Сёньня на стадыёне «Маракана» ў Рыё-дэ-Жанэйра пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў-2016 (апоўначы па беларускім часе). Больш за 4 тысячы атлетаў з абмежаванымі магчымасьцямі, якія прадстаўляюць 179 краінаў, пазмагаюцца за ўзнагароды ў 22 дысцыплінах.
Яшчэ да свайго пачатку спаборніцтвы былі азмрочаныя буйным скандалам: Міжнародны паралімпійскі камітэт дыскваліфікаваў Паралімпійскі камітэт Расеі, не дапусьціўшы да ўдзелу расейскую каманду ў поўным складзе. Рашэньне вынесена па выніках дакладу незалежнай камісіі Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва, якая абвінаваціла ва ўжываньні допінгу 35 паралімпійцаў Расеі. Спробы аспрэчыць вэрдыкт у Спартовым арбітражным судзе плёну ня мелі, і 175 спартоўцам у індывідуальным парадку адмоўлена ў допуску да Гульняў.
Як не пераблытаць спорт і палітыку
Сёньня адхіленыя расейцы ўсё ж возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцьця альтэрнатыўных спаборніцтваў у маскоўскім «Крокус cіці холе». Ініцыятарам «падпольнай» паралімпіяды стаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які паабяцаў захаваць для пераможцаў памер прэміяльных, першапачаткова закладзены за мэдалі ў Рыё-дэ-Жанэйра.
Нечакана да публічнага абмеркаваньня надзвычайнай сытуацыі далучыліся і беларускія функцыянэры. Кіраўнік паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель за некалькі дзён да адлёту беларускай дэлегацыі ў Бразылію заявіў, што ня будзе маўчаць наконт такога самаўпраўства і ў знак салідарнасьці пройдзе на цырымоніі адкрыцьця з расейскім трыкалёрам. Праўда, пазьней паправіўся, сказаўшы, што будзе трымаць сьцяг Расеі на трыбуне:
«Спартоўцы, якія выйдуць на стадыён „Маракана“, будуць несьці беларускі сьцяг, ніякага іншага. А што тычыцца афіцыйнай дэлегацыі, то я ўпэўнены, што ня толькі беларускі. Калі мы кажам, што ў нас дэмакратыя, я ня бачу падстаў, каб, апроч беларускага, ня ўзяць і расейскі сьцяг на трыбуну. У мяне добрыя стасункі з прэзыдэнтам Паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімірам Лукіным, я яго абавязаны падтрымаць. І ня толькі я. Бо калі мы не аддзелім спорт ад палітыкі, у тым ліку і паралімпійскі рух, гэта ня вельмі добра скончыцца», — сказаў Алег Шэпель Свабодзе.
Пасьля такіх заяваў беларускі спартовы функцыянэр апынуўся ў досыць двухсэнсоўным становішчы: публічная падтрымка Расеі ставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць міжнародных структураў, якія абвясьцілі вайну допінгу. І якраз гэта можна расцаніць як спробу палітычнага ціску на кантрольныя структуры.
Галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па інваспорце Марына Грыгаран кажа, што каманда ва ўсім падтрымлівае свайго кіраўніка і што няма падставаў, каб ставіць ягоную пазыцыю пад сумнеў:
«Не сумняюся, што асноўная частка каманды гэтую пазыцыю падзяляе. Вядома, я не магу адказваць за ўвесь калектыў, але большасьць людзей яго падтрымлівае. Алег Аляксандравіч у нас вельмі мудры кіраўнік. І калі ён прыняў такое рашэньне, значыць, на тое ёсьць важкія падставы. Па вялікім рахунку, мы ніколі не аддзяляліся ад Расеі і заўсёды на дарожках — і бегавых, і плавальных, і фэхтавальных — былі дружныя, заўсёды адзін аднаму дапамагалі, заставаліся адной сямʼёй. Таму асабіста я ніякай дзіўнай ці незразумелай падаплёкі ў ягоных словах ня бачу».
Зрэшты, некаторыя спартоўцы не для друку прызнаваліся, што ад Шэпеля яны «далёкія», а такія словы ён можа сабе дазволіць найперш таму, што «моцна сядзіць у сваім крэсьле».
Агулам на паралімпіяду ў Рыё-дэ-Жанэйра беларусы атрымалі 20 ліцэнзіяў. Гэтыя два дзясяткі спартоўцаў прадэманструюць свае сілы ў пяці відах — плаваньне, фэхтаваньне на вазках, дзюдо, акадэмічнае веславаньне і лёгкая атлетыка.
