулявую плату за роўмінг. Напрыклад, умоўны жыхар Латвіі з латвійскай SIM-карткай зможа тэлефанаваць па «хатніх» латвійскіх тарыфах хоць у суседняй Эстоніі, хоць у далёкай Партугаліі, карыстацца па «хатніх» тарыфах мабільным інтэрнэтам. Але званкі за межы краіны знаходжаньня па-ранейшаму каштуюць даражэй.

У Расеі застаецца нават плата за ўнутраны роўмінг (паміж рознымі рэгіёнамі краіны), але супраць яго змагаецца Фэдэральная антыманапольная служба: у ліпені яна давала апэратарам два тыдні на скасаваньне ўнутранага роўмінгу, у верасьні працягнула тэрмін «ультыматуму» да 15 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG