Беларускі сьпявак Макс Корж паўторна атрымаў забарону на ўезд ва Ўкраіну ў лістападзе, але празь месяц усё роўна трапіў у Кіеў.
Макс Корж абяцае выступіць у Кіеве 23 сьнежня, а нядаўна ў Менску сабраў поўную «Менск-арэну» з прэзэнтацыяй новага альбому. У посьце ў Instagram ён апублікаваў фота пашпарту, у якім стаіць пячатка аб прылёце ва Ўкраіну 22 сьнежня праз аэрапорт «Барыспаль».
Як сьпеваку, «які ў свой час наведваў акупаваны Крым», Каржу забаранілі ўезд ва Ўкраіну на тры гады – пра гэта яму паведамілі, калі ён праходзіў памежны кантроль 21 лістапада. Да таго яму забаранілі ўезд ва Ўкраіну ў лютым 2016 году – верагодна, пасьля таго, як СБУ стала вядома пра ягоныя выступы ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме ў 2015 годзе. На сайце сьпевака сьцьвярджалася, што канцэрты не адбыліся, але слухачы публікавалі ў сацсетках фота і відэа зь іх.
У верасьні 2017 году забарону зьнялі без тлумачэньняў. Корж пісаў, што для яго гэта было сюрпрызам. Пры гэтым яшчэ да зьняцьця забароны, у чэрвені 2017 году, ён наведаў Украіну.
З такой забаронай можа сутыкнуцца і шараговы беларус, калі наведае акупаваны Крым міма ўкраінскай мяжы і без дазволу ўладаў Украіны – у тым ліку празь легальныя ў Расеі шляхі.
***
28-гадовы Макс Корж родам з Лунінца, сьпявае па-расейску ў стылі на мяжы хіп-хопу і электрапопу (раней сьпяваў па-беларуску ў складзе Lunclan). Выдаў 4 студыйныя альбомы (адзін падвойны) і амаль два дзясяткі кліпаў. Пэрыядычна трапляе ў топавыя пазыцыі ў расейскіх чартах, зьбірае поўныя залі на канцэртах, у тым ліку «Менск-Арэну».