Я сабе думаў быў: хто ж у нас ня ведае слова таўкач? Але ў вулічным апытаньні пачуў нешта зусім нечаканае...
Ці можна сказаць „таўкач“ пра чалавека?
— Я думаю, можно так назвать человека, который связан с наукой, занимается, он может чего-то рассказать. Чему-то научить другого.
Загадка, чаму навукоўцы і выкладчыкі — таўкачы. Мо тут блытаніна з расейскім словам толмач ‘перакладнік’? Але не:
— Приходится толкать, запихивать эти знания другому.
Так упэўнена кажа спадар, сустрэты недалёка ад Акадэміі навук. Але таўкачы — ня толькі прафэсура. Ад іншага спытанага мы пачулі такую самую ацэнку і пісьменьніцкай працы:
— Так называюць пісьменьнікаў — таўкач... Сложно, сложно на беларусском языке...
Кажа малады чалавек у ваколіцах БДУІР. Што ж, надалей на бяседзе зь сябрамі-пісьменьнікамі замест тосту буду ўздымаць таўкач. Зрэшты, мо і ходзіць недзе які заслужаны таўкач БССР...
Сумна ўсьміхнуўшыся, падумайма, як мы да такога дажыліся. І ўсё ж людзей, якія выдатна ведаюць гэтае слова, — бальшыня.
Таўкач — гэта хто?
Ці можна назваць таўкачом чалавека і ці гэта ветліва і добра?
— Это же дрэннае слова, ну...
— У нейкім сэнсе можна... Я лічу, што можна...
— Можна, но сматра ў якіх выпадках. Вельмі дрэннае слова, но можна называць!
— Ну я гэта слова ведаю. Есьлі ён таўкач — то можна!
А што таўкач (калі пра людзей) азначае?
— Ну это значит такой… Ня вельмі разумны.
— Дурак ці яшчэ што-небудзь такое, в этом смысле.
— Иногда говорят дома: А, таўкач ты такой. Ну то есть немножко туповатенький такой.
— Ціпа дурак, што лі, есьлі на рускі язык перавесьці.
Крыўдна, але дакладна. Някемлівы, мякка кажучы.
таўкач ‘някемлівы’
А для немаладой пары значэньне слова таўкач настолькі відавочнае, што і тлумачыць ня трэба:
— Таўкач і ёсьць таўкач...
Таўкач — гэта што?
Старэйшыя адказваюць без праблемаў.
— Таўкач яшчэ мае кашу таўчы — таўкач!
— Бульбу патаўчы!
— Вот, таўчы картошку, таўкач дзерэвянный такой, длінный, круглый...
— Раней таўклі камы.
Якое добрае слова — камы! Спадарыня ахвотна патлумачыла журналістцы, якая родам зь Лепельшчыны (а там такое называюць кашай):
— Камы — гэта як цяпер робяць пюрэ, дабаўляюць малако. А раней рабілі камы — не дабаўлялі малака, проста таўклі гэтым таўкачом бульбу.
І паводле слоўніка таўкач — ‘прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якою таўкуць’.
Зрэшты, знайшліся і маладзейшыя, абазнаныя ў таўкачах:
— Ну бульбу таўкуць.
— Напрыклад, пюрэ.
Толкач, чемодан, Москва
У сучаснай расейскай літаратурнай мове слова толкач такога значэньня ўжо ня мае (некалі, у часы Даля, было ў дыялектах). Ня мае і пераноснага крыўднага сэнсу. Толкач там — транспартны тэрмін.
Яшчэ толкачом у савецкі час называлі зусім не дурнога, а спрытнага чалавека, які ўмеў угаварыць цэнтральнае ведамства выдзеліць сродкі (у Маскву з чамаданам сала!) або здабыць у „сумежнікаў“ па вытворчасьці патрэбныя дэталі.
Мне даспадобы, што ніводзін з нашых суразмоўцаў не прыгадаў гэтай расейска-савецкай сэмантыкі слова толкач.
А чым таўкуць бульбу па-расейску?
Для нашых людзей аказалася цяжка назваць па-расейску і адпаведны прадмет:
— Нет, не назову.
— Талкач па-беларускі, толкач по-русски.
Некаторыя не маглі адказаць, бо рэдка яго ўжываюць:
— А як вы яго называеце, гэты прадмет, дома?
— А кто его… Тут женщины больше.
Дыскрымінацыя: мужчыны ў тым доме не дапушчаныя да сьвятая сьвятых, да таўкача )
Расейскія адпаведнікі слову таўкач у гаспадарцы ведалі без падказкі нямногія:
— Картофемялка?.. А как по-другому?..
Гэта зусім новае расейскае слова, мяркую, яго выдумалі таваразнаўцы. Яшчэ:
— Толкушка?
— Таўкач... ну это, наверное, как... пестик для толчения картошки...
— Вы ж, напэўна, рускай мовай карыстаецеся — як вы яго называеце, калі трэба бульбу патаўчы?
— Толкучка?
У літаратурнай расейскай мове гэта пест, било, зьявіўся і наватвор толкушка.
Таўкач як спракаветны татэм і знак патрыятызму
— А можа вы ведаеце, як таўкач на рускай мове называецца?
— Ну гэта ціпічнае беларускае слова (раяцца). Пест? Талкушка?
— Але таўкач лепш?
— Смачнее, па-беларускі смачнее!
Часам і перадбачыць немагчыма, у якіх словах выяўляецца наш моўны патрыятызм:
— ...На рускай? Я знаю больш беларускую, чым рускую, я ж беларус. Таўкач, таму што мы беларусы. Трэба любіць сваю беларускую мову!
Во як. Беларускі марш з таўкачамі )
У нашай мове гэтае слова ня проста жыве, а выяўляецца ў цэлым россыпе сталых выразаў:
таўкач аблізаў (калі надзеі не апраўдаліся)
таўкач муку пакажа (адказ выхваляку: пабачым цябе ў справе)
як таўкач у ступе (працаваць, марнавацца)
ні млён ні таўкач ‘ні на што ня здатны, няўмелы’
Таўкач не раўнуючы сьветапоглядная апора ў традыцыйнай культуры. Мала таго што ёсьць народны танец „Таўкачыкі“, а ў нашай традыцыйнай Бабы Югі таўкачы замест ног — спэцыялісты ў беларускай этнаграфіі й міталёгіі сьцьвярджаюць, што таўкач быў адным з асноўных сымбаляў у карціне сьветабудовы й знакам апладненьня, плоднасьці.
***
Цяпер такая сэмантычная палітра таўкача прызабытая, засталіся толькі два значэньні. Адно гаспадарчае. А другое... Для някемлівага чалавека ў народнай традыцыі часта знаходзяць словы, якія абазначаюць цяжкую і прымітыўную гаспадарчую рэч: доўбня, боўт (прылада пужаць рыбу), слуп, галавешка, бязьмен. Дык і таўкач таксама з гэтага шэрагу.
У гэтым крыўдным значэньні бытуе і зборны назоўнік. У-у, таўкаччо! — настаўніца сварыцца на дзяцей (Асіповічы, 1980-я гады, паведаміў знаёмы зь сетак).
Карацей. Беларускія словы і адэкватна апісваюць штодзённыя рэаліі (і не забываюцца нават расейскамоўнымі), і выказваюць эмоцыі — вобразна і безь непатрэбнай бруднай лаянкі.