На замову лёнданскіх выдаўцоў ён ілюструе Шэксьпіра, на Тайвані выходзяць аздобленыя ім кітайскія народныя казкі... А вось у Беларусі таленавіты мастак незапатрабаваны. Што сталася з айчыннай кніжнай ілюстрацыяй, і чаму нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» ператварыўся ў каляміністэрскі міжсабойчык? Госьцем перадачы — Павал Татарнікаў.
— Павал, нядаўна я быў у гарадзенскакй галерэі «Крыга» і на свае вушы чуў захопленыя водгукі пра тваю зладжаную там выставу. А яшчэ на свае вочы бачыў, як адзін з наведнікаў разглядаў твае графічныя аркушы літаральна праз лупу! І сапраўды, ты так прамалёўваеш дэталі, што іх можна разглядаць нават у мікраскоп. Чаму ты надаеш столькі ўвагі менавіта дэталі?
— Як кніжны графік я папросту люблю дэталі. У жанры кніжнай ілюстрацыі дэталі неабходныя для візуалізацыі таго вобраза, зь якім ты працуеш. Асабліва гэта тычыцца гістарычна-мастацкай рэканструкцыі, выяваў вядомых гістарычных пэрсонаў. Даводзіцца вывучаць іканаграфію. Скажам, таго ж Стэфана Баторыя існуе безліч выяваў — мэдалі, манеты, партрэты, гравюры. Вядома, патрэбнае падабенства, але я стараюся ў лоб не паўтараць ужо вядомыя выявы, шукаю свой вобраз. Кніжная ілюстрацыя разглядаецца чалавекам не далей за 50 сантымэтраў ад вачэй. Чалавечае вока канцэнтруецца ня толькі на тэксьце, але і на ілюстрацыі. Таму вельмі важна, як зроблена залівачка, як колер пакладзены. Але я больш люблю, каб вока чаплялася за нейкую дэталь, асабліва калі гэта тычыцца строяў, касьцюмаў, зброі, гарадзкой архітэктуры. Усё гэта якраз і было на маёй гарадзенскай выставе. З лупай, хутчэй за ўсё, прыйшоў туды нейкі калега-мастак.
— Цяпер ідуць аднаўленчыя працы ў Наваградзкім замку. І спэцыялісты спрачаюцца — як ён выглядаў? А ў цябе гэты замак паўстае ва ўсёй красе і велічы? Ты бачыш яго зрокам інтуіцыі?
— Мой Наваградзкі замак — не зусім інтуіцыя. Там няма абсалютна немагчымых фантазмаў. Ёсьць некаторыя элемэнты, пра якія можна спрачацца, але я як мага набліжаўся да гістарычнасьці навуковай.
— Дык хай бы рэстаўратары і бралі за ўзор тваю выяву.
— Я супраць. Вядома ж, гэта магло б пацешыць маё самалюбства, але ўсё жтакімі рэчамі павінны займацца адмыслоўцы. А мастакі, і я ў тым ліку, павінны напрацаваць наратыў. Увогуле, любая навуковая школа ці інстытуцыя павінны напрацаваць пэўны аб’ём інфармацыі. У дадзеным выпадку мы адстаем даволі значна ад некаторых краінаў Эўропы. У выяўленчым мастацтве таксама. Ну, скажам, выяваў Мірскага ці Нясьвіскага замкаў хапае. Але часам некаторыя значныя аб’екты апісаныя і дасьледаваныя гісторыкамі і архэолягамі, а поўнай візуалізацыі — як замак выглядаў ад падмурку да флюгера — няма. Скажам, да нядаўняга часу не было ніводнай выявы Смалянскага замку, першую рэканструкцыю зрабіў я. Пасьля, у працэсе маёй працы, зьявіўся ў інтэрнэце малюначак падобны, нават з таго ж ракурсу зроблены, як і мой... І гэта нармальна. Матэрыял такі ўдзячны, такі багаты, што хопіць не на адно пакаленьне мастакоў.
— Ты ілюстраваў «Сьнежную каралеву» для Тайваня, «Артура — караля Англіі» для лёнданскіх выдаўцоў, «Венецыянскага купца» Шэксьпіра — для выдаўцоў італьянскіх... Ты ілюстраваў нават кітайскую міталёгію! Гэта ж зусім іншы сьвет...
— Так. І выдаўцу было цікава, як мастак з Эўропы пераасэнсуе тую кітайскую міталёгію. Пагадзіўшыся, я адразу палез у выдадзены яшчэ за савецкім часам акадэмічны двухтомнік «Міты народаў сьвету». І ў выніку дадаў у сваю працу таго, чаго не было ў тэксьце. Глыбокае вывучэньне мастаком-ілюстратарам тэмы заўсёды дапамагае кнізе рабіцца больш цікавай. Працуючы над кітайскай міталёгіяй, я шмат цікавага даведаўся. Скажам, наша сыстэма каштоўнасьцяў базуецца на дэкалёгу, на хрысьціянскай маралі. Нічога гэтага няма ў Кітаі. Па-іншаму ўспрымаюцца там нават такія паняткі, як каханьне, дабрыня, міласэрнасьць. Тая ж міласэрнасьць для кітайца хутчэй адмоўны панятак — як праява слабасьці.
— Замежныя выдаўцы да мастака Татарнікава ў чарзе стаяць. А як часта зьвяртаюцца беларускія?
— Што тычыцца ілюстраванай дзіцячай кнігі, то апошні такі праект быў у 1999 годзе. Часам рабіў ілюстрацыі сябрам, па іх просьбе. Скажам, аздабляў сэрыю «Сем цудаў Беларусі». Але гэта ўсё не дзяржаўныя, а фундатарскія кніжкі.
— А калі б ты прапанаваў свае паслугі ў аздабленьні нейкай кнігі? Хіба выдавецтва было б ня радае?
— Можа, і радае, але я па выдавецтвах не хаджу. За прамінулыя 17 гадоў я прывык жыць бязь іх. Раней штосьці прапаноўваў, але ніякага водгуку не было. Напрыклад, падказваў перавыдаць кнігу беларускіх народных казак «Прынцэса ў падземным царстве», укладзеную Ўладзімерам Ягоўдзікам. Ілюстрацыі да яе я рабіў зь вялікім імпэтам і задавальненьнем. Кніга, дарэчы, атрымала «Залаты яблык» у Братыславе, шмат дзе па сьвеце паезьдзіла, выстаўлялася ў краінах Эўропы, у Японіі. У перакладзе на расейскую мову была перавыдадзена ў Маскве, але ў Беларусі, аказваецца, нікому непатрэбная. Таму па выдавецтвах я не хаджу, калі я імяк мастак нецікавы, то біцца ілбом у іхныя дзьверы я ня буду.
— У той жа час беларускія кнігарні літаральна заваленыя прадукцыяй маскоўскіх выдавецтваў з «кампутарнымі» вокладкамі і такімі ж малюнкамі. Як уратаваць айчынную кніжную ілюстрацыю?
— Калі ўзяць сусьветны рынак дзіцячай кнігі, то адсоткаў 80 яго займае кітч. Сэгмэнт якасна аздобленай дзіцячай літаратуры — каля 20%. Так ва ўсім сьвеце. Тое самае павінна было б быць і ў Беларусі. Але кніга — гэта тавар паліграфічнай індустрыі. Наша дзяржава не абараніла свой рынак. Канкураваць з расейскім рынкам мы папросту ня можам. Тут чыстая матэматыка. Па колькасьці выданьняў, па аб’ёме накладаў і — урэшце — па сабекошце мы прайграем адразу. Да таго ж, кніга — гэта найперш мова. І калі ў нас сфэра ўжытку беларускай мовы звужаецца, то гэта, безумоўна, адбіваецца і на пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. Нікому ў сьвеце беларуская кніга непатрэбная, толькі мы яе можам абараніць. Летась я ўваходзіўу журы прэміі імя Цёткі. На конкурсе мы разглядалі 53 беларускамоўныя дзіцячыя кніжкі, зь іх толькі дзясятак выпушчаны дзяржаўнымі выдавецтвамі. І гэта на 10-мільённы народ! Беларускую дзіцячую кнігу трэба ратаваць. Як гэта рабіць? Можна падгледзець, як робяць у іншых краінах, дзе носьбітаўнацыянальнай мовы значна менш, чым у Беларусі. Вельмі добра, што нарэшце зьявілася недзяржаўная прэмія імя Цёткі, якая не залежыць ад дзяржаўных структураў, як, напрыклад, вядомы конкурс «Мастацтва кнігі». Я на ім атрымаў усё, што можна было атрымаць. Але ён зьвязаны зь міністэрствам інфармацыі, зь дзяржаўнымі выдавецтвамі, там трэба ўсіх адзначыць, усім даць дыплёмчыкі. І «Мастацтва кнігі», як я бачу, ператварылася ў такі міжсабойчык, дзе статутная роля гэтай прэміі паціху зьнікае.
— «Я не люблю ілюстраваць клясыку», — гэта твае словы. Адкуль такая нелюбоў да клясычнай літаратуры?
— Пры ілюстраваньні клясыкі мастак шмат у чым абмежаваны. Клясычны раман — гэта настолькі цяжкавагавая і самадастатковая вобразная адзінка, што мастак там можа быць лішні, а ілюстрацыі — нават нашкодзіць.
— І гэта кажа чалавек, які ілюстраваў Шэксьпіра!
— Так, я даволі шмат ілюстраваў Шэксьпіра. Аднаго «Караля Ліра» двойчы. Кнігу для падлеткаў і юбілейнае выданьне. Зь беларускіх клясыкаў я ілюстраваў раман Уладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Горадні» — гэта была мая дыплёмная праца. І хоць тады мне паставілі «пяцёрку» ізаўважылі на акадэмічнай катэдры графікі, я тымі ілюстрацыямі сёньня не задаволены. Усё трэба было рабіць іначай.
— А як рухаецца сумесная з Алесем Краўцэвічам праца — жыцьцяпісы вялікіх князёў літоўскіх?
— З Алесем мы зрабілі добрую кнігу «Рыцары і дойліды Горадні», якая была прысьвечана Вітаўту Вялікаму. Перад гэтым ён з Уладзімерам Лукашыкам выдаў кнігу пра Міндоўга, а ня так даўно разам зь Ігарам Гардзіёнкам — пра Гедыміна. Цяпер на чарзе Войшалк, і я ўжо распачаў працу.
— Ты выкладаеш у Беларускай акадэміі мастацтваў. Які самы галоўны наказ моладзі ад Татарнікава-настаўніка?
— Літаральна колькі дзён таму, перад закрыцьцём маёй выставы ў Горадні, у мяне там была майстар-кляса, сустрэча з навучэнцамі мастацкага каледжу. Было шмат пытаньняў, размаўлялі доўга. А прыканцы я ім сказаў: «Паважаныя калегі! Ніколі, ні ў якім выпадку, ні пры якіх абставінах не расказвайце свайму замоўцу пра тое, што вы хочаце намаляваць. Бо ў некаторых людзей фантазія можа быць больш разьвітая, чым у вас. Вы прынясеце свае малюнкі, а ён свой вобраз ня зможа сумясьціць з вашым. Прасьцей сказаць: «Я нічога не зрабіў, прынясу наступным разам». Вось такі мой наказ моладзі — не дзяліцеся задумай, пакуль не ажыцьцявілі яе, будзьце асьцярожныя з пакуль няспраўджанай марай.