Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэатар у бюджэтным радку — побач з лазьняй», або з чаго пачалі Год культуры ў Магілёве


Афіша пра адзін з выступаў магілёўскай гарадзкой капэлы
Афіша пра адзін з выступаў магілёўскай гарадзкой капэлы

Тое, што 2016 год абвешчаны Годам культуры, дзеячам культуры не надае аптымізму. Для ўнікальнага ў Беларусі музычнага калектыву, равесьніка беларускай незалежнасьці — Магілёўскай гарадзкой капэлы — Год культуры азначыўся скарачэньнямі музыкантаў. А для актора і рэжысэра магілёўскага драматычнага тэатру Ўладзімера Пятровіча — уручэньнем граматы як «Найлепшаму па прафэсіі» Ленінскага раёну Магілёва. Дзеячаў культуры на цырымоніі адзначылі апошнімі, і «гэта выглядала зьневажальна», заяўляе актор.

Што музыкантаў з калектыву Магілёўскай гарадзкой капэлы скарацілі, ня ўтойвае яе мастацкі кіраўнік і дырыжор Сяргей Лішчанка. Паводле яго, такое рашэньне прыняў гарвыканкам. «Нам тлумачаць, што гэта зьвязана з дэфіцытам гарадзкога бюджэту», — сказаў ён.

«Нашы ўлады заяўляюць, што ніякага скарачэньня няма, проста адбываецца аптымізацыя колькасьці музыкантаў, якіх застаецца дастаткова, каб аптымальна працаваў калектыў, — пераказвае тлумачэньні чыноўнікаў Сяргей Лішчанка. — У іхным дакумэнце гэтак хітра ўсё аформлена, што рашэньне выглядае бездакорным: маўляў, усё зрабілі, каб зэканоміць бюджэтныя сродкі».

Музыкант ня згодны з пазыцыяй гарадзкой улады і заяўляе: «У такім рашэньні выяўляецца стаўленьне чыноўнікаў да прафэсійнага мастацтва». Ён лічыць рашэньне ўладаў пра скарачэньні ў капэле, асабліва ў Год культуры, абсурдным.

«Нас чарговы раз крамсаюць, — кажа ён. — За час існаваньня калектыву як юрыдычнай асобы нас пазбавілі ўжо адзінаццаці працоўных ставак, а цяпер яшчэ пяць забіраюць. Для музычнага калектыву, у складзе якога сымфанічны аркестар і хор — гэта дужа вялікія страты».

«Скарацілі да недапушчальнага адміністрацыю калектыву, якая займаецца арганізацыяй дзейнасьці і канцэртаў, а цяпер узяліся зьнішчаць і музыкантаў, — ня стрымлівае сваіх эмоцыяў суразмоўца. — Хто дапаможа дагрукацца да кіраўніцтва краіны, каб давесьці яму, што ў Магілёве адбываецца зьдзек з мастацтва?»

На адной з нарадаў, прыгадвае мастацкі кіраўнік капэлы, чыноўнікі казалі, што зьбіраліся скараціць дзесяць музыкантаў, але пагадзіліся на пяць.

Наяўнасьць у культурнай прасторы такога калектыву, як Магілёўская гарадзкая капэла, лічыцца дасягненьнем, кажа Сяргей Лішчанка. А кіраўніцтва гарвыканкаму, на ягоную думку, гэтага не разумее. «У цывілізаваных краінах у складаных сытуацыях імкнуцца, наадварот, захаваць дасягненьні ў мастацтве і культуры, бо калі гэтага няма, дык няма і нацыі».

Эмблема музычнага калектыву
Эмблема музычнага калектыву

«Як такое можа быць, каб у аркестры скарачалі музыкантаў? — абураецца суразмоўца. — Калі ў аркестры павінна быць тры трамбоны, то як іх можна скараціць на адзін ці два, а з двух клярнэтаў прыбраць адзін?»

Зьменшыўшы фінансаваньне, гарвыканкам адмовіўся задаволіць зварот калектыву аб зьмяншэньні колькасьці выступаў. «Павялічылі колькасьць канцэртаў і наш плян па даходах у два разы», — кажа Сяргей Лішчанка.

Тым часам рэжысэр і актор Магілёўскага драматычнага тэатру Ўладзімер Пятровіч пасьля свайго ўдзелу сёлета ў раённай цырымоніі ганараваньня «Найлепшых па прафэсіі» апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку нататку, у якой выклаў свае адчуваньні ад урачыстасьці. У ёй ён заўважае, што дзеячаў культуры адзначалі апошнімі і гэта было зьнявагай.

Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

«Адчуваньне, нібыта макнулі тварам у г... і яшчэ раз паказалі, дзе наша месца», — эмацыйна выказаўся актор тэатру. Нездарма, дадае ён, спасылаючыся на свайго калегу, — «тэатар у бюджэтным радку побач з лазьняй».

У гутарцы з журналістам Уладзімер Пятровіч дапоўніў фразу пра лазьню: «Адзінае радуе, што мы займаемся адной справай: лазьня адмывае цела, а мы павінны адмываць душу».

Актор заўважае, што не чакае ад абвешчанага Году культуры культурных прарываў. «Усё дужа сумна тут у нас», — кажа ён.

На думку суразмоўцы, дзеячы культуры застаюцца аднымі з самых неабароненых прафэсійных груп насельніцтва ў Беларусі.

«Нас затапталі і працягваюць таптаць. І прасьвету я ня бачу.

Чаму нават зь менскіх тэатраў уцякае моладзь? Ды яна ня можа вытрымаць фінансавага прэсінгу. Ладна мы ўжо захварэлі на сваю прафэсію, уцягнуліся ў яе. Мяняць у мае гады нешта я не гатовы. А моладзь — год, два, тры — і, ня ведаючы, як пракарміць сям’ю, сыходзіць».

«Заробкі нам ніхто не здымае спэцыяльна, але страты ў паўтары мільёна рублёў за апошнія паўтара года адчувальныя, — працягвае суразмоўца. — Гэта пры тым, што мы маем адны з самых маленькіх заробкаў. Мы ж залежым ад адносна невялікай групы тэатралаў. Але немалая частка насельніцтва лічыць, што акторам быць добра, прэстыжна».

Будынак Магілёўскага драматычнага тэатру
Будынак Магілёўскага драматычнага тэатру

Рэжысэр-пастаноўшчык першага спэктакля «Час сэканд-хэнд» паводле аднайменнага твору беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч нярэдка выкладвае ў Фэйсбук разьлікоўкі са сваім заробкам, каб, як сам кажа, паказаць рэальны яго памер:

«Каб паказаць, што кажа ўлада пра заробкі і што ёсьць насамрэч. Калі кажуць пра сярэдні заробак у шэсьць мільёнаў, дык у мяне зь цяжкасьцю тры выходзіць. Але я ж не малады спэцыяліст, я даволі шчыльна заняты ў рэпэртуары. А ў маладых актораў баюся нават пытацца, колькі яны зарабляюць».

Публікацыя ў газэце «Веснік Магілёва», прысьвечаная Году культуры. Жоўтым на ўскрайку словы Валерыя Малашкі на беларускай мове
Публікацыя ў газэце «Веснік Магілёва», прысьвечаная Году культуры. Жоўтым на ўскрайку словы Валерыя Малашкі на беларускай мове

У Магілёве Год культуры распачалі выступам расейскіх «Виртуозов Москвы». Мясцовая прэса з захапленьнем паведаміла пра канцэрт прыежджых артыстаў. Газэта магілёўскага гарвыканкаму «Веснік Магілёва» прысьвяціла расейскім музыкам цэлую паласу. У кутку тае паласы па-беларуску пададзеныя словы намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валерыя Малашкі:

«Абвяшчэньне ў нашай краіне Году культуры — яскравае сьведчаньне таго, што падтрымка і разьвіцьцё сфэры культуры былі і застаюцца адным зь дзяржаўных прыярытэтаў...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG