Сябры партыі БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года будуць падтрымліваць выключна Тацяну Караткевіч. Праца на іншага кандыдата будзе разглядацца як парушэньне партыйнай дысцыпліны і партыйных прынцыпаў. Пра гэта заявілі 30 траўня ўдзельнікі паседжаньня Сойму БНФ.
Лідэр партыі Аляксей Янукевіч нагадаў: БНФ дзеля захаваньня кааліцыі «Народны рэфэрэндум» адмовілася ад вылучэньня ўласнага кандыдата і падтрымала Тацяну Караткевіч з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Гэта няпростае рашэньне, але ў цяперашняй сытуацыі трэба было ісьці на кампраміс.
Між тым выступоўцы з рэгіёнаў адзначалі: чым далей ад Менску, тым цяжэй патлумачыць шэраговым сябрам партыі, чаму яны павінны працаваць на Тацяну Караткевіч. Многія, хто чытаў розныя інтэрвію прэтэндэнткі на прэзыдэнта, кажуць, што яе праграма гэта — «цімураўшчына» і «сацыяльшчына». А вось палітычныя арыенціры кандыдаткі выглядаюць цьмяна і невыразна.
Лідэры партыі на гэта адказалі, што праграма Караткевіч яшчэ распрацоўваецца, а яе погляды цалкам супадаюць з шасьцю асноўнымі тэзамі «Народнага рэфэрэндуму». А гэтыя тэзы не пярэчаць падыходам партыі БНФ. Партыйныя кіраўнікі сказалі, што будуць езьдзіць па рэгіёнах і тлумачыць гэта актыву. Да таго ж было заяўлена, што кожны сябра партыі хутка атрымае спэцыяльны ліст з тлумачэньнем гэтай сытуацыі. Тацяна Караткевіч, падкрэсьліў спадар Янукевіч, мае найбольшыя шанцы з усіх апазыцыйных кандыдатаў сабраць 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі за яе вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта.
Узьнялі на паседжаньні пытаньне і аб стаўленьні да стварэньня ініцыятыўнай групы палітвязьня Мікалая Статкевіча. Высьветлілася, што намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў згоду увайсьці ў гэтую групу, а сябра Сойму Юрась Чавусаў ужо і запісаўся ў яе. Кіраўніцтва партыі ня верыць, што палітвязьня афіцыйна зарэгіструюць кандыдатам на прэзыдэнта і што ягоная выбарчая кампанія стане паўнавартаснай. Але падтрымаць Міколу Статкевіча, яшчэ раз зьвярнуць увагу на ягоны лёс, праявіць салідарнасьць зь ім — справа добрая. Таму Сойм вырашыў, што ўдзел сябраў партыі ў кампаніі Міколы Статкевіча не супярэчыць партыйнай лініі.