Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч сфатаграфавалася з хлопцам, апранутым у майку з расейскім імпэрскім сьцягам і гербам.
Фотаздымак разьмясьціла суполка «Мы патрыёты Белай Русі».
Для некаторых чытачоў гэта было настолькі нечакана, што яны ўспрынялі гэты фотаздымак як фэйк. Аднак Тацяна Караткевіч апавяла карэспандэнту Свабоды, што гэты фотаздымак сапраўдны:
— Я была на пікеце ў Воршы, куды падыходзілі розныя людзі з рознымі пытаньнямі. Гэты хлопец таксама падыходзіў, ён падпісаўся за мяне. І папрасіў сфатаграфавацца. Мы размаўлялі зь ім, ён спрачаўся з намі наконт гісторыі і сьцяга. Я спрабавала яму ветліва данесьці сваю пазыцыю. Ён быў ветлівым і спрабаваў разабрацца. Ён не разумеў, чаму ВКЛ мы лічым часткай нашай гісторыі. Аднак ён пагаджаўся з БНР, і гэта быў прагрэс. Мы нядоўга размаўлялі. Ён папрасіўся сфатаграфавацца, і я сфатаграфавалася, бо я фатаграфуюся з усімі людзьмі, хто размаўляе, падпісваецца ў пікетах, хто гэтага просіць. Бо гэта мой прынцып: быць адкрытым палітыкам, гатовым да дыялёгу. І гэта вельмі важна.
— А вы не думалі, што гэтая імпэрская сымболіка на фотаздымку можа быць скарыстаная супраць вас?
— Магчыма. Але да мяне могуць гэтак жа падысьці людзі, якія прадстаўляюць іншыя партыі. І што, я павінна быць закрытай і адмаўляць?! Ён нічога дрэннага мне не сказаў, я не адчувала, што ён нясе для мяне нейкую пагрозу. Ён грамадзянін Беларусі і мае свой пункт гледжаньня. Мы сутыкнуліся з тым, што гэта актыўны чалавек, які прыйшоў на пікет і ўдзельнічае ў выбарчым працэсе. Так, для мяне яго пункт гледжаньня незразумелы. Але ён мае вось такія погляды. Я проста ўбачыла ў гэтым пэрспэктыву, што можна і трэба размаўляць. Бо наша гісторыя вялікая, мы павінны ёй ганарыцца. На жаль, сёньняшняя прапаганда, да таго ж у нас пануюць расейскія СМІ, інакш прадстаўляе гэтую гісторыю. А калі яшчэ няма іншага альтэрнатыўнага меркаваньня, і з боку дзяржавы пэўныя часткі гісторыі сьціраюцца, замоўчваюцца, то ўзьнікаюць вось такія маладыя людзі, якія не вызначаюць свае прабелы. І зь імі трэба размаўляць, а не адштурхоўваць.
Тацяна Караткевіч сказала, што ставіцца нэгатыўна да імпэрскага сьцягу:
Гэта ня мой сьцяг. Мой сьцяг — бел-чырвона-белы, гэта наш сьцяг, ён мне падабаецца
— Гэта ня мой сьцяг. Мой сьцяг — бел-чырвона-белы, гэта наш сьцяг, ён мне падабаецца. Але трэба паважаць і іншыя сымболікі, калі яны не зьвязаны з імпэрскасьцю. Бо я іншай будучыні жадаю для нашых беларусаў і для сябе.
Тацяна Караткевіч расказала, што мае беларускую вышыванку, майкі з «Пагоняй» ня мае, але мае «Пагоню» на машыне, у хаце, у сэрцы.
А што тычыцца фотаздымка з хлопцам у майцы з імпэрскай сымболікай, то, паводле Караткевіч, сьведкамі гэтага былі Алесь Шутаў ды іншыя ўдзельнікі пікету:
— Самае галоўнае, сёньня народ патрабуе павагі. Ня трэба зьневажаць адзін аднаго, напачатку з такіх простых рэчаў, як сымболіка. Ну хоча гэты хлопец, ён апрануў гэту майку. Як псыхоляг я разумею, што гэта выклік — маўляў, паразмаўляйце са мной. Але ён паводзіў сябе ветліва, і я ня бачыла ніякіх прычын, каб яго абражаць. Тым больш, што ён за мяне падпісаўся і актыўна ўдзельнічаў, размаўляў са мной. Я думаю, што нехта, можа, і выкарыстае гэты фотаздымак, каб навязаць мне нейкія пазыцыі, якіх у мяне няма. Іх насамрэч няма. Але гэта ўжо справа тых людзей, якім гэта выгадна. Мяне гэта ня тычыцца.