Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міратворцаў зь Беларусі на Данбасе быць не павінна», — Шушкевіч пра гутарку з Парашэнкам


Станіслаў Шушкевіч падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве
Станіслаў Шушкевіч падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч пагутарыў з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Сустрэча адбылася 22 лютага падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве. Станіслаў Шушкевіч прадстаўляў на ім Беларусь.

Пра зьмест гутаркі Станіслаў Шушкевіч распавёў Свабодзе.

— Ці была ў вас магчымасьць падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам абмеркаваць нейкія пытаньні асобна?

— Ведаеце, мы абмяркоўвалі ўсе праблемы, якія стаяць перад намі. Хутчэй, калі Парашэнка тлумачыў, чаму ён кантактуе з Лукашэнкам, я сказаў, што ня бачу ў гэтым нічога дрэннага, таму што трэба кантактаваць з тымі, хто мае рэальную ўладу на месцы. Ён асьцерагаўся, што я буду яго асуджаць за гэта. Але толькі такім чынам можна вырашыць пытаньні, у якіх зацікаўленая Ўкраіна. Толькі такая была гаворка.

— Ці абмяркоўвалася на сустрэчы магчымасьць удзелу Беларусі ў міратворчай апэрацыі на Данбасе?

— Вось тут катэгарычна, і Парашэнка пасьля гэтага сказаў, і я гэта сказаў, што ня можа быць міратворцаў з той краіны, якая есьць хаўрусьнікам агрэсара. Беларусь, праз АДКБ і праз пагадненьне аб так званай Саюзнай дзяржаве, фактычна мае адзінае вайсковае фармаваньне з Расеяй, таму міратворцаў зь Беларусі ня можа быць. Краіна-агрэсарка ня можа накіроўваць міратворцаў ва Ўкраіну.

— Парашэнка падтрымаў такую пазыцыю?

— Лепш запытаць у яго. Не было патрэбы, каб ён падтрымаў гэта ўсё. Я перакананы, што ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтай размове, былі з гэтым згодныя.

Станіслаў Шушкевіч і Пятро Парашэнка
Станіслаў Шушкевіч і Пятро Парашэнка

— Наконт вашага ўдзелу ў Балтыйска-Чарнаморскім форуме. Вядома, што першая ініцыятыва пра стварэньне такой супольнасьці паходзіла ад дэпутатаў БНФ, калі вы былі кіраўніком парлямэнту, але тады вы не падтрымалі адпаведнай ініцыятывы.

— Тое, што выказваў БНФ, 200 гадоў таму выказалі іншыя дзеячы і ў Польшчы, і ў іншых краінах. Вось калі вы будзеце чытаць Навумчыка, то наагул усё добрае зрабіў БНФ, а ўсё дрэннае — Шушкевіч.

— Дык вы ў 90-я ўспрымалі гэтую ідэю ці не?

— У той трактоўцы, у якой тады ішла размова, гэта — Вышаградзкая група, і мы ня мелі да яе дачыненьня. А Беларусь ад мора да мора, як хацеў Пазьняк, — няхай ён так і хоча. Я так яго разумеў.

— Вы не адчуваеце, што тады памыляліся?

— Абсалютна. Не было адпаведнай размовы і не было да чаго далучацца. Гэта была такая ідэя на ўзроўні — «вось мы зробім цуд, а як гэта рабіць — няхай робяць іншыя». Заўважце, БНФ ніколі не займаўся канкрэтнай працай. Іх запрашалі, дарэчы, на пасады і культурныя, і міністэрскія, але яны хацелі даваць парады іншым. Хто зь іх калісь далучыўся да нейкай канкрэтнай справы? Адзін, можа, толькі Трусаў з Таварыствам беларускай мовы зрабіў канкрэтную справу. Ён працуе і нешта робіць.

— На вашу думку, ці ёсьць цяпер шанец, што Балтыйска-Чарнаморскі форум можа прынесьці практычную карысьць і да яго далучацца і цяперашнія, а ня толькі былыя кіраўнікі рэгіёну?

— Ці можа быць карысьць з гэтай структуры? Мне здаецца, так. Што да мяне, я займаюся і выкладчыцкай дзейнасьцю, то для мяне тут адкрываюцца вочы на шмат якія праблемы. Я б, напэўна, наўрад ці так старанна вывучаў мэмарандум Рымскага клюбу, а тут, на форуме, мы змаглі гэта абмеркаваць і зрабіць пэўныя высновы. Карысьць ёсьць і сёньня, і надзея, што яна будзе і ў далейшым, таксама ёсьць.

На форуме, арганізаваным Нацыянальным інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў, Украіну прадстаўляюць Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка, Беларусь — Станіслаў Шушкевіч, Баўгарыю — Пётар Стаянаў, Літву — Вітаўтас Ландсбэргіс, Латвію — Валдзіс Затлерс, Малдову — Пэтру Лучынскі, Польшчу — Аляксандар Квасьнеўскі. Прэзыдэнт форуму — Генадзь Бурбуліс.

Раўкоў: Беларусь гатовая накіраваць міратворцаў на Данбас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG