Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 27–28 лістапада наведвае з афіцыйным візытам Беларусь. Гэты прыезд, у адрозьненьне ад трох папярэдніх ягоных паездак у Беларусь, нечаканы, бо раней было афіцыйна заяўлена, што Аліеў наведае Беларусь у 2016 годзе.
Прычыну нечаканага зьяўленьня ў Менску прэзыдэнта Азэрбайджану трэба шукаць у заяве віцэ-прэм’ера Алі Ахмедава, які сказаў, што «азэрбайджанскі бок гатовы зрабіць неабходныя крокі ў рамках сяброўскіх дачыненьняў з Турэччынай і Расеяй дзеля як найхутчэйшай ліквідацыі непатрэбнай напружанасьці паміж імі», — адзначае ў размове са Свабодай кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Навуковец зьвяртае ўвагу яшчэ і на тое, што Ахмедаў пры гэтым называе Турэччыну «братэрскай краінай і стратэгічным саюзьнікам», а Расею — «бліжэйшым суседам». У Беларусі таксама добрыя дачыненьні і з Расеяй, і з Турэччынай. Але калі Азэрбайджан схіляецца бліжэй да Турэччыны, то Беларусь — да Расеі. А вось разам Аліеў і Лукашэнка могуць правесьці супольную акцыю замірэньня Масквы і Анкары:
«Аліеў можа, у прынцыпе, і сам прэтэндаваць на ролю міратворцы. Гэта падвысіць ягоныя акцыі на міжнароднай арэне. Але Аліеву было б добра падмацавацца яшчэ кімсьці. І гэты хтосьці — Лукашэнка. Улічваючы адмысловыя дачыненьні Беларусі з Расеяй, Аліеў і Лукашэнка могуць зрабіць зусім неблагі тандэмчык. Менавіта тандэм пасярэднікаў.
Пакуль цяжка сказаць, наколькі гэта стане рэальным, і галоўнае — эфэктыўным. Час пакажа. Але я думаю, што Азэрбайджан зусім не выпадкова заявіў пра сябе як пра пасярэдніка. Адчуваецца, што да гэтай ініцыятывы прыклала руку і кіраўніцтва Турэччыны. У прынцыпе, яно не зацікаўленае ў канфлікце з Масквой. І разам з тым яно заяўляе, што пазыцыя Анкары па прынцыповых пытаньнях, напрыклад, падтрымкі туркмэнаў, якія жывуць на тэрыторыі Сырыі, будзе цьвёрдай. Турэччына праз Азэрбайджан закідвае вудачку, а Азэрбайджан заручаецца падтрымкай Беларусі, каб дзейнічаць у гэтым пытаньні сумесна».
Гісторык Красулін кажа, што супольныя дзеяньні кіраўніцтва некалькіх былых савецкіх рэспублік на міжнароднай арэне могуць мець нядрэнную пэрспэктыву:
«Такія схемы і такая дзейнасьць былых рэспублік СССР, якія знаходзяцца на захад і на поўдзень ад Расеі, можна толькі вітаць. Пры добрым падмурку і, скажам так, пры добрых арганізацыйных момантах і мэтах можна ператварыцца ў добрых гульцоў на міжнароднай арэне. Якраз Аліеў і Лукашэнка могуць выступіць супольна. І гэта ня змогуць праігнараваць у Крамлі».
Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Азэрбайджану, то таваразварот паміж імі невялікі. Але тут ёсьць свае асаблівасьці, пра якія нельга забывацца, — мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:
«Менавіта Аліеў уратаваў Лукашэнку ў 2010 годзе, калі ў Беларусі быў з Расеяй нафтавы канфлікт. Тады Менск дамовіўся пра своп нафты з Вэнэсуэлай, а Аліеў пазычыў Лукашэнку неабходныя грошы. У Аліева і цяпер шмат грошай, і ён можа іх зноў іх выдаць.
У прэзыдэнта Азэрбайджану надзвычай добрыя стасункі з прэзыдэнтам Турэччыны Эрдаганам. Аліеў спадзяецца на асаблівую ролю Лукашэнкі ў арганізацыі сустрэчы паміж кіраўніцтвам Расеі і Турэччыны. І, магчыма, такое спатканьне прайшло б у Менску. І тады была б другая менская сустрэча. Як кажуць, 2:0 на карысьць Менску».
Папярэдняя сустрэча Аліева і Лукашэнкі прайшла сёлета ў чэрвені ў Баку, калі Лукашэнка быў у Азэрбайджане з працоўным візытам, у рамках якога ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў. Афіцыйныя візыты Аліева ў Беларусь праходзілі ў 2006, 2009 і 2012 гадах. Лукашэнка наведваў Азэрбайджан з афіцыйнымі візытамі ў 2007, 2010 і 2013 гадах.