Як не пераплаціць за рэкорд
Адрозна ад алімпійскай зборнай, якая ці не ўпершыню выпраўлялася на галоўныя старты чатырохгодзьдзя без мэдалёвага пляну, прадстаўнікі інваспорту мяркуюць здабыць у Бразыліі як мінімум 10 узнагародаў. Пра гэта карэспандэнту «Прессбола» Сяргею Шчурко сказаў усё той жа Алег Шэпель:
«Калі дзяржава ўкладае сродкі, яна павінна атрымаць аддачу», — патлумачыў ён, удакладніўшы, што лічбы ня ўзятыя са столі, а адлюстроўваюць дасягненьні спартоўцаў на міжнароднай арэне.
Пры гэтым большую палову мэдалёў можа заваяваць адзін чалавек — плывец Ігар Бокі, які чатыры гады таму ў Лёндане пяць разоў уздымаўся на вышэйшую прыступку пʼедэсталу і аднойчы — на другую. Праўда, матэрыяльная ацэнка ягоных дасягненьняў нашмат больш сьціплая, чым у выпадку з атлетамі традыцыйнай Алімпіяды. Калі алімпійцы атрымліваюць ад дзяржавы 100, 75 і 50 тысяч даляраў за золата, срэбра і бронзу адпаведна, то ганарары паралімпійцаў больш сьціплыя — 50, 30 і 20 тысяч даляраў за тыя ж самыя месцы. Пры тым, што ў суседзяў прыбыткі паміж здаровымі спартоўцамі і тымі, якія маюць фізычныя абмежаваньні, выраўнаныя:
«Па вялікім рахунку, тут няма нейкай заканамернасьці, — кажа спартовы журналіст Сяргей Шчурко. — Так, аднолькава сваім спартоўцам плацяць Расея, Украіна, Азэрбайджан, але бальшыня нават заходніх краінаў грошай на прэміяльныя паралімпійцам выдзяляе меней. У нас таксама вырашылі, што будуць даваць прызэрам траціну ад таго, што маюць алімпійцы. І на самой справе ніхто асабліва не сумуе. Саміх атлетаў гэта задавальняе, бо сумы ў параўнаньні зь іншымі дзяржавамі ня самыя малыя. А калі нешта ў гэтым пытаньні вырашаць, то трэба прапаноўваць, прасоўваць, хадзіць па кабінэтах. Я ня думаю, што ў нас за такі парытэт нехта сурʼёзна біўся».
А вось адна з самых уганараваных прадстаўніц беларускага інваспорту Людміла Ваўчок, якая выправілася на сваю шостую паралімпіяду, перакананая: ацэньваць дасягненьні паводле рэштавага прынцыпу з-за фізычных недахопаў як мінімум нелягічна — у падрыхтоўку і выступы ўкладаюцца вялізныя намаганьні. Тым больш, апошнім часам посьпехі яе калегаў абʼектыўна большыя, чым у асноўнай камандзе:
«Вядома, гэта неапраўдана. Калі глядзіш, як ставяцца да сваіх спартоўцаў-паралімпійцаў у іншых краінах, нават на экс-савецкай прасторы — Расея, Украіна, Азэрбайджан — дык там увогуле пабудавана так, што прывозіш мэдаль з Алімпіяды, і табе пажыцьцёва даецца пэнсія. То бок нешта важкае зрабіў для гонару дзяржавы, таму за сваю працу будзеш забясьпечаны. Прынамсі, чалавек ведае, што ўсе ягоныя намаганьні ўрэшце будуць апраўданыя. У бальшыні краінаў ужо ня дзеляць — алімпіец ты ці паралімпіец. Усе ўмовы выраўнялі і цэняць усіх аднолькава. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, хацелася б болей увагі і з боку нашай дзяржавы».
Вынікам няроўнага падыходу да ацэнкі спартовых заслугаў стала тое, што шэраг паралімпійцаў зьехалі зь Беларусі і выступаюць пад сьцягамі іншых дзяржаваў. Згадайма толькі двух — Сергея Пунько і Рамана Макарава. На Гульнях-2008 яны прынесьлі Беларусі 7 мэдалёў з 13. Праз чатыры гады ў Лёндане іхнія мэдалі ўжо запісвала ў свой актыў Расея.