Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І як цяпер жыць?» — За пратэрмінаваныя прадукты на 6 рублёў прадпрымальніцу аштрафавалі на 4725 рублёў


Тацяна Аляхновіч
Тацяна Аляхновіч

Фрунзенскі суд Менску вынес рашэньне па адміністрацыйнай справе менскай прадпрымальніцы Тацяны Аляхновіч, былой уладальніцы міні-кавярні ў менскім гандлёвым цэнтры на вуліцы Ляшчынскага.

Судзьдзя Ганна Буйноўская прызнала прадпрымальніцу вінаватай у двух адміністрацыйных парушэньнях — правілаў гандлю і гандлі пратэрмінаванымі прадуктамі — і аштрафавала сукупна на 225 базавых велічынь, што складае 4725 рублёў новымі грашыма. Гэта амаль 2,4 тысячы даляраў.

«Тут падобна на рэйдарскі захоп»

Міні-кавярню прадпрымальніца мусіла ў чэрвені прадаць, каб разьлічыцца за даўгі па арэндзе і пастаўках.

«Такіх грошай на штраф у нас з мужам няма, мы жывем у мамінай кватэры. Я ня ведаю, як разьлічыцца за такі штраф. Дзяржава кажа, што клапоціцца пра маладыя сем’і і прадпрымальнікаў, а насамрэч нас проста разарылі штрафамі», — казала ў судзе Тацяна Аляхновіч.

Яе справа падаецца назіральнікам дзіўнай.

«Тут падобна на рэйдарскі захоп. Чалавек пасьпеў папрацаваць усяго год, толькі пачаў наладжваць бізнэс, як прыйшла праверка Мінгандлю, і ў выніку бізнэс лопнуў, кавярня перайшла ў іншыя рукі», — мяркуе актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў.

Тацяна Аляхновіч у судзе таксама казала пра падазрэньні, што пазаплянавая праверка, якую ёй зладзілі кантралёры Мінгандлю, была кімсьці справакаваная, каб выціснуць яе з гандлёвага цэнтру і перахапіць бізнэс.

РФ ці Расейская Фэдэрацыя?

Агалошваньне ў судзе парушэньняў, знойдзеных кантралёрамі Ярашэвіч і Кульбакіным у гандлёвай кропцы ІП Аляхновіч, часам выклікала ў судовай зале сьмех. Прыкладам, што краіну, дзе быў выраблены тавар, пазначыла на цэньніку літарамі РФ замест пазначэньня Расея ці Расейская Фэдэрацыя. Ці што на бутэльцы соўсу часткова не чыталася інфармацыя. Альбо: не хапіла асартымэнту айчыннага піва — былі толькі дзьве маркі, а трэба ня меней за тры. І гэтак далей, усяго амаль 10 пунктаў.

Адметна, што Тацяна Аляхновіч не прызнала ніводзін пункт з выстаўленых ёй прэтэнзіяў і толькі пра адзін сказала, што ня ведала, што парушае ўсталяваны парадак, але пасьля заўвагі неадкладна паправіла. Гаворка пра тое, што на раскладзе працы кавярні не было пазначана, калі будзе санітарны дзень. Іншыя прэтэнзіі прадпрымальніца рашуча абвяргала. Прыкладам, адносна захоўваньня ў адной лядоўні сьвежых прадуктаў нібыта разам з пратэрмінаванымі. Прадпрымальніца даводзіла, што мела ў падсобцы адразу дзьве лядоўні: адну для сьвежых харчоў, другую — для пратэрмінаваных, на якой гэта і было пазначана.

«Таму прадукты, якія там знайшлі кантралёры (ўсяго на 6,3 рубля) ніяк не маглі захоўвацца разам са сьвежымі».

