Цяпер беларусы пʼюць столькі ж, колькі ў 2005 годзе. Але на пачатку 90-х мы выпівалі ўдвая менш.
Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўʼя Гаўдэн Галеа 16 траўня ў Вільні агучыў новую статыстыку спажываньня алькаголю на чалавека. У гэтым рэйтынгу наша краіна апусьцілася на другое месца, аддаўшы першынство Літве. Паводле спадара Галеа, за мінулы год кожны беларус, старэйшы за 15 гадоў, выпіў каля 15 літраў чыстага алькаголю (сьпірту). На трэцім месцы яшчэ адна наша суседка — Латвія. Там пʼюць каля 13 літраў.
Некалькі гадоў запар мы стабільна ўзначальвалі «алькагольны рэйтынг» і вось, нарэшце, пачалі рухацца ў ім уніз. Беларусь была першай у 2014 годзе зь сярэднім спажываньнем 17,1 літра чыстага алькаголю на чалавека. І ў 2010-м — тады выпівалі нават больш, 17,5 літра.
Але так было не заўсёды. Напрыклад, у 2005 годзе Беларусь займала ў «алькагольным рэйтынгу» толькі 10-ы радок. Прычым за год выпівалі мы тады прыкладна столькі ж, колькі цяпер — 15,3 літра чыстага алькаголю. У некаторых краінах за гэты ж пэрыяд статыстыка цалкам адваротная. І піць сталі менш, і ў рэйтынгу апусьціліся. Напрыклад, Швэцыя. З 2005-га па 2015 год спажываньне чыстага алькаголю за год тут зьнізілася з 10 літраў да 9,2. Адпаведна, адразу дзесяць пазыцый уніз — з 41-й да 50-й.
У 1996 годзе Беларусь у «алькагольным рэйтынгу» Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя была на 42-м месцы. Спажывалі мы тады 8,14 літра чыстага алькаголю за год, амаль удвая менш, чым цяпер. Пры гэтым у першай палове 90-х росту гэтага паказчыку амаль не было. У архівах САЗ ёсьць зьвесткі пра нашу краіну, пачынаючы з 1992 году. Да канца 90-х кожны дарослы беларус выпіваў у сярэднім каля 8 літраў чыстага алькаголю.
Пілі мы ў тыя няпростыя часы значна менш за немцаў. У 1996 годзе Нямеччына з 11,7 літра сярэдняга спажываньня ў «алькагольным рэйтынгу» займала 16-е месца. Зь іншага боку, экспэрты скептычна ацэньваюць гэтыя лічбы. Маўляў, Беларусь тады магла даваць ня ўсю праўдзівую статыстыку, ды і мэтодыкі падлікаў маглі зьмяніцца.
Белстат зь лічбамі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя не пагаджаецца. Напрыклад, паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2010 годзе кожны беларус выпіваў 12,3 літра чыстага алькаголю (САЗ лічыць, што 17,5). Розьніца ўтвараецца ад таго, што Белстат дзеліць прададзены ў Беларусі алькаголь абсалютна на ўсіх жыхароў, уключна зь немаўлятамі. А Сусьветная арганізацыя аховы здароўя — толькі на тых, хто дасягнуў 15-гадовага ўзросту.
Такім чынам, менш за ўсё беларусы выпівалі на пачатку 90-х. Затым быў паступовы рост, 10-е месца «алькагольнага рэйтынгу» у 2005-м і выхад на пік у 2010 годзе (17,5 літра). Цяпер маем невялікі спад. А што зь іншымі прадуктамі? Белстат публікуе лічбы з 2005 году па 2014-ы. Можна даведацца, што дванаццаць гадоў таму мы елі на 26 кіляграмаў мяса менш, чым у 2014-м (62 супраць 88). Затое сталі есьці на дзесяць кіляграмаў менш хлеба (у 2005-м было 96, у 2014-м стала 85). На дзіва стабільнай застаецца адно колькасьць зьедзенай бульбы, яна зьнізілася толькі на 6 кіляграмаў — са 183 да 177.
Што рабіць, каб наша краіна працягвала падзеньне ў «алькагольным рэйтынгу», Радыё Свабода расказаў асыстэнт катэдры псыхіятрыі і мэдыцынскай псыхалёгіі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, урач-нарколяг Уладзімер Пікірэня.
«Другое ад першага месца стаіць недалёка. Таму казаць пра істотныя зьмены я б ня стаў, — кажа Пікірэня, аналізуючы апошні рэйтынг. Істотнага зьмяншэньня спажываньня ён не заўважыў. Хоць пэўныя абмежаваньні ў продажы былі — напрыклад, пэўны час немагчыма было набыць алькаголь увечары і ноччу».
«Сусьветная арганізацыя аховы здароўя сьцьвярджае аб шкодным уплыве алькаголю на грамадзтва, калі сярэдні абʼём спажываньня на нейкай тэрыторыі за год большы за 8 літраў, — зьвяртае ўвагу доктар. — Таму 17 літраў (якія выпіваюць за год беларусы. — РС) больш за гэты небясьпечны абʼём».
Уладзімер кажа, што на ўзроўні аховы здароўя прымаюцца захады — адкрываюцца новыя рэабілітацыйныя аддзяленьні, аказваецца наркалягічная дапамога.
«Але гэта ня столькі мэдыцынская праблема, колькі сацыяльная. Адпаведна і рэгуляваць яе трэба ня толькі мэдыцынскім шляхам», — тлумачыць ён. Паводле доктара Пікірэні, ёсьць спосабы, якімі можна зьмяншаць спажываньне алькаголю.
1. Пачынаць піць пазьней — прадаваць алькаголь асобам, якія дасягнулі 21 году, а не 18, як цяпер
«Трэба рабіць ужываньне алькаголю менш зручным, — кажа доктар. — Можна вылучыць тры асноўных шляхі. Па-першае, гэта павышэньне ўзросту, зь якога можна ўжываць алькаголь. Мы ведаем, што ў некаторых краінах гэта дазволена рабіць толькі з 21 году». Аднак у гэтым ёсьць юрыдычная складанасьць, бо, паводле беларускага заканадаўства, паўналецьце наступае ў 18 гадоў.
2. Скараціць колькасьць кропак, дзе прадаецца алькаголь
У нас атрымаць алькагольнае апʼяненьне атрымліваецца таньней, чым паесьці
«Наступны крок, — працягвае ён, — зьмяншэньне канцэнтрацыі пунктаў продажу алькаголю на адзінку насельніцтва. Таму што сёньня Беларусь — гэта адна з краінаў з найбольшай колькасьцю такіх гандлёвых пунктаў. У крокавай даступнасьці заўсёды можна набыць алькаголь. У некаторых краінах дзейнічае прынцып абмежаванай колькасьці ліцэнзій. Напрыклад, калі ў нейкім горадзе ёсьць 10 ліцэнзій на продаж алькаголю, то больш нікому такую ліцэнзію не дадуць. І калі нехта яшчэ захоча гандляваць там алькаголем, то ён павінен перакупіць гэтую ліцэнзію ў іншага пункта. Адпаведна, жыхарам цяжэй набываць алькаголь. Трэба некуды ехаць, шукаць такія месцы. І калі няма істотнай прычыны, то чалавек можа проста паленавацца. А калі патрэба сапраўды ёсьць (сьвята нейкае альбо яшчэ што), то ён паедзе і набудзе».
3. Падняць цану на алькаголь. Але паступова
Неабходным трэцім крокам доктар лічыць падвышэньне цэнаў на алькаголь.
«У нас атрымаць алькагольнае апʼяненьне атрымліваецца таньней, чым паесьці, — тлумачыць доктар. — Безумоўна, калі цэны падвышаць рэзка, то гэта выкліча сацыяльную рэакцыю. Будуць незадаволеныя. Але калі гэта рабіць паступова, то ў пэрспэктыве гэта нават акупіцца. Так, будзе менш паступленьняў у бюджэт ад продажу гарэлкі і піва. Але таксама стане менш выдаткаў на ліквідацыю наступстваў аварый, здарэньняў».