Кантралёры ў грамадзкім транспарце ў Менску цяпер будуць працаваць ад 5-й гадзіны раніцы да 1-й ночы, перадае «Менск-навіны» заяву дырэктара «Менсктрансу» Лявонція Папянка. Па якім рэжыме працавалі кантралёры раней, не ўдакладняецца, але сьцьвярджаецца, што пачыналі працаваць «значна пазьней» і сканчалі працу «раней».
Мера, як сьцьвярджаецца, скіраваная на зьмяншэньне колькасьці безьбілетнікаў (у народзе — «зайцаў»). Пакуль жа папярэднія меры (скасаваньне форменных камізэлек кантралёраў, удзел дружыньнікаў і ўжываньне відэарэгістратараў) адчувальна павялічылі «зборы» са штрафаў.
За першыя 11 месяцаў 2017 году ў Менску «зайцы» сплацілі ў дзяржаўны бюджэт штрафаў на суму «больш за 900 тысяч рублёў» (адзін штраф — 0,5 базавай велічыні, цяпер гэта 11,5 рублёў).
Сума штрафаў у 5,4 раза большая, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, а аштрафавана ў 4,8 раза больш людзей, хоць, як сьцьвярджаецца, кантралёры праверылі менш рухомых адзінак.
Да 2014 году ў менскім транспарце часьцей працавалі не кантралёры, а кандуктары, якія правяралі аплату за праезд і прадавалі пасажырам квіткі. Але ад верасьня 2014 году, з увядзеньнем электроннай сыстэмы валідатараў, кандуктараў масава перавялі ў кантралёры — хоць некаторыя кандуктары не хацелі станавіцца кантралёрамі нават пад пагрозай страты жытла.
У студзені-лістападзе, паводле Белстату, беларусы сталі езьдзіць на грамадзкім транспарце радзей, але на большыя дыстанцыі: колькасьць пасажыраў скарацілася на 2,4% да аналягічнага пэрыяду мінулага году, але колькасьць «пасажыра-кілямэтраў» павялічылася на 1,9%.