Паводле Тацяны Аляхновіч, кантралёры, якія прышлі з праверкай у яе міні-кавярню, былі адразу настроеныя перадузята. Прыкладам, прадпрымальніца згадала, як тлумачыла кантралёрам, што асартымэнту салатаў не хапае з-за паломкі абсталяваньня ў пастаўшчыка і што салаты вось-вось прывязуць. Паводле яе слоў, падчас праверкі пастаўшчык сапраўды прывёз салаты, але кантралёры гэта адмовіліся ўлічыць.

Рэвізоры на гэта казалі ў судзе, што ня памятаюць большасьці тлумачэньняў, якія давала ім падчас праверкі Тацяна Аляхновіч.

Суд не захацеў глядзець відэа зь Youtube

Судзьдзя правярала паказаньні прадпрымальніцы праз апытаньне сьведак, якімі ў судзе былі тыя самыя кантралёры, што і выявілі «парушэньні» ў міні-кавярні Тацяны Аляхновіч. Зь іх паказаньняў вынікала, што прадпрымальніца паўсюдна хлусіць. У тым ліку калі казала, што папярэджвала пра вядзеньне відэазапісу ў гандлёвым цэнтры. Калі ж прадпрымальніца хадайнічала, каб суд прагледзеў гэтае відэа праверкі, судзьдзя ў гэтым адмовіла. Між тым Тацяна Аляхновіч мяркуе, што праверка ад пачатку праводзілася з парушэньнямі, і гэта на відэа добра бачна. Паводле Тацяны Аляхновіч, відэа з праверкай, якую ўчынілі ёй кантралёры Мінгандлю, можна праглядзець ў інтэрнэце на youtube.com.

Прадстаўніца Мінгандлю ў судзе Натальля Васілеўская заявіла суду, што праверка гандлёвай кропкі Тацяны Аляхновіч была праведзеная паводле закону, а яе словы ў сваю абарону не адпавядаюць рэчаіснасьці. Сама Натальля Васілеўская на праверцы не была, але, паводле яе слоў, добра разабралася ў сытуацыі і цалкам давярае сваім калегам.

Абарона: страты на 3 даляры — нязначныя

Адвакат прадпрымальніцы Леанід Лабкоўскі заклікаў суд спыніць вытворчасьць па справе, бо, на ягоную думку, у дзеяньнях Тацяны Аляхновіч не было складу правапарушэньняў. На думку абаронцы, недахопы, на якія ўказалі кантралёры, паводле памеру зусім нязначныя.

«Закон дазваляе ўлічыць нязначнасьць такіх недахопаў, як пратэрмінаваныя прадукты на 63 тысячы рублёў старымі грашыма. Гэта ж усяго на 3 даляры», — заўважыў адвакат.

Прадпрымальніца зьбіраецца абскардзіць рашэньне Фрунзенскага суду, але, мяркуючы па яе сьлязах пасьля працэсу, мала верыць у перамогу. Тацяна Аляхновіч распавяла пра свае пакуты:

«Зімой у нас было мала наведнікаў, бо хто там зімой ходзіць, тым больш харчуецца. Працавалі сабе ў страту, спадзяваліся, што летам нешта заробім і кампэнсуем. Але 1 красавіка здарылася гэтая праверка. Потым на месяц я трапіла ў шпіталь, бо гэта ўсё адбілася на здароўі. Як выйшла, аказалася, што запасы прадуктаў сапсаваліся, арэндадаўцы кошты арэнды ня зьнізілі, не ўлічылі майго становішча. Каб за ўсё разьлічыцца, давялося бізнэс прадаць. І як цяпер жыць?»

У мэдыі ўсё часьцей трапляюць драматычныя гісторыі прадпрымальнікаў, якія спазналі санкцыі кантралюючых органаў. Найбольшы розгалас атрымала гісторыя гомельскай прадпрымальніцы Тацяны Дупанавай, якая раніцай 21 чэрвеня скончыла жыцьцё самагубствам напярэдадні суду, які мусіў разгледзець справу аб канфіскацыі яе тавару за парушэньні правілаў гандлю